Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Пісьменнікі розных краін збяруцца ў Гродне, каб абмеркаваць стан міжнародных літаратурных стасункаў

Новы ўзор у фестывальнай палітры

Чытачы газеты “Голас Радзімы” ведаюць пра традыцыйны Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур у Гродне. Штогод пашыраецца кола яго ўдзельнікаў, дадаюцца новыя колеры ў фестывальную палітру. Так будзе й сёлета: у Гродне ў чэрвені ў плыні фестывальных дзей пройдзе “круглы стол” беларускіх і замежных пісьменнікаў “Дыялог літаратур — дыялог культур”. Ладзяць яго Міністэрства інфармацыі Беларусі, Гродзенскі аблвыканкам, Гродзенскі гарвыканкам, а яшчэ — Гродзенскі дзяржуніверсітэт імя Янкі Купалы і Гродзенскі дзяржаўны гістарычна-археалагічны музей. Да ўдзелу ў рабоце “круглага стала”, на які збяруцца пісьменнікі й перакладчыкі беларускай літаратуры найперш з розных рэгіёнаў Расіі, спрычыняцца й Саюз пісьменнікаў Беларусі, Выдавецкі дом “Звязда”, выдавецтва “Мастацкая літаратура”, рэдакцыі айчынных літаратурна-мастацкіх выданняў.

“Мы абмяркуем сённяшні стан міжнародных літаратурных стасункаў, ролю мастацкага перакладу нацыянальных літаратур у іх развіцці ды пашырэнні”, — дзеліцца планамі намеснік дырэктара Выдавецкага дома “Звязда” перакладчык Аляксей Чарота. — Асобна спынімся на пытаннях працы з перакладчыкамі, праблемах перакладаў у літаратурна-мастацкай перыёдыцы”. Чакаецца, што гасцямі Гродна будуць пісьменнікі з Расіі (Татарстан, Чувашыя, Масква, Чачэнская Рэспубліка), з Літвы, Польшчы, Украіны.

Мікола Берлеж

Голас Радзімы № 14 (3566), чацвер, 12 красавіка, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter