Новыя далягляды

Статыстыка — справа бездакорная і сведчыць толькі аб фактах: валавы ўнутраны прадукт (ВУП) нашай краіны сёлета паступова павышаецца: за першы квартал бягучага года ён павялічыўся на 5,2 працэнта адносна адпаведнага паказчыка 2017-га, склаўшы ў суме 26,6 мільярда рублёў. 

А ўжо па выніках першага паўгоддзя згаданы паказчык вырас на 4,5 працэнта ў параўнанні з аналагічным мінулагоднім перыядам. Згодна з ацэнкамі экспертаў, аб’ём ВУП у бягучых цэнах склаў 55,8 мільярда рублёў, альбо 104,5 працэнта да ўзроўню першага паўгоддзя 2017 года. Аналітыкі прыходзяць да высновы, што па выніках 2018 года лічбы яго росту выйдуць на параметры 3,4 працэнта.

Днямі Сусветны банк (СБ) абнародаваў глабальную фінансава-эканамічную інфармацыю, дзе вызначана месца Беларусі па аб’ёму валавога ўнутранага прадукта: летась рэспубліканскі ВУП дасягнуў у эквіваленце 54,4 мільярда долараў. Гэты паказчык цяпер 79-ы сярод эканомік двухсот краін свету. У параўнанні з 2016-м нацыянальная народная гаспадарка мела станоўчыя тэндэнцыі развіцця — прырост 1,2 мільярда долараў. Пагадзіцеся, някепскі вынік для невялікай постсавецкай дзяржавы. Цікава, што вышэй у дадзеным рэйтынгу СБ месцяцца Уругвай (56,1 мільярда долараў) і Харватыя (54,8). Радкі ніжэй займаюць Танзанія (52) і Ліван (51,8).

Дзясятку наймацнейшых эканомік свету па-ранейшаму “узначальваюць” ЗША з памерам ВУП 19,3 трыльёна долараў, Кітай (12,2), Японія (4,8), Германія (3,6), Вялікабрытанія (2,6), Індыя (2,59), Францыя (2,58), Бразілія (2), Італія (1,9) і Канада (1,6). Наша суседка Расія займае 11-е месца па аб’ёме ВУП (1,57 трыльёна долараў).

Трэба ведаць і тое, што ў рэйтынгу ВУП па парытэту пакупніцкай здольнасці (ППЗ), які ўраўноўвае пакупніцкія здольнасці валют розных краін, Беларусь мае яшчэ больш салідны паказчык — 68-е месца (179,2 мільярда долараў). Гэта вышэй, чым у Славакіі з яе 174,6 мільярда. Сусветны банк канстатуе: у топ-10 дзяржаў па парытэту пакупніцкай здольнасці ўвайшлі — Кітай (23,3 трыльёна долараў), ЗША (19,3), Індыя (9,4), Японія (5,5), Германія (4,1), Расія (3,75), Інданэзія  (3,2), Бразілія (3,2), Вялікабрытанія (2,9), Францыя (2,8).

У гэтым годзе беларускі Урад плануе павышэнне нацыянальнага валавога ўнутранага прадукта да 60 мільярдаў долараў (у эквіваленце). І гэта цалкам магчыма, улічваючы існуючыя трэнды. Аднак наш Прэзідэнт у Пасланні Нацыянальнаму сходу і беларускаму народу паставіў перад эканомікай краіны яшчэ больш амбіцыёзную задачу: выйсці да канца наступнай пяцігодкі (2025 год) да 100 мільярдаў па аб’ёму валавога ўнутранага прадукта (12 тысяч долараў на душу насельніцтва). Згодна са звесткамі Сусветнага банка, за мінулы год найбольш блізкія паказчыкі па ВУП былі ў Эквадора (103 мільярды долараў) і Славакіі  (95,7) — 63-е і 64-е месцы ў спісе ўплывовай міжнароднай фінансавай установы.

Нагадаю: у найноўшай гісторыі Рэспубліка Беларусь ужо двойчы падвойвала ўласны ВУП: з 1994 па 2005 год валавы ўнутраны прадукт вырас з 15 да 30 мільярдаў долараў (у эквіваленце), а з 2005-га па 2008-ы, усяго за тры гады гэты важкі паказчык зноў павялічыўся амаль у два разы. Пагадзіцеся — дынаміка для нашай краіны і ў міжнародным маштабе ўнушальная.

Зараз перад дзяржавай вельмі сур’ёзна стаіць пытанне аб  найвялікшым у новым часе росце ВУП. Наколькі магчыма выканаць задачу, пастаўленую Прэзідэнтам? Як прайсці падобны эканамічны шлях? Праблем у сувязі з гэтым узнікне шмат. 

І ўсё ж у Беларусі ёсць патэнцыял для істотнага павелічэння валавога ўнутранага прадукта ў даволі блізкай перспектыве. Для чаго айчыннай народнай гаспадарцы спатрэбіцца поўнасцю задзейнічаць усе вядомыя “кропкі росту”: па максімуму неабходна будзе скарыстаць канкурэнтназдольныя магчымасці мадэрнізаваных прадпрыемстваў традыцыйных галін вытворчасці, спатрэбяцца рэзкае павелічэнне аб’ёмаў працы ў сферы паслуг, значны рост малога і сярэдняга прадпрымальніцтва рэспублікі і далейшае ўкараненне ў гэтым сектары прынцыпаў эканамічнай свабоды. Тут трэба таксама ўлічваць і выгоды ад практычнай рэалізацыі праграм лічбавай эканомікі, ІТ-краіны. На прыступках па шляху да чацвёртай індустрыяльнай рэвалюцыі выйграюць тыя краіны, што змаглі арганічна спалучаць традыцыйную і лічбавую эканоміку, значна павысіўшы прадукцыйнасць працы. Перавагу атрымаюць і тыя эканомікі, якія змаглі вырабіць новыя віды прадукцыі па новых тэхналогіях, забяспечыць шырокі асартымент высакаякасных інавацыйных тавараў, запатрабаваных на прасторах былога СССР і на сусветным рынку.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

Ігар Савосценка, галоўны рэдактар

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter