Новая рэдакцыя – не рэформа

Нарматыўны акт уво- дзіць у дзеянне новую рэдакцыю Правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі выдання 1959 года.

1 верасня ўступіць у сілу закон «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі».

Нарматыўны акт уво- дзіць у дзеянне новую рэдакцыю Правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі выдання 1959 года.

— Новая рэдакцыя — гэта ні ў якім разе не рэформа мовы, — тлумачыць дырэктар Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Лукашанец. — Рэформа — гэта значныя, кардынальныя змены ў той ці іншай сістэме. Калі ўзяць нашу гісторыю, то рэформа мовы адбылася ў 1933 годзе, калі выйшаў закон “Аб спрашчэнні правапісу”. А так новая рэдакцыя — гэта толькі карэкціроўка і ўдакладненне таго, што было. Мы з лёгкасцю зможам чытаць тэксты, якія былі напісаны да 1 верасня 2010 года: іх арфаграфія не будзе істотна адрознівацца ад тэкстаў, напісаных паводле новых правілаў.

Калі абагульніць, старыя правілы не змяняюцца, а ўдакладняюцца, сістэматызуюцца: некаторыя з іх проста па-новаму сфармуляваны і згрупаваны.

Трохгадовы, пераходны, перыяд для вывучэння новых правілаў прадугледжаны толькі ў школах. Дапусцім, у дыктоўках памылкі будуць выпраўляцца чырвоным, але адзнака будзе залежаць толькі ад колькасці памылак паводле старой арфаграфіі. У цэнтралізаваныя тэставанні і разнастайныя экзаменацыйныя заданні тры гады не будуць уключацца пункты, якія тычацца новых правілаў. Альбо пры няправільным адказе іх не залічаць як памылкі. Дарэчы, трохгадовы перыяд не тычыцца СМІ, кніжных выдавецтваў.

У продажы ўжо з’явіліся “Беларускі арфаграфічны слоўнік” і “Сучасны руска-беларускі слоўнік для школьнікаў”, складзеныя паводле новых правілаў.

Таццяна УСКОВА, “БН”

Што зменіцца?

ПА-ПЕРШАЕ, ліквідаваны выключэнні з “залатога” беларускага правіла акання. Адгэтуль калі на “о” не падае націск, яно пішацца як “а”: было Токіо, стала Токіа.

ПА-ДРУГОЕ, “у” пасля галоснай пераходзіць у “ў” не толькі ў беларускіх, але і ў іншамоўных словах: раней пісалі “ва універсітэце”, будзе — “ва ўніверсітэце”. Выключэнне, аднак, усё ж зроблена: для лацінскіх слоў, якія заканчваюцца на -ус і -ум: радыус, прэзідыум.

ПА-ТРЭЦЯЕ, у канцоўках слоў на -эль і -эр “э” перайшло ў “а” паводле народнага вымаўлення: “камп’ютэр” змяніў аблічча на “камп’ютар”, а замест “шніцэля” трэба есці “шніцаль”.

ПА-ЧАЦВЁРТАЕ, многія словы, у якіх вымаўляецца “э”, атрымалі і на пісьме законнае “э”: сэрвіс, рэзюмэ.

ПА-ПЯТАЕ, адбыліся змены ў правапісе складаных і складанаскарочаных слоў. Усе часткі пішуцца так, як чуюцца: райвыканкам, спецкар, прафкам.

ПА-ШОСТАЕ, спрошчаны правілы пераносу слоў, што цалкам адпавядае сучасным выдавецкім тэхналогіям.

ПА-СЁМАЕ, упарадкавана напісанне вялікай і малой літар. У першую чаргу гэта тычыцца слоў рэлігійнага значэння: “бог” нарэшце будзем пісаць з вялікай літары — Бог.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter