Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Пра 500-годдзе беларускага кнігадрукавання згадвалі на літаратурным фестывалі

Новыя фарбы восені

Літаратурны фестываль “КрымБукФест-2017” праходзіў у Сімферопалі якраз 15 верасня — і ў той жа дзень у Мінску прадаўжаўся Міжнародны кангрэс “500 гадоў беларускага кнігадрукавання”, што ладзіўся пад эгідай ЮНЕСКА. Прадстаўнікі беларускай дыяспары крымскіх гарадоў Еўпаторыі ды Сімферопаля сабраліся на прэзентацыю чарговых нумароў часопіса “Крым-Беларусь”, а таксама “Крым-Север”, галоўны рэдактар якіх — беларуска Дзіна Шаўчэнка. Вось так, разам, і адзначалі слаўную дату беларускай гісторыі ў плыні крымскага фестывалю. Яго ўрачыстае адкрыццё праходзіла ля галоўнага ўваходу ў галоўную бібліятэку Крыма.

Беларусы з Еўпаторыі ды Сімферопаля на літаратурным фестывалі

Фестывалем апекавалася Міністэрства культуры Рэспублікі Крым, яго ладзілі Крымская рэспубліканская ўніверсальная навуковая бібліятэка імя Івана Франка разам з адміністрацыяй Сімферопаля. Фестываль папулярызуе кнігі, чытанне, спрыяе павышэнню чытацкай актыўнасці, захаванню і развіццю культуры чытання. У ім паўдзельнічалі паэты і празаікі Крыма, іншых расійскіх рэгіёнаў, прадстаўнікі вядучых выдавецтваў паўвострава, творчыя калектывы. Пісьменнікі, журналісты на некалькіх пляцоўках прадстаўлялі свае кнігі, часопісы, праводзілі сустрэчы з чытачамі. Песні, вершы гучалі з эстрады, праходзілі майстар-класы, ладзілася мастацкая выстава.

Часопісы “Крым-Беларусь” і “Крым-Север” прэзентаваліся спачатку пад адкрытым небам, там жа была выстава часопісаў, беларускіх кніг. Затым сустрэча прадоўжылася ў бібліятэчным Цэнтры прасоўвання чытання. Беларусы згадвалі, што ў культурным жыцці дыяспары кнігі з Бацькаўшчыны заўсёды запатрабаваныя. Казалі, што 15 верасня — Дзень бібліятэк Беларусі, гэта дзень заснавання Нацыянальнай бібліятэкі, якой сёлета 95 гадоў. 2017-ы — юбілейны для Песняроў, класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа: адзначаюцца 135-я іх угодкі. Цікавай атрымалася размова пра ролю беларускай кнігі, СМІ ў жыцці дыяспары. У размове паўдзельнічалі крымскія беларусы Людміла і Аляксандр Шамрукі, Міхаіл Асмалоўскі, Клаўдзія і Уладзімір Цітаўцы, Ігар Класоўскі, Тамара Пухальская, Алена Кірыенка.

Расказваць пра класікаў беларускай літаратуры, пашыраць іх творчасць — важны кірунак дзейнасці беларускіх суполак паўвострава. На гэты раз Дзіна Шаўчэнка падарыла кнігі Якуба Коласа і Янкі Купалы галоўнай бібліятэцы Крыма. Гучалі таксама й беларускія песні, прычым наш “запявала” Уладзімір Цітавец спяваў песні на словы класікаў літаратуры, а ўсе падхоплівалі, падпявалі. Другі ўжо раз Дзіна Шаўчэнка прэзентавала свае часопісы на фестывалі “КрымБукФест” — і зноў дзея пераўтварылася ў свята беларускай культуры. А 18 верасня яна, старшыня Беларускай суполкі “Сябры”, сустракалася з кіраўніцай горада Еўпаторыі Алесяй Харытоненкай. Дзіна Рыгораўна распавяла пра дзейнасць суполкі, яе гісторыю, планы, пра ўдзел беларусаў Еўпаторыі ў фестывалі “КрымБукФест-2017”. Зайшла гаворка й пра 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, якое адзначаецца й па свеце. Беларуска падарыла кіраўніцы горада кнігу з вершамі Максіма Танка: напярэдадні, 17 верасня, было 105 гадоў з дня яго нараджэння. Дзіна прачытала па-беларуску некалькі вершаў любімага ёю паэта. Уражаная пачутым, Алеся Віктараўна паабяцала вывучыць упадабаны верш класіка на памяць.

І яшчэ некалькі важных навін з жыцця беларусаў ў Еўпаторыі. 30 верасня ў Сімферопалі Дзіне Шаўчэнцы была ўручана дасланая з Масквы, з Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Расіі падзяка — “За вялікую працу па захаванні ды пашырэнні беларускай культуры й традыцый на Крымскім паўвостраве і ў Рэспубліцы Крым”. Яе накіраваў грамадска актыўнай зямлячцы старшыня ФНКА “Беларусы Расіі” Сяргей Кандыбовіч. Цяпер, дарэчы, беларуская суполка Еўпаторыі ўжо рыхтуецца ўліцца ў ФНКА “Беларусы Расіі” — афармляюцца неабходныя дакументы. Гэта будзе грамадскае аб’яднанне “Мясцовая беларуская нацыянальна-культурная аўтаномія горада Еўпаторыі “Крым-Беларусь”. Ужо прайшоў устаноўчы сход, на якім Дзіну Шаўчэнку абралі старшынёй суполкі.

Яна Крымская, г. Еўпаторыя

Голас Радзімы № 39 (3543), чацвер, 12 кастрычніка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter