Калі ў нас будзе свой «Манмартр?»
Што такое «музей-трансформер»? З назвы, здаецца, зразумела — гэта такое дэманстрацыйнае поле, прастора якога і экспазіцыя гібка рэагуюць на новыя патрабаванні. Але як на самай справе павінен быць уладкаваны такі музей — ніхто дакладна не ведае. Між тым ідэй на гэты конт шмат, але выбраць лепшую з іх, якая больш падыходзіць да нашых умоў і магчымасцей, пакуль складана. Тым не менш такую мэту паставілі перад сабой удзельнікі Другога мінскага архітэктурнага форуму — студэнты архітэктурных факультэтаў беларускіх універсітэтаў.
Галоўная падзея года для будучых прафесіяналаў, наладжаная Беларускай асацыяцыяй студэнтаў-архітэктараў, разгарнулася ў Мемарыяльным музеі-майстэрні Заіра Азгура, і менавіта яго пачынаючыя дойліды вырашылі ператварыць у Беларускі цэнтр скульптуры. Лепшыя праекты, якія звярнулі на сябе ўвагу спонсараў і гарадской улады, атрымаюць шанц на рэалізацыю.
У Кацярыны Маславай (на здымку злева) і Анастасіі Вярбіцкай — студэнтак архітэктурнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта — свае ўяўленні аб тым, як павінен выглядаць абноўлены музей. На думку ўдзельнікаў творчых груповак, у якія яны ўваходзяць, экспазіцыя можа знаходзіцца не толькі ў самім будынку музея, але і ў зялёнай зоне паміж Свіслаччу і вуліцай Пуліхава, у пустуючых памяшканнях завода імя Кірава. Акрамя выставачных пляцовак, на гэтым беларускім «Манмартры», якім, на жаль, так і не стала знесеная ў 70-я гады вуліца Няміга, могуць з’явіцца студыі мастакоў, творчыя лабараторыі, скульптурныя майстэрні, а таксама кавярні, рэстараны, арт-, сувенірныя і кніжныя крамы, залы для публічных мерапрыемстваў.
Зразумела, цэнтрам кампазіцыі будзе сам Мемарыяльны музей-майстэрня Заіра Азгура, экспазіцыя якога стане больш дынамічнай, дапоўніцца новымі сродкамі трансфармацыі прасторы, а на сцены ў цёмны час сутак ляжа каляровая мастацкая відэапраекцыя.
Для Кацярыны і Анастасіі, як і для астатніх удзельнікаў студэнцкага форуму, гэта падзея — не толькі магчымасць прадэманстраваць свае архітэктурныя і дызайнерскія ідэі, але і атрымаць новыя веды. Таму што ў праграму мерапрыемства ўключаны таксама лекцыі, майстар-класы, на якія запрошаны лепшыя айчынныя і замежныя архітэктары, мастакі, ландшафтныя дызайнеры, а таксама псіхолагі, сацыёлагі, спецыялісты па аперацыях з нерухомасцю, маркетолагі. Гэта дазваляе наладзіць вучобу пры максімальным мiждысцыплінарным узаемадзеянні, у рэжыме вольнага абмену думкамі паміж студэнтамі і выкладчыкамі, што вельмі важна для праектантаў асяроддзя.
Нашым гераіням пашчасціла пазнаёміцца з новым фарматам адукацыі ў Еўропе. Гэта было своеасаблівай ўзнагародай за выдатна выкананыя конкурсныя работы. Прымаючы ўдзел у такіх еўрапейскіх сустрэчах дойлідаў, яны задумалі правесці нешта падобнае і ў Беларусі. Разам з іншымі студэнтамі факультэта Кацярына, якая вучыцца зараз на пятым курсе, удзельнічала ў мінулым годзе ў стварэнні канцэпцыі і арганізацыі першага форуму, а другакурсніца Анастасія ўвайшла ў групу падрыхтоўкі другога.
— Каб прафесійная падрыхтоўка будучых архітэктараў была больш эфектыўнай, было б добра больш часу адводзіць вывучэнню такіх праграм, як «AutoCAD», «Autodesk 3ds Max», бо ўся работа у будучым будзе цалкам залежыць ад узроўню нашага валодання імі, — выказвае свае думкі Кацярына. — Недзе праз год у мяне размеркаванне, і я спадзяюся трапіць у добрае архітэктурнае бюро, дзе будзе магчымасць працаваць пад кіраўніцтвам вядучых прафесіяналаў сваёй справы.
— А чаму б не паспрабаваць адразу трапіць на месца галоўнага архітэктара нейкага раённага цэнтра? — пытаюся ў Кацярыны.
— Не, — рашуча адвяргае яна «правакацыйную» прапанову. — Перш чым браць на сябе такую адказнасць, трэба атрымаць вопыт, таму што нашы вучэбныя заданні вельмі далёкія ад рэальных праектаў. Толькі на практыцы адчуваеш усю сур’ёзнасць работы, якую выконваеш.
Фота: Аляксандр ТАЛОЧКА