Что изменится в работе микрофинансовых организаций через полгода

Новая архiтэктура ламбарда

Новы Указ «Аб прадастаўленні і прыцягненні пазык» палепшыць абарону правоў спажыўцоў і дасць новыя магчымасці і ўмовы для развіцця цывілізаваных спосабаў мікрафінансавання. Указ увойдзе ў сілу з 27 красавіка 2020 года, але ўжо цяпер Нацбанк і гульцы рынку сыходзяцца ў меркаванні: дакумент вельмі гнуткі і прагрэсіўны.


У прэс-цэнтры БЕЛТА начальнік галоўнага ўпраўлення рэгулявання некрэдытных фінансавых арганізацый Нацыянальнага банка Дзмітрый Набздораў акцэнтаваў увагу на тым, што новы дакумент павялічвае абарону правоў спажыўцоў. Для гэтага прадугледжаны аб’ём абавязацельстваў пазычальнікаў перад мікрафінансавымі арганізацыямі (МФА):

— Гэта азначае, што калі чалавек узяў грошы ў пазыку, то павінен вярнуць асноўную суму, працэнты і ў выпадку пратэрміноўкі — няўстойку. Іншых дадатковых плацяжоў, камісій, павышаных працэнтаў быць не можа.

Сума працэнтаў за ўвесь тэрмін карыстання мікрапазыкай не можа перавысіць двухразовы памер прадастаўленай мікрапазыкі. Акрамя таго, абмежаваны памер штрафаў, пені і няўстойкі. Іх сукупны памер за ўвесь тэрмін карыстання пазыкай незалежна ад таго, якія парушэнні па пратэрміноўцы дапусціў пазычальнік, не могуць перавысіць палову прадастаў­ленай пазыкі.

Пры гэтым таксама ёсць і верхняя мяжа ставак мікрафінансавага рынку для некамерцыйных арганізацый. Для МФА, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць у выглядзе фондаў, была ўстаноўлена мяжа — стаўка рэфінансавання (9,5 працэнта гадавых), а для спажывецкіх кааператываў фінансавай узаемадапамогі — дзве стаўкі рэфінансавання (19 працэнтаў гадавых).

Дзмітрый Набздораў не ўтой­ваў і той факт, што раней асобныя МФА, маючы абмежаванні верхняй мяжы ставак, спрабавалі нарасціць сваю прыбытковасць. Рабілі яны гэта, навязваючы дадатковыя сэрвісы. У новым указе прадугледжана права пазычальніка адмовіцца ад падпісання любой другой дамовы з МФА ці іншага дагавора з трэцяй асобай, калі гэтай дамовай абумоўлена выдача пазыкі.

Яшчэ адна навацыя — абмежаванне такіх здзелак як зваротны лізінг. Для выключэння нядобрасумленных практык прадастаўлення грашовых сродкаў абмяжоўваецца спектр рэчаў, якія могуць быць прадметам лізінгу па дагаворах зваротнага лізінгу, што заключаюцца з фізічнымі асобамі. З моманту ўступлення ў сілу Указа № 394 прадметам зваротнага лізінгу змогуць выступаць толькі транспартныя сродкі і жылыя памяшканні.

Тым часам для ламбардаў пашыраюцца віды дзейнасці: аўталамбарды, напрыклад, змогуць прадастаўляць грамадзянам пазыку пад заклад аўто, пры гэтым аўтамабіль можа заставацца ва ўладальніка. Таксама ламбарды атрымалі права ажыццяўляць камі­сійны гандаль, захоў­ванне рэчаў і скупку рухомай маёмасці для яе далейшай рэалізацыі.

Удакладнены патрабаванні да рэкламы мікрафінансавых арганізацый, а таксама да рэкламы іншых асоб па прадастаўленні пазыкі грашовых сродкаў. Рэклама павінна будзе змяшчаць поўную і дакладную інфармацыю аб рэкламадаўцы, рэквізіты нарматыўнага прававога акта, у адпаведнасці з якім даюцца грашовыя сродкі ў пазыку. Таксама ў рэкламе павінна будзе паказвацца працэнтная стаўка за карыстанне грашовымі сродкамі, у тым ліку і ў гадавым вымярэнні.

Старшыня праўлення Рэс­публіканскай асацыяцыі мікра­фінансавых арганізацый Іван Радзюкевіч заўважыў, што супольнасць МФА бачыць у гэтым указе кірунак на трансфармацыю рынку МФА па ўзоры развітых краін:

— Ламбарды пачынаюць трансфармавацца ў падабенства амерыканскіх pawnshop. Для кліентаў ламбардаў будзе даступная магчымасць прадаць сваю маёмасць, атрымаць пазыку, пакінуць маёмасць на камісійны продаж. Аўтамабільныя ламбарды знізяць стаўкі за кошт памяншэння выдаткаў на захоўванне аўто.

kryzhevich@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter