Ну, заяц… жывi!

Люблю слухаць паляўнiчых. Праўда, не тых сквапных, што думаюць толькi пра адно — прынесцi дамоў здабычу...

Люблю слухаць паляўнiчых. Праўда, не тых сквапных, што думаюць толькi пра адно — прынесцi дамоў здабычу. Для мяне цiкавыя людзi, у якiх гэты занятак — перш-наперш добрая магчымасць пабываць на прыродзе, адчуць яе прыгажосць, убачыць, калi пашанцуе, нешта незвычайнае, падчас загадкавае ў жыццi яе насельнiкаў.

Менавiта з такiм чалавекам, Вячаславам Аблажэем, супрацоўнiкам Мiнiстэрства прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя Беларусi, мне давялося амаль дзесяць дзён разам знаходзiцца ў адной бальнiчнай палаце.

— Калi шчыра, дык я зусiм i не паляўнiчы, — гаварыў Вячаслаў Паўлавiч. — I мае сябры, надта заўзятыя, такое ведаюць. Здараецца, возьмем лiцэнзiю, паедзем у лес, усiм шанцуе, а я вяртаюся дамоў з пустымi рукамi. Мужыкi кпяць з мяне: маўляў, толькi грошы выкiнуў за лiцэнзiю, дый стрэльбу, вiдаць, дарэмна купляў. Я зусiм не крыўдую. Для мяне самае прыемнае i цiкавае ў гэтай сiтуацыi — пахадзiць па лесе, па полi, па лузе. Убачыць таго ж, скажам, аленя, цi лася, цi зайца, палюбавацца iмi. I што, як вы думаеце, найбольш важна iм сказаць?

— Не ведаю, дый не зразумеюць звяры вашых слоў...

— Слоў, вядома, не, але ж вельмi разумеюць паводзiны чалавека ў моманты, калi iм пагражае бяда. Яны тонка адчуваюць, якiя намеры мае той жа паляўнiчы. Вось i кажу iм: жывiце на здароўе, добрыя звяры. Ну а яны iншы раз выкiнуць такое, што будзеш альбо ўражаны, альбо здзiўлены. А то смех такi разбярэ, што доўга ў добрым настроi ходзiш. Вось, напрыклад, якi смешны выпадак здарыўся аднойчы ў мяне з зайцам.

Як толькi пачаўся сезон палявання на iх, паехаў я да шырокага поля, засеянага азiмiнай. Добра ведаў, што зiмой тут, у ямiнах, памiж скiбамi ўзаранай зямлi, вельмi любяць адпачываць зайцы. Цёпла, утульна, дый бяспека гарантавана: роўнае месца, нi кустоў, нi дрэў, добра вiдаць усё наваколле, так што, калi хто-небудзь тут з’яўляецца, заяц можа спакойна загадзя перабрацца ў iншае, бяспечнае месца.

Паволi iду па полi, крокi мае цiхiя, мяккiя, iх амаль не чуваць. Надвор’е цудоўнае, чыстае неба, ветру няма, пад сонцам зiхацiць снег. Прыгажосць такая, што не хочацца нiкуды спяшацца, толькi б правесцi больш часу сярод гэтага прыроднага хараства. Раптам бачу: у маленькай ямцы ляжыць заяц. Адразу спыняю хаду, застываю на месцы, стараюся не дыхаць. Няўжо, думаю, касы не пачуў маiх крокаў? Дзiўна ды i толькi, нават не верыцца ў такую зайцаву бяспечнасць, гэта ж зусiм не ў яго натуры. Асцярожна, як толькi магу, падыходжу да яго блiжэй...

Бачу, што заяц спiць. I ў гэты ж момант як шугане ўверх! Ну проста свечкай, прама перада мной. Я са здзiўленнем заўважаю, што вочы ў зайца яшчэ заплюшчаны. А пярэднiя лапы працуюць ну проста аўтаматычна. Вось дык дзiва: заяц мой яшчэ i не паспеў адчуць усю небяспеку для сябе, паўсонны яшчэ, а ўжо ад мяне паiмчаўся па полi i знiк.

А я стаю ўражаны i мяне разбiрае смех. Што ж ты, дакараю зайца, такi заўсёды асцярожны, а тут вось дапусцiў недаравальную бяспечнасць.

— Можа, ён стамiўся, таму i спаў так моцна? — кажу.

— Вiдаць, так, —  згаджаецца Вячаслаў Паўлавiч. — Але калi б на маiм месцы быў хто-небудзь iншы, якi за зайцам i прыйшоў на поле? А так ён здорава мяне рассмяшыў. I я сказаў: «Ну, заяц,.. жывi».

— Карацей, пашанцавала таму зайцу.

— Ды не толькi яму. Паўтараю: падстрэлiць нейкую птушку цi жывёлiну — не, не гэта мяне цягне ў лес, вабiць паляванне. Што ж датычыць зайцоў, то мне iх надта шкада, бо ў iх шмат ворагаў. Можа, i  «майго» зайца доўга ганялi злыя сабакi. Праўда, iм цяжка дагнаць касога, бо ён бяжыць наперадзе метраў за 250—300. Ды вельмi хiтра. Робiць «ускiдку», гэта значыць, раптам падскоквае высока i паварочвае то ўлева, то ўправа, каб заблытаць сляды. Такiя «манеўры» зайцу ўдаюцца: сабака раптам губляе яго след. Пакуль разбярэцца ў блытанiне, знойдзе той, якi яму патрэбны, заяц адбяжыць далёка, прысядзе i крыху адпачне. I так некалькi разоў. Вось i атрымлiваецца, што сабака гонiцца за касым без перадыху, а той  мае хоць некалькi мiнут, каб сэканомiць сiлы.

Яшчэ зайцы любяць рабiць кругi, зноў жа вельмi мудрагелiста пераплятаючы свае сляды. Ну, вобразна кажучы, зайцаў красворд ды i толькi для сабакi. Апошнi, збiты з панталыку, гойсае па гэтых кругах, стамляецца. Праўда, вопытныя паляўнiчыя добра ведаюць, што касы, як правiла, вяртаецца на тое месца, дзе  яго засталi. Таму i стаяць там, чакаюць.

Той касы, якi так рассмяшыў Вячаслава Аблажэя — заяц-русак. Улетку яго поўсць карычневата-шэрая, узiмку — пераважна шэрая. Вясновая лiнька канчаецца  ў маi, асенняя — у лiстападзе. Даўжыня —  да  77 сантыметраў, вага — каля пяцi кiлаграмаў. Русакi выбiраюць адкрытыя месцы для свайго жыцця: палi, яры, лясныя высечкi, узлескi. З лютага да жнiўня размнажаюцца: два-тры прыплоды, кожны па 1—5 зайчанятак.

Яшчэ ў нас водзiцца заяц-бяляк.

Корм зайцоў — раслiнны. Здабываюць ежу ноччу, той жа русак раскопвае снег на азiмiне ў палях. Днём касыя адпачываюць. Як бы нi стамiўся заяц, ён адразу не ўляжацца, калi ўбачыць добрае для сябе месцейка. Доўга пятляе, вяртаецца па свайму следу, робiць вялiкiя скачкi ўбок. Наблытае, наблытае, нарэшце  апошнi скачок — i заяц лёг адпачываць. Той жа русак на полi падобны на пянёк альбо камень, прыцярушаны снегам, яго вельмi цяжка заўважыць. Таму Вячаслаў Аблажэй i ўбачыў яго толькi тады, калi падышоў зусiм блiзка.

З даўнiх часоў зайцы — важны аб’ект пушнога промыслу на Беларусi. Адсюль iх нялёгкае, поўнае небяспекi жыццё, усе беды. Акрамя паляўнiчых, у касых яшчэ шмат iншых ворагаў: ваўкi, лiсы, сабакi, арлы, совы... Паспрабуй выратавацца ад iх. Дзякуй прыродзе, яна дала зайцу зайздросны спрыт i надзвычай хуткiя ногi. Калi за iм пагоня, то можа прабегчы за гадзiну ажно 70 кiламетраў.

На жаль рэдка якому зайцу так шанцуе, як таму, якога сярод азiмiны ўбачыў добры чалавек  Вячаслаў Аблажэй...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter