Бясконца чароўная... Аўтарскi праект Уладзiмiра Цвiркi. Нябёсы

Нябёсы

Сустрэча адбылася выпадкова. Амаль што нос у нос сутыкнуўся са сваiм добрым знаёмым архiтэктарам каля будынка Чырвонага касцёла. Вырашылi трошачкi пасядзець у блiжэйшай кавярнi, балазе для гэтага ў нас было крыху вольнага часу.


Ранак няспешна цягнуўся па бруку ды асфальце, адорваючы сваёй амаль неадчувальнай прахалодай i гэтую вулiцу, i горад, i веранду кавярнi, на якой мы сядзелi з сябрам.

Ад кубкаў бруiўся такi непаўторны пах кавы, перамешаны з пахам кветак, якiя былi побач у вялiзных гаршках уздоўж тратуара.

Больш за ўсё мяне зацiкавiў даволi прасторны кавалак неба памiж блiжэйшымi дамамi тым, што ён так iмклiва змяняў сваю пастэльную афарбоўку, запазычаную ў мiнулай начы, i, мабыць, губляў яе дзякуючы нястрымнаму руху сонца.



Заўважыўшы маю зацiкаў­ленасць менавiта гэтай з’явай, нечакана для мяне мой сябар пачаў з вялiкiм захапленнем расказваць пра зусiм нядаўнюю сваю паездку ў вёску на Палессi да бацькоў сваёй жонкi, з якой ён лiтаральна месяц таму пабраўся шлюбам.

Чым далей ён вёў свой расповед, па яго твары, па жэстыкуляцыi яго рук, па тым iмкненнi выкарыстаць нязвыклыя для яго прафесiйнага лексiкону словы тым болей я разумеў яго непараўнальнае ўражанне ад таго, што ён там убачыў ды пры гэтым адчуў усёй сваёй душой неблагога мастака i наогул творчай асобы.


I што ж яго так уразiла? Нябёсы! Звычайныя, прабачце, але на самай справе незвычайныя вясковыя нябёсы, якiм там, у нашай чароўнай глыбiнцы нiшто не замiнае, а нават спрыяе раскрыццю iх казачнай прыгажосцi ў разнастайнасцi тых колераў i адценняў, якiмi менавiта там, у вёсцы, нябёсы былi неверагодна ўпрыгожаны.

Я паводзiў сябе як уважлiвы i вельмi зацiкаўлены суразмоўца, а гэта значыць, маўчаў ды слухаў, слухаў ды маўчаў.

— Даражэнькi мой, ты нават сабе не ўяўляеш, — пачаў мой сябар, — якая прыгажосць i неверагоднасць, якая маляўнiчасць i непаўторнасць, менавiта непаўторнасць ды яшчэ фантастычная разнастайнасць тых выяў i фарбаў, якiя, бадай, кожны вечар i ўранку адорвалi мяне гэтым хараством. Уяўляеш, — працягваў ён, — адзiн час я нават забыў пра фотаапарат, проста глядзеў. А занатоўваў толькi ў зрокавай памяцi ды ў сэрцы.



 Мне настолькi спадабалiся апошнiя словы, што я нават пра сябе паўтарыў з задавальненнем — занатоўваць у сэрцы! Ну цi не прыгожа! Значыць, так уразiла чалавека ўбачанае, што з яго вуснаў палiлася амаль што паэзiя.

Можа б, i не зразумеў я яго, не ўявiў тыя пачуццi i настрой, каб i сам, быўшы ў вёсцы цi на сваёй радзiме, цi ў розных мясцiнах амаль што ўсёй Беларусi, не адчуваў, не бачыў на ўласныя вочы тое хараство, якiм так моцна ўразiлi нябёсы ўсiх тых, хто хоць на хвiлiнку задзiраў галаву ўгару i глядзеў бы, здаецца, без перапынку на той прыродны цуд, якi вiсеў лiтаральна над нашымi галовамi. Не так высока i не так далёка, а, бадай, вось тут, над нашым садам, над рэчкай, над дрэвамi, над кожнай нашай вясковай хатай, над кожным з нас.


— Спачатку, — дзялiўся сваiмi ўражаннямi архiтэктар, — мяне неверагодна кранула хараство вясковых ранкаў ды вечаровых надыхо­дзячых змрокаў той разнастайнасцю карцiн. Яны i сёння стаяць перад маiмi вачыма. I нават сон быў аднойчы з iмi, каляровы!

Ты думаеш, я перабольшваю, фантазiрую як творчая асоба? Не! Каб ты, як гарадскi жыхар, быў разам са мной, ты б сам адназначна пераканаўся, што гэта не выдумкi. Вось куды трэба неадкладна выязджаць на пленэры мастакам ды наогул творчым натурам, нават пiсьменнiкам i паэтам. Цi ж можна пра гэта напiсаць, хаця б адзiн раз не ўбачыўшы ў жыццi? Дарэчы, як зацiкавiшся, у наступны раз вазьму цябе з сабою. Далей — болей. Праз нейкi час я зразумеў, што i на працягу дня нябёсы, калi хочаш, iх твар незвычайна разнастайны, змяняе свой настрой, характар, мiмiку лiтаральна кожнае iмгненне. Дарэчы, узяўшы ў рукi фотаапарат, неўзабаве я зразумеў, што аб’ектыў яго забiрае, перакрывае даволi вялiкую частку той неверагоднай прыгажосцi. Хаця дзякуючы менавiта фотаапарату тыя захапляльныя вiды нябёсаў у мяне ў кiшэнi, i я магу ў любы час паглядзець здымкi. I ўсё ж лепш за ўсё назiраць за iмi ўвачавiдку, без пасрэднiка-фотаапарата.



Нечакана сябар замаўчаў, падняўшы вочы да ўжо добра падсвечаных нябёсаў над дахамi дамоў праз шчыльнае перапляценне нейкiх дротаў, асвятляльных стаўбоў, безлiчы вялiкiх ды маленькiх рэкламных шчытоў, якiя настойлiва неслi цi патрэбную нам заўсёды iнфармацыю.

— Вось глядзi, — трошачкi сцiшаным голасам загаварыў мой знаёмы:

— Мы, жыхары гэтых бетонных джунгляў, вышэй гэтай рэкламы, у большасцi сваёй, i не падымаем вачэй. Ухапiлi наступную порцыю звестак i далей, пад ногi, каб бачыць, куды ступаеш, каб не павалiцца.

А там!.. Вядома ж, мы не сядзелi склаўшы рукi i толькi пялiлiся ў вышыню. Перарабiлi працы — толькi трымайся, дапамаглi бацькам змястоўна. Але ж i нябёсы! Наглядзелiся iмi! Напрыклад, для мяне гэта было нечакана, а таму так прыемна, незабыўна i нават павучальна. Трэба часцей, часцей падымаць вочы на хараство небасхiлу. I гэта магчыма толькi там, за горадам, у нашай неверагодна кранальнай глыбiнцы.

Слухай, а чаго гэта ты ўсё маўчыш? Бачу, што зацiкавiўся маiм расповедам, маiмi ўражаннямi?

Так, я маўчаў. Не ведаў, як, не пакрыўдзiўшы майго знаёмага, сказаць, што я амаль чвэрць свайго жыцця правёў пад гэтымi нябёсамi. А яшчэ таму маўчаў, каб зноў i зноў слухаць пра iх з чужых вуснаў i суцяшаць сябе, што калi бачыў iх, не памыляўся, не перабольшваў, не хлусiў сабе ў сваiх пачуццях.

v-cvirko@bk.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter