У Крычаве ведаюць, як цэментная прамысловасць можа вырашыць праблему лішкаў прадукцыі

Новыя адценнi шэрага

Праблемы са збытам цэменту — з’ява хоць і нядаўняя, але вельмі непрыемная. На заводах з настальгіяй успамінаюць часы, калі ў высокі сезон вырабленая прадукцыя была ў дэфіцыце. Мадэрнізацыя прадпрыемстваў прывяла да росту прадукцыйнасці, але нягледзячы на тое, што пры гэтым павысілася і якасць, попыт на цэмент у суседніх краінах значна ўпаў — такая кан’юнктура. Нявыгадна яго вазіць за многія кіламетры — прадукт гэты недарагі, але цяжкі і аб’ёмны, атрымліваецца, што аўчынка вырабу не варта.

На новай вытворчасці ўжо сёння створана 136 працоўных месцаў, пры тым, што прадпрыемства яшчэ не выйшла на поўную магутнасць.

Пліта ссунула рынак

Вядома, цэменту ў нашай краіне знаходзяць прымяненне, у апошні час яго актыўна выкарыстоўваюць пры будаўніцтве дарог. Але не толькі. Да прыкладу, у Крычаве, дзе, дарэчы, і размешчаны адзін з буйных цэментных заводаў, нядаўна адкрылася прадпрыемства па выпуску цэментава-стружкавых пліт — ЦСП БЗС. Будавалі завод з удзелам замежнага капіталу, дзякуючы інвестару ўдалося вырашыць адразу некалькі сур’ёзных задач у раёне.

Важны момант: цэмент на заводзе выкарыстоўваюць круглы год, а не сезонна. А раз сыравіна мясцовая, то атрымліваецца істотная эканомія на транспартных выдатках, кажуць, цана новага будматэрыялу вельмі прывабная, канкурэнтаздольная. У вы-ніку завод ЦСП БЗС, зусім нядаўна прыступіўшы да працы, ужо пастаўляе сваю прадукцыю ў 13 краін свету, 11 з якіх — дзяржавы Заходняй і Усходняй Еўропы.

Варта нагадаць: цэментава-стружкавыя пліты — будаўнічы матэрыял новага пакалення, які прымяняецца ў тэхналогіі сухога мантажу. Яны выкарыстоўваюцца для ўнутранага і знешняга аздаблення будынкаў. Прычым калі ў нашых шыротах яны пакуль яшчэ рэдкасць, то еўрапейскія спажыўцы даўно да іх прывыклі. Дарэчы, менавіта такім матэрыялам, праўда, расійскай вытворчасці, аздоблены і будынак самога завода.

Дырэктар ЦСП БЗС Генадзь Бачкоў уводзіць мяне ў курс справы:

— Наш завод адзіны ў краіне, дзе выпускаецца такая прадукцыя. У 2015 годзе мы атрымалі першую, тэставую, цэментава-стружкавую пліту. Увесь год пасля запуску займаліся асваеннем вытворчасці, вывучылі асартымент, пачалі выпускаць розныя памеры, з мінулага года выпускаем усе тыпы пліт таўшчынёй ад 8 да 40 мм. Работа суправаджалася атрыманнем сертыфікатаў адпаведнасці, спачатку беларускага, потым еўрапейскага. Для гэтага была праведзена велізарная праца: мы вазілі сваю прадукцыю ў выпрабавальныя цэнтры Еўропы. Але наладзіць кантакты са спажыўцамі ў Еўрасаюзе змаглі толькі пасля атрымання заключэння замежных экспертаў.

У Крычаўскiм раёне з новага будматэрыялу пачалi ўзводзiць новыя будынкi.

Новыя надзеі

У Крычаўскім раёне прыдумалі, як забіць двух зайцоў адразу. На вуліцы Вішнёвай уздоўж Маскоўскай трасы пабудавалі ўжо тры домікі для мясцовых шматдзетных сем’яў, у якіх хутка з’явяцца першыя навасельцы. Акурат цяпер побач узводзіцца яшчэ некалькі будынкаў — рознакаляровых, маляўнічых, і хутка тут вырасце невялікі пасёлак. Ва ўсіх, хто праязджае па ажыўленай трасе, ёсць магчымасць ацаніць іх. Паклаўшы руку на сэрца скажу: яны не зусім звыклыя для нашага вока. Звонку па-еўрапейску кампактныя, ніколі не здагадаешся, што плошча кожнага каля 90 «квадратаў». Затое ўнутры гэтыя катэджы вельмі ўтульныя і прасторныя, з прадуманай да дробязей планіроўкай, і абыходзяцца, што немалаважна, значна танней за тыпавыя пабудовы.

Дарэчы, побач з новымі катэджамі —  гасцявыя дамы для прыезджых, iх адкрылі прадпрымальныя гараджане. Так што госці горада, у тым ліку камандзірава-ныя, якія будуць тут спыняцца, змогуць прама з вокнаў сваіх пакояў вельмі ўважліва прыгледзецца да новых крычаўскіх будматэрыялаў.

Дзякуючы новаму прадпрыемству ў горадзе будзе актыўна развівацца будаўнічая галіна, ужо ў бліжэйшы час запрацуе прадпрыемства, якое будзе ўзводзіць жылыя дамы і іншыя аб’екты з новых матэрыялаў. А гэта і новыя вакансіі, і наогул істотнае ажыўленне эканомікі раёна. Дарэчы, яшчэ нядаўна пасля мадэрнізацыі і аптымізацыі штату на некалькіх буйных крычаўскіх прадпрыемствах тут былі складанасці з працаўладкаваннем. На новай вытворчасці ўжо сёння створана 136 працоўных месцаў, пры тым, што прадпрыемства яшчэ не выйшла на поўную магутнасць. Плануецца, што ў далейшым тут будзе працаваць каля 230 спецыялістаў.

ПАЗІЦЫЯ

Аляксандр КАМІНСКІ, начальнік аддзела эканомікі Крычаўскага райвыканкама:

— Прыход сур’ёзнага інвестара заўсёды добра ўплывае на эканоміку раёна: гэта і падатковыя паступленнi, і стварэнне новых працоўных месцаў. А калі гаварыць канкрэтна пра новы завод па вытворчасці цэментава-стружкавых пліт, гэта прадпрыемства яшчэ і зарабляе валюту, экспартуючы сваю прадукцыю. Не забывайце, што яно дапамагае палепшыць жыллёвыя ўмовы нашых маладых шматдзетных сем’яў, а працоўныя месцы, якія тут ужо створаны і яшчэ будуць створаны, высокапрыбытковыя, а значыць, высокааплатныя. Акрамя таго, у маштабах краіны прадпрыемства дапамагае вырашаць такую важную задачу, як імпартазамяшчэнне.

Фота аўтара

irina_mendeleva@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter