У дзіцячым садку Горак працуе адзіны на Магілёўскую вобласць выхавальнік-мужчына

Новы сезон фізрука

Такога факта дзіцячы садок «Казка» ў Горках не памятае за ўсе больш чым пяцьдзясят гадоў існавання. Упершыню на пасаду фізрука і выхавальніка тут прынялі прадстаўніка моцнага полу. Аднак сам Дзмітрый Носаў нічога незвычайнага ў гэтым не бачыць:

Дзмітрый НОCАЎ: «Дзеці ў садку — як на далоні».

— Педагогам марыў быць са школы. А яшчэ любіў спорт. Таму і паступіў на факультэт фізвыхавання Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Куляшова.

Кожны ранак для яго і маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак пачынаецца з зарадкі. Зараз першая на чарзе — адна з малодшых груп. Дзеці ахвотна разбіраюць рознакаляровыя мячы і старанна выконваюць каманды. Хада па крузе, лёгкі бег, мячы то ўніз, то ўгору. Праз пятнаццаць абавязковых хвілін трэніроўкі ў Носава — некалькі хвілін перапынку, і можна прадоўжыць дыялог. Дзмітрый сцвярджае:

— Для такіх малых спорт — заўсёды ў радасць. Па сутнасці, неабходнасць руху для чалавека абумоўлена самой прыродай. Дзеці адчуваюць такую патрэбу больш за дарослых. Стараюцца. 

Галоўнае, кажа, не адбіць гэтую ахвоту. Таму ў фізкультуры для дашкалят шмат элементаў гульні і аніякага прымусу. А падчас спартыўных святаў у вясёлых конкурсах з ахвотай бяруць удзел не толькі дзеці, але і іх бацькі. Само сабой, прыклад падае «бязвусы нянь». Дарэчы, для Носава здаровы лад — норма жыцця. Цыгарэт, напрыклад, у рукі ніколі не браў. Мае першы дарослы разрад па плаваннi. Захапленні таксама карысныя — рыбалка, баня. Падтрымліваць форму дапамагае і штодзённая гімнастыка. Загадчык садка Валянціна Жданоўская ўдакладняе:

— Крыху папрацаваць у «Казцы» Дзмітрый Носаў паспеў яшчэ да арміі. А калі адслужыў — вярнуўся зноў. Калектыў быў толькі рады. Дзеці да Дмітрыя ставяцца з даверам, слухаюцца. 

Жонка «няня» выбар мужа таксама падтрымала — дарэчы, яна і сама педагог, працуе ў мясцовай гімназіі. Што тычыцца памеру заробку, то ён, вядома, невялікі. Аднак розніца з аплатай працы фізрука ў школе не такая і вялікая. «У мяне ёсць нямала плюсаў, — лічыць Дзмітрый. — Калі ў школе субота — рабочы дзень, то ў садку выхадны. Водпуск таксама доўгі, і толькі летам».

Спартыўныя святы радуюць і бацькоў, і малых.

Расклад дазваляе яму сумяшчаць асноўныя абавязкі з абавязкамі выхавальніка, дзе Носаў задзейнічаны часткова. У санаторнай групе яго чакаюць дванаццаць дзетак. «Чытаю ім казкі, разам збіраем канструктар. Найці агульную мову з малымі няцяжка: яны адкрываюць свой свет, гатовыя вучыцца і пазнаваць. Усе дзеці ў садку — як на далоні. У такім узросце яны яшчэ не ўмеюць хітраваць. Самі таксама задаюць шмат пытанняў, у тым ліку даволі філасофскіх», — дзеліцца назіраннямі хлопец. Здараецца, што дзеці плачуць. І тут трэба знайсці неабходнае слова, жэст. Даць маленькаму чалавеку зразумець, што яго абароняць і не пакрыўдзяць. Старэйшыя калегі, адзначыў, заўсёды гатовыя даць яму добрую параду. Падказаць, як шукаць ключык да дзіцячай душы, за што ім — вялікае дзякуй.

Сваё дзяцінства ў садку 27-гадовы фізрук успамінае з дабрынёй. Шмат патрэбных навыкаў набыў менавіта там. Добрай была атмасфера і ў родным доме. У тым ліку таму, што бацька заўсёды знаходзіў час, каб пагутарыць з сынам, пацікавіцца яго справамі. І ў выніку — даць штуршок для таго, каб той паверыў у свае сілы, зразумеў сваё месца ў жыцці. Зараз гэты пасыл малады педагог адрасуе ўжо маленькім падапечным. І мяняць месца працы не збіраецца.

Svet.markova@gmail.com

Фота аўтара і з архіва дзіцячага сада
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter