
На сёння да ўдзелу ў Еўрапейскiм тыднi мабiльнасцi далучылася 46 краiн. У нас аб сваiм жаданнi далучыцца да iнiцыятывы заявiла 68 населеных пунктаў, у тым лiку Мiнск. Ужо традыцыйна 22 верасня вадзiцелi аўтамабiляў змогуць бясплатна праехаць як у наземным транспарце, так i ў метро. Для гэтага трэба прад’явiць вадзiцельскае пасведчанне i тэхнiчны пашпарт на сродак перамяшчэння.
Ужо ўпадабаную мiнчанамi акцыю «На працу на веласiпедзе» правядуць 22 верасня ў 6 пунктах горада. Там удзельнiкам прапануюць бясплатныя гарбату, каву i садавiну. Не забудуцца i аб замеры канцэнтрацыi забруджвальных рэчываў у атмасферным паветры i узроўняў шуму. Па яго вынiках высветлiцца, наколькi гэтыя паказчыкi знiжаюцца, калi мiнчане адмаўляюцца ад асабiстых аўто. Эксперымент пройдзе на працягу двух дзён — 21—22 верасня.
Упершыню падчас Еўрапейскага тыдня мабiльнасцi арганiзуюць выстаўку «Транспарт 100 гадоў таму». Экспазiцыя складаецца з трох блокаў. Першы прысвечаны ўзнiкненню ў пачатку ХХ стагоддзя гарадской мабiльнасцi. Другi раскажа аб зялёных праектах. Напрыклад, аб экалагiчных сцежках, якiя iснуюць, зялёным веласiпедным кольцы, якое пройдзе па парках горада i Сляпянскай воднай сiстэме, аб iдэi ператварэння вулiцы Нямiгi ў пешаходную зону. Трэцi — фотавыстаўка з заклiкам карыстацца экалагiчнымi вiдамi транспарту.

— Акрамя таго, з улiкам эпiдэмiялагiчнага становiшча было вырашана арганiзаваць iндывiдуальныя падарожжы з аўдыягiдам, — падзялiўся iнжынер-архiтэктар Беларускай асацыяцыi экспертаў i сюрвеераў на транспарце Яўген Лойка. — Ён з’явiцца 22 верасня. З яго дапамогай можна праехаць на веласiпедзе i пазнаёмiцца з гiсторыяй зараджэння веласiпеднага руху i ўзнiкнення грамадскага транспарту.
Падчас Еўрапейскага тыдня мабiльнасцi для жыхароў сталiцы адкрыюць новы экамаршрут велабёрдзераў. Ён злучыць тры экалагiчныя сцежкi Мiнска.
— Велабёрдынг — гэта язда на веласiпедзе з магчымасцю назiраць за птушкамi, — дала невялiкую даведку намеснік старшыні Мiнскага гарадскога камiтэта прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя Таццяна Дубiк.— Маршрут распачнецца ад экалагiчнай сцежкі «Горад птушак» да «Сярэбранага логу» i скончыцца на «Чыжоўцы». Па ўсiм шляху расстаўлены стэнды з iнфармацыяй пра птушак, якiя насяляюць гэту мясцовасць.