Как службы занятости помогают безработным устроиться на новые места работы

Новы запіс у працоўнай кніжцы

За апошнія пяць гадоў у службу занятасці звярнулася каля мільёна чалавек. Што немалаважна, тры чвэрці з іх былі працаўладкаваны. Пра тое, як змяніўся рынак працы ў сувязі з эпідэміялагічным становішчам і што сёння прапануюць суіскальнікам, даведваўся карэспандэнт «Р».

Сёння ў банку вакансій — амаль 76 000 прапаноў ад наймальнікаў.
Фота Любові САЛАЎЁВАЙ

Летась, нягледзячы на распаўсюджанне ў свеце каронавіруснай інфекцыі, сітуацыю на рынку працы ў Беларусі ўдалося захаваць стабільнай. У той час як у шэрагу краін былі пабіты рэкорды па ўзроўні беспрацоўя.

— Згодна з вынікамі выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак для вывучэння праблем занятасці насельніцтва, якое праводзяць органы дзяржаўнай статыстыкі, у 2020 годзе ўзровень агульнага беспрацоўя склаў чатыры працэнты. У 2019 годзе быў 4,2 працэнта, а ў 2018 годзе — 4,8 працэнта, — дзеліцца статыстыкай начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алег Такун. — Узровень беспрацоўя ў нас у разы ніжэйшы, чым у суседзяў. Паводле апошніх даных, у Еўрапейскім саюзе ён складае 7,5 працэнта, ЗША — 7,9 працэнта. У суседзяў сітуацыя такая: у Літве — 9,8 працэнта, ва Украіне — амаль дзесяць працэнтаў.

Як адзначае Алег Такун, дзяржава прыклала нямала намаганняў, каб захаваць працоўныя калектывы і рабочыя месцы. Таму замест звальненняў работнікаў рэалізоўваліся мерапрыемствы па іх пераводзе на скарочаны рэжым працы і прадастаўленне адпачынку па ініцыятыве наймальніка. Як вынік, у рэспубліцы адзначаўся высокі ўзровень страт працоўнага часу. Пры гэтым масавага скарачэння работнікаў на прадпрыемствах не зафіксавана. За 2020 год па прычыне ліквідацыі арганізацыі, скарачэння колькасці або штату работнікаў было звольнена каля 5000 чалавек, або ўсяго 0,7 працэнта ад агульнай колькасці звольненых, што практычна столькі ж, колькі і ў 2019 годзе (5300 чалавек, або 0,7 працэнта).

— Устойлівым попытам карыстаюцца рабочыя прафесіі: вадзіцель аўтамабіля, прадавец, швачка, кухар, кантралёр-касір, трактарыст-машыніст, — звяртае ўвагу спецыяліст. — Сёння маюцца звесткі аб наяўнасці 76 000 свабодных працоўных месцаў. Пры гэтым на 1 сакавіка 2021 года на ўліку ў якасці беспрацоўных знаходзілася 83 000 чалавек.

Сярод спецыялістаў і служачых пастаянна запатрабаваны лекары, фельчары, медыцынскія сёстры, ветэрынарныя ўрачы, інжынеры. Узровень прапанаваных заробкаў розны і залежыць перш за ўсё ад кваліфікацыі, ведаў і ўменняў. Так, напрыклад, вадзіцелю аўтамабіля пры занятасці поўны працоўны дзень прапануюць заработную плату да 2300 рублёў, урачу-спецыялісту — да 5200.

Па словах Алега Такуна, у наймальнікаў ёсць зацікаўленасць у гатовых кваліфікаваных кадрах. Адначасова з гэтым прысутнічае магчымасць выбіраць з ліку незанятых. Служба занятасці са згоды беспрацоўнага можа накіраваць яго на навучанне ў адпаведнасці з заяўкай канкрэтнага наймальніка, які гарантуе яго працаўладкаванне пасля завяршэння поўнага курса навучання. У гэтым выпадку заключаецца трохбаковы дагавор, адной з умоў якога можа быць адпрацоўка вызначанага тэрміну. У гэтым годзе пастаўлена задача навучыць пад заказ наймальніка не менш за 67 працэнтаў ад усіх беспрацоўных, накіраваных на навучанне, у наступным — да 70 працэнтаў.

grudnitskiy@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter