Новыя гарызонты «Героя працы»

Добрушская папяровая рэалізуе шэраг інвестыцыйных праектаў

Яшчэ раз пра экспартны патэнцыял папяровай фабрыкі на рацэ Iпуць

Уладальнік Гомельскага маёнтка генерал-фельдмаршал Іван Паскевіч быў, як прынята гаварыць сёння, чалавекам з дзяржаўным мысленнем (праўда, для таго часу больш падышло б слова «імперскім»). Можна толькі ўхваляць яго нечаканую ідэю «устроить фабрику для деланья писчей бумаги в Добруше». Аднак на тое, каб рэалізаваць задуму, спатрэбіўся не адзін год... Таму план графа ажыццяўляў ужо яго нашчадак — генерал-ад’ютант Фёдар Паскевіч.

Пачатак абсалютна новай вытворчасці ў тутэйшых мясцінах паклалі ў 1870 годзе завод драўнянай масы і купленая ў Англіі папераробчая машына. Спатрэбілася яшчэ два гады, каб адходы драўніны і рыззё ў ходзе перапрацоўкі пачалі ператварацца ў каштоўную прадукцыю — паперу для ўпакоўкі запалак і цукру, а пазней — для пісьма і друку.

Пройдзе яшчэ пяць гадоў, і фабрыка стане буйнейшым прамысловым прадпрыемствам Беларусі, атрымае права змяшчаць на сваіх вырабах Дзяржаўны герб Расійскай імперыі! З таго часу словы «першая» і «ўпершыню» надоўга ўкараняцца ў летапісе папяровай фабрыкі над ракой Іпуць.

Мяркуйце самі... Менавіта тут у якасці валакністага рэчыва ў вытворчасці паперы ўпершыню была выкарыстана салома, а ў 1889 годзе пабудавана першая ў Беларусі электрастанцыя з паравой машынай. Адсюль бярэ пачатак гісторыя першай тэлеграфнай станцыі і вытворчай лабараторыі на тэрыторыі нашай краіны... Ну а пра тое, што гэта прадпрыемства першым на тагачаснай тэрыторыі Расіі перайшло на 8-гадзінны рабочы дзень, можна прачытаць нават у падручніках па гісторыі.

Да кастрычніка 1917 года па аб’ёме вытворчасці і колькасці рабочых Добрушская папяровая фабрыка займала першае месца ў Паўночна-Заходнім прамысловым рэгіёне і мела свае гандлёвыя прадстаўніцтвы ў Вільні, Варшаве, Мінску і Кіеве...

Нацыяналізаванаму пасля рэвалюцыі ў кастрычніку 1922 года прадпрыемству нездарма далі ганаровую назву «Герой працы». Менш чым праз год пасля гэтага, якраз да 1 верасня, з яго канвеера сышлі першыя вучнёўскія сшыткі і альбомы для малявання.

Да свайго 100-гадовага юбілею славутая фабрыка «Герой працы» выпускала ўжо 67 працэнтаў саюзнай вытворчасці чарцёжнай паперы і 50 працэнтаў паперы для малявання. На прасторах СССР кожны сёмы вучань пісаў у сшытку, зробленым менавіта ў Добрушы.

Згадзіцеся, такімі вехамі біяграфіі можна ганарыцца!

Аднак апошнія дзесяцігоддзі аказаліся для былога папяровага гіганта ўжо не такімі плённымі. Праблемы ўзніклі з сыравінай і збытам прадукцыі. Старому абсталяванню патрабавалася тэхнічнае перааснашчэнне...

Цяпер Добрушская фабрыка «Герой працы» з’яўляецца філіялам ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Беларускія шпалеры» і стартавай пляцоўкай для рэалізацыі буйных інвестыцыйных праектаў.

— Напачатку была арганізавана вытворчасць офіснай паперы для лазерных і струменных прынтараў, афсетнага друку і капіравання, — расказвае намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце філіяла «Добрушская папяровая фабрыка «Герой працы» Аляксандр Каржоў. — Спадзяёмся, яна будзе канкурэнтаздольнай дзякуючы дастойнай якасці і больш таннаму кошту. Адным словам, аддзелу збыту і маркетынгу ёсць над чым працаваць.

Намеснік дырэктара па вытворчасці і тэхнічным развіцці прадпрыемства Наталля Малашэнка расказала пра два праекты з прыцягненнем замежных крэдытаў. Першы — рэканструкцыя з элементамі мадэрнізацыі папераробчай машыны 821.1 для выпуску двухслаёвай шпалернай паперы. Гэта не толькі імпартазамяшчальны праект, які дазволіць павялічыць вытворчасць з 60 да 100 тон паперы ў суткі, але і навацыя. Раней на фабрыкі «Гомельшпалеры» і «Беларускія шпалеры» падобная папера паступала з Расіі. Новы від прадукцыі і новы ўзровень якасці не толькі адкрые прадпрыемству новыя гарызонты, але і значна палепшыць умовы працы работнікаў фабрыкі.

На чарзе — будаўніцтва комплексу па вытворчасці трохслаёвага мелаванага і немелаванага кардону для ўпакоўкі з беленай хіміка-тэрмамеханічнай масы драўніны. Кардон гэты можна будзе выкарыстоўваць не толькі ў паліграфічнай, фармацэўтычнай, касметычнай галіне, але і ў харчовай, што надзвычай важна. І нядзіўна, што пераважная большасць яго будзе пастаўляцца на знешні рынак. Праект экспартна-арыентаваны. Увод комплексу, згодна з бізнес-планам, запланаваны на красавік 2015 года. Галоўным падрадчыкам інвестыцыйнага праекта з’яўляецца кітайская карпарацыя «Xuan Yuan Industrial Development». Згодна з дамовай, усе будаўніча-мантажныя і пусканаладачныя работы будуць весці кітайскія спецыялісты. У рамках рэалізацыі гэтага праекта жыхароў прыгожага горада Добруша чакае яшчэ адна прыемная навіна: будаўніцтва 156-кватэрнага жылога дома.

---------------------------------------

Каментарый у тэму

Тэхнічнае пераабсталяванне філіяла «Добрушская папяровая фабрыка «Герой працы» ўваходзіць у лік буйных інвестыцыйных праектаў Беларусі, расказалі ў канцэрне «Беллеспаперпрам». Нягледзячы на праблемы і цяжкасці, якія неаднаразова ўзнікалі, праграма мадэрнізацыі асноўных вытворчых фондаў працягваецца. Рэалізацыя новых праектаў дазволіць не толькі павысіць эфектыўнасць вытворча-гаспадарчай дзейнасці прадпрыемства, але і палепшыць умовы працы работнікаў, стварыць новыя працоўныя месцы.

Комплекс па вытворчасці мелаванага і немелаванага відаў трохслаёвага кардону поўнасцю закрые патрэбу ў імпарце падобнай прадукцыі ў краіну і будзе арыентаваны на экспарт. Перспектывы ў папяровай фабрыкі на рацэ Іпуць, можна сказаць, зайздросныя. «Герой працы» наважваецца пацвердзіць сваё высокае званне і стаць адным з буйных падаткаплацельшчыкаў Беларусі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter