Чаму з узростам мы страчваем ілюзію Новага году?

Новы год ужо не той

На дошцы аб’яў павесілі графік дзяжурства па выхадных. Мне «пашчасціла» дзяжурыць 31 снежня. Гледзячы на спіс, думала: «Усё, Новага года не будзе. Чаму дзяжуру менавіта я? Ну як можна быць такой няўдачлівай...» Тата, якому па абавязку службы таксама не раз даводзілася дзяжурыць у навагоднюю ноч, супакойваў банальнай фразай: «Усё роўна адчуванні ад свята ўжо не тыя». Ну як не тыя? Памятаю, як у дзяцінстве чакала Новага года, Дзеда Мароза, ёлку і падарункі. Асабліва тыя падарункі, якія бацькам выдавалі на працы ў каробках у форме церамкоў. І свята выглядала больш унушальным, і ёлка вышэйшай. І не таму, што я была малой. Дарослыя залазілі на табурэтку, каб яе ўпрыгожыць.

фота Fairwindstreatment.com

А яшчэ быў дзіцячы ранішнік. Пасля яго завяршэння фатограф здымаў кожнага ў касцюме пад ёлкай. Касцюмы разнастайнасцю не вылучаліся. Дзяўчынкі былі сняжынкамі, хлопчыкі — зайчыкамі, мішкамі і лісічкамі. Упэўнена, і ў вашым фотаальбоме ёсць такая фотка, а можа, і не адна, якую бацькі пры кожным зручным выпадку паказваюць гасцям.

Ну і, вядома, святочны стол! Мама з бабуляй рабiлi банкет на ўвесь свет. У цэнтр ставілі хрустальную вазу для садавіны. У яе складвалі яблыкі, апельсіны і мандарыны. Часам бананы. Я іх вельмі любіла. Бабуля са мной не згаджалася, бо «на смак, як мыла». Садавіна — гэта дробязь. Яна для прыгажосці. І без яе пачастункаў хапала. Напрыклад, салата аліўе. Наразаючы кубікамі каўбасу, мама паўтарала, што Аліўе ад такой салаты ў труне пераварочваецца і што не дадаюць у гэтую салату вараную каўбасу. Мне было ўсё роўна, бо смачна. Ну не можа быць нясмачна тое, што з маянэзам.

З серванта даставаліся сервізы. Яны там пыліліся ўвесь год у чаканні свайго зорнага выхаду. Раскладваліся сталовыя прыборы, хутчэй за ўсё, зусім не ў тыя стравы, для якіх яны задуманыя. На самую вялікую талерку прыгожа раскладвалі лустачкі варанай каўбасы, якая засталася пасля прыгатавання салаты. На другую яе палову — сырная нарэзка і палавінкі вараных яек (трэба ж нечым закрыць пустое месца на талерцы). Мама парывалася ўпрыгожыць усё гэта галінкамі кропу. Бабуля не давала, бо «няма чаго выпендрывацца, і так смачна будзе».

Апоўначы трэба было абавязкова чокнуцца бакаламі. Ніколі не разумела, у чым чараўніцтва моманту, калі пасля апошняга ўдару курантаў нічога вакол не мянялася. Затое з’яўляліся падарункі пад ёлкай. «Дзед Мароз вельмі сарамлівы. Не хоча, каб яго бачылі», — тлумачылі дарослыя, адпраўляючы мяне спаць. Я ахвотна ім падыгрывала. Бо ведала, што Дзед Мароз, гэта значыць бабуля, павінен пакласці падарункі пад ёлку, пакуль я не бачу. Святло яна не ўключала, прабіралася да ёлкі, спатыкаючыся аб нешта ў цемры. Ну як можна такое не пачуць, калі гэта адбываецца за два крокi ад твайго ложка?

Раніцай было яшчэ лепей. Снедалі рэшткамі святочнага стала. Толькі ўжо не трэба чакаць тостаў. Не трэба браць усяго пакрыху, каб усім хапіла. Не трэба слухаць успаміны старых пра тое, як было раней…

Вы можаце займацца зараз чым заўгодна, але я хачу бачыць вас з бакалам шампанскага ў руцэ. Таму што ў Новым годзе самае прыемнае — гэта адчуванне свята. З узростам яно мяняецца. Мы абіваем парогі крам і гандлёвых цэнтраў у пошуках далікатэсаў да святочнага стала. Рэжам салаты, багата заліваючы іх маянэзам. «Нічога не бяры, гэта на Новы год!» — шыпім на хлопца кожны раз, калі ён адкрывае халадзільнік. Ёлку ставім штучную, і толькі таму, што трэба. Цацкі з яе не здымаем — так і стаіць упрыгожаная на балконе да наступнага года. Падарункі сталі практычнымі і дарагімі. А раней для шчасця хапала паравозіка...

Ужо занадта я паглыбілася ва ўспаміны. Дзяцінства прайшло, бананаў наелася ўдосталь, аліўе не ўжываю з-за павышанай каларыйнасці. З чаго складаецца маё цяперашняе адчуванне Новага года? Якім словам можна назваць гэтую сумесь памяці і забыцця, цяпла і адмарожаных шчок, гоману застолляў і цішыні першай студзеньскай раніцы, выцягнутых увечары з антрэсолi старых ёлачных цацак і гор каляровага смецця ля сметнiкаў ранкам, а галоўнае — схаванай глыбока ўнутры надзеі зноў адчуць, што ўсё лепшае яшчэ наперадзе?

gorbatenko_inna@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter