На следующей неделе стартует популярный среди театралов "М.@rt-контакт"

Новы погляд на вечныя тэмы

У чатырнаццаты раз Магілёў ператворыцца ў маштабную тэатральную пляцоўку, на якой збяруцца акцёры з розных куткоў не толькі краіны, але і ўсяго свету. Сёлета на XIV Міжнародны маладзёжны тэатральны форум “М.@rt-контакт”, які пройдзе з 21 па 27 сакавіка, плануюць прыехаць артысты з Беларусі, Расіі, Грузіі, Латвіі, Арменіі, Украіны, Ізраіля, Прыднястроўя, Польшчы і Літвы. За тыдзень збіраюцца паказаць 23 спектаклі. Тэмы, як заўсёды, актуальныя і вечныя: узаемаадносіны паміж людзьмі, канфлікт пакаленняў, масавая культура, свабода, палітыка, станаўленне асобы, каханне, адзінота і многае іншае.

фота  белта
Адкрые праграму спектакль “ГЭТАМЫ” маладога ўкраінскага рэжысёра Стаса Жыркова. Пастаноўка цікавая не толькі тым, што была пачата на майстар-класе ў межах Міжнароднай тэатральнай акадэміі ў Мюнхене, дзе Стас Жыркоў выкладаў беларусам. Але і тым, што ў яе аснове ляжыць нашумелая кніга Андрэя Горвата “Радзіва “Прудок”. Тэатралам, якія бачылі работу Рамана Падалякі ў Купалаўскім тэатры, напэўна будзе цікава пазнаёміцца з яшчэ адной сцэнічнай інтэрпрэтацыяй горватаўскага твора. Цікава, што сёлета на форуме будуць прадстаўлены яшчэ дзве работы Жыркова: 22 сакавіка гледачы ўбачаць спектакль “Паляванне на сябе” Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, а 27 сакавіка — пастаноўку Адэскага акадэмічнага ўкраінскага музычна-драматычнага тэатра імя В. Васылька “Яна яго кахала”. Дарэчы, апошні спектакль створаны паводле п’есы маладога беларускага драматурга Андрэя Іванова.

У сёлетней праграме нямала пастановак, народжаных у межах міжнароднага супрацоўніцтва. Да прыкладу, 22 сакавіка магілёўскім тэатралам пакажуць “Дванаццатую ноч”, пастаўленую беларускім рэжысёрам Міхаілам Лашыцкім на сцэне грузінскага Тэлаўскага дзяржаўнага прафесійнага драматычнага тэатра імя Важа-Пшавела. 23 сакавіка на сцэне абласнога тэатра будзе ісці спектакль малой формы “А мы адзін для аднаго — цені”. Гэта сумесная работа прыднястроўскага рэжысёра, балетмайстра, артыста Дзмітрыя Ахмадзіева і ізраільскай актрысы Ганны Гланц-Маргуліс.

Асаблівы акцэнт на форуме будзе зроблены на пластыцы і харэаграфіі. Заслугоўваюць увагі монаспектакль “Сібір” Тэатра (не) нарматыўнай пластыкі з Санкт-Пецярбурга, смелая пастаноўка “Голы кароль” Дзяржаўнага даўгаўпілскага тэатра і іншыя работы.

Гледачоў чакае нямала сюрпрызаў, актуальных тэм, нечаканых форм. Традыцыйна ў межах форуму будзе працаваць Майстэрня маладой рэжысуры, пройдуць майстар-класы для маладых акцёраў, запланаваны абмеркаванні прагледжаных спектакляў.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter