Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У мястэчку Жодзішкі, на Смаргоншчыне, створаны незвычайны культурна-вытворчы асяродак

Новы дзень старога млына

Нядаўна быў сведкам, як пачынае працаваць вадзяны млын, якому ўжо больш за 200 гадоў. Калі пацякла вада на ягонае кола, то ён, падалося мне, уздыхнуў, засоп крыху, але потым упэўнена ўзяў бадзёры працоўны рытм. І ўжо мелецца ў Жодзішках зерне новага ўраджаю — то й з хлебам будзем смачным, духмяным. А калі ёсць хлеб, здаўна кажуць у народзе, то будзе й песня.

На свяце ў Жодзішках выступае Кацярына Пяршлевіч
фота Васіль кулікоў

Урачыстае, шматлюднае адкрыццё цудоўнага Этнаграфічнага музею ў падноўленым яшчэ раней млыне пачалося з велічнага спеву “Магутны Божа”. Прыемна бачыць было пры млыне жыхароў аграгарадка ды шматлікіх гасцей, сярод якіх — прадстаўнікі Смаргонскага райвыканкама, Жодзішкаўскага сельсавета, сябры Мінскага сходу нашчадкаў шляхты й дваранства.

Вось адчыніліся дзверы млына — і на парозе гасцей сустракае хлебам-соллю на ручніку гаспадар Францішак Жылка і ягоныя памочніцы. Загучала песня “Хлеб беларускі”. Сімвалічна чуць і бачыць тое каля млына! Як аказалася, чорны бохан хлеба жанчыны спяклі самі. А на пляцы побач тым часам выступалі фальклорны гурт польскай песні з Астраўца і наш Тэатр фальклору “Матуліна хата” з Мінска. Шчырымі словамі падзякі за свята й знакамітай песняй “Люблю наш край” святочную грамаду вітала наша Кацярына Пяршлевіч. Потым іншыя песні гучалі, падхопленыя людзьмі, пачаліся танцы — асабліва ж прыйшлася ўсім даспадобы полька. У грамадзе Вялікі Беларус на хадулях (Андрэй Расолька) чытаў вершы, забаўлялі дзяцей ды абдымалі Жылку-гаспадара Мядзведзь са Смаргонскай акадэміі (Юры Дашкевіч) і Бусел (жонка Юрына, Вольга).

Гаспадар млына Францішак Жылка
фота Васіль кулікоў

Але ж пара і ў млын… Як заведзена здаўна ў Жодзішках, ксёндз асвяціў памяшканні, у тым ліку й Этнаграфічны музей, вагі ды адметны этнакуток музея “Матуліна хата”. Калі падняцца па сходах на трэці паверх, то бачыш там розныя прылады з ранейшага вясковага побыту, плён працы, інструменты таленавітых ганчароў, сталяроў, кавалёў, а таксама кросны, самапрадкі. Ёсць там і тканыя ды вышываныя посцілкі, ручнікі. Упрыгожвае пакой печ — усё як у матулінай хаце, таму так і называецца тое месца.

Людзі старэйшага веку памятаюць: у хатах вясковых стаялі куфры — і адзін такі, змайстраваны даўным-даўно, ёсць і ў “Матулінай хаце”. Гармонік, дудкі… Перад ложкам на почапках вісіць калыска: як сімвал працягу жыцця. Гаршкі, чыгункі, гладышы, патэльня, лямпа-газоўка з кнотам... Усё гэта родныя нам рэчы, якія абуджаюць, падаецца мне, у кожным цёплыя ўспаміны, асацыяцыі. Дзе б ні жыў чалавек, а часцінкаю душы ён заўсёды на роднай Бацькаўшчыне, у матулінай хаце. Пра тое была й аднайменная песня нашага Тэатра фальклору “Матуліна хата”. Вельмі прыйшлася ўсім даспадобы, прычым, бачыў, жанчыны пацягнуліся хусцінкамі да вільготных вачэй, а мужчыны задумліва галовы свае апусцілі.

Падноўлены стары вадзяны млын
фота Васіль кулікоў

На жаль, не кожнага з нас у хаце сваёй матуля сустракае, ды й хаты маленства нашага не ўсе ацалелі. Пэўна ж, таму й захацеў спадар-вясковец Францішак Жылка, падымаючы з небыцця стары млын, уваскрасіць і атмасферу,  любы яму з дзяцінства побыт дзён былых. Дарэчы, гэта ж ягоныя дзяды-прадзеды калісьці вадзяны млын у Жодзішках і збудавалі — а сёння ўладальнік яго, паспяховы прадпрымальнік з Мінска, прадаўжае даўнія млынарскія традыцыі свайго роду. З цеплынёй расказаў гаспадар пра гісторыю млына, запрасіў гасцей услухацца ў цудоўную музыку, якою цяпер ён поўніцца: як меладычна шорхаюць жорны, і чуцен пошум вады з возера, што ліецца на кола, і ціхутка цячэ-сыплецца з-пад жорнаў  цёплая, бялюсенькая ды такая пахкая мука… Гэта ж нібыта і ўдзячныя галасы продкаў ва ўсім такім незвычайным “аркестры” чуюцца.

Тут Францішка Баляслававіча родны кут, і заўсёды хораша яму з роднымі людзьмі: у Жодзішкаўскіх ваколіцах нарадзіўся ён, у вёсцы Стаўбуцева. Прадпрымальнік з вялікай павагай ставіцца да народных традыцый, падтрымлівае энтузіястаў, што зберагаюць фальклор. Ён аднавіў млын з адметным музеем, і прыгожую капліцу пабудаваў пры скрыжаванні дарог. Прэзентацыю ж новага музея гаспадар зладзіў як прыгожае свята. Паводле задумы Францішка Жылкі ды ягоных кансультантаў, краязнаўчы прыватны музей будзе працаваць на рэгулярнай аснове, прымаючы экскурсантаў, якія цікавяцца гісторыяй Беларусі, майстэрствам і вынаходкамі нашых майстроў і рамеснікаў. Так што й беларусы замежжа, спадзяюся, не раз пабываюць у Жодзішках — каб дакрануцца да мінуўшчыны, надыхацца хлебным водарам Бацькаўшчыны.

Голас Радзімы № 40 (3544), чацвер, 19 кастрычніка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter