Няўрымслівы майстар,

альбо Пра тое, як пасябраваў Віктар Цой з Білам Клінтанам...

Сякера, піла, стамеска. Менавіта гэтымі простымі і звычайнымі інструментамі вырабляе свае творы сапраўды народны мастак Ігар Скаронны (на здымку). Ён майстар-самавучка, які больш за сорак гадоў займаецца стварэннем драўляных скульптур. Не на продаж, а для душы. Цяпер іх больш за сто пяцьдзясят. Шмат з гэтых работ, якiя знайшлi пачэснае месца ў жывапісным гарадскім асяродку, былі падараваны ім родным Горкам.

Сёння яму семдзесят пяць, але душа майстра, нягледзячы на ўзрост, застаецца маладой і захапляльнай, знаходзіцца ў няспынным пошуку прыгажосці і гармоніі. Аб гэтым сведчыць і тое, з якім густам і фантазіяй ён уладкаваў свой уласны дом і прылеглую да яго тэрыторыю. Суседзі глядзяць на вырабы ды прыдумкі мастака і імкнуцца зрабіць свой побыт і жыццёвы асяродак больш прывабнымі.

— Варта толькі пільна ўглядзецца ў навакольную прыроду, яе фантастычныя краявіды, багатыя на незвычайныя формы дрэвы — і кампазіцыя гатова. Астатняе — справа тэхнікі, — разважае аб любімым захапленні Ігар Іванавіч. — Можна ў простым камяні ўбачыць чароўную істоту альбо экзатычную жывёліну.

Да выхаду на пенсію самабытны горацкі рэзчык па дрэву працаваў электрыкам, сталяром у Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, але свае незвычайныя «садавінныя» дызайнерскія кампазіцыі ён прыдумляе пастаянна, колькі сябе помніць.

Да рэспубліканскага фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2012» каля Дома культуры Горацкай сельгас-акадэміі мастак арганізаваў імправізаваную выставу драўляных скульптур пад адкрытым небам. Гэта вельмі спадабалася ўдзель-нікам і гасцям свята, якія нястомна фатаграфаваліся на памяць каля фігурак Віктара Цоя, лесавіка, Біла Клінтана, вулічнага музыкі і горкага п’яніцы, што заклаў за бутэльку апошнія штаны.

— Хачу, каб у людзей быў заўсёды добры настрой, пачуццё гумару і жаданне жыць, — пракаменціраваў адкрыццё вулічнай экспазіцыі Ігар Іванавіч.

Трэба сказаць, што яму гэта ўдалося…

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter