Фотарэпартаж: майстар-класы и бясплатны WI-FI. Чым прываблівае чытачоў Гомельская абласная бібліятэка

Новае пра чытанне

Домік Мальвіны, сажалка чарапахі Тарцілы, дызайнерская мэбля і гульнявыя зоны. Пасля рэканструкцыі адкрыўся адноўлены дзіцячы аддзел Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя Леніна. Праект зроблены так, каб дзеці змаглі адчуваць сябе свабодна і з задавальненнем паглыбляцца ў свет кніг і пазнавальных гульняў. Па словах кіраўніцтва, гэта адзін са спосабаў прыцягнуць чытачоў з самага маленькага ўзросту. Дарослых прыходзіцца прывабліваць іншым чынам. За некалькі апошніх гадоў бібліятэка са сховішча кніг ператварылася ў сапраўды ўніверсальны шматпрофільны цэнтр: канцэрты, майстар-класы, сустрэчы з вандроўнікамі, музеі, курсы замежных моў і нават уласны тэатр.

У асобных аддзелах можна здымаць гістарычнае кіно.

Колькасць чытачоў удалося павялічыць.

Над праектам у стылі казкі «Бураціна» абноўленага аддзела абслугоўвання навучэнцаў 1—5-х класаў працавалі маладыя мясцовыя дызайнеры. Атмасфера атрымалася даволі расслабляючай, ацэньвае змены дырэктар абласной бібіліятэкі Марына Рафеева:

— Для нас было важна, каб дзеці зноў і зноў хацелі вярнуцца ў бібліятэку, таму ў гэтым памяшканні чытачы не павінны адчуваць сябе чужымі. Гэта павінен быць па-сапраўднаму дзіцячы свет, дзе яны маглі б без страху парушаць парадак на паліцах, паглыбляцца ў свет сваіх мар і фантазій.

Заняткі па фізіцы даказваюць: на цукерках можна сыграць мелодыю.

Разыначкай аддзела стаў  кніжны музей, у якім сабралі больш як 40 розных выданняў кнігі Аляксея Талстога «Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна», Карла Калодзі «Прыгоды Пінокіа», а таксама творы сучасных аўтараў, прысвечаныя гэтаму герою. У «дарослай» частцы бібіліятэкі музеяў два. Адзін прысвечаны літаратарам Гомельшчыны, другі — рэдкім і асаблівым выданням. Аснова апошняга — фамільная кніжная калекцыя князёў Паскевічаў. Больш як 6 тысяч выданняў, самае ранняе з якіх датавана XVI стагоддзем. Працуюць з такімі кнігамі толькі ў спецыяльных пальчатках. Інакш немагчыма захаваць рарытэты на арабскай, персідскай мовах, гістарычны слоўнік з бібліятэкі Напалеона Банапарта і першы ў свеце пераклад «Вайны і міру» на французскую мову, які выканала і выдала княгіня Ірына Паскевіч. Загадчыца аддзела рэдкай кнігі Святлана Шыпілава адкрывае вітрыну яшчэ з адной унікальнай калекцыяй.

У  бібліятэцы ўнікальная калекцыя мініяцюрных выданняў.

— Гэта кніжныя мініяцюры. Выданні маленькія, але тэксты ў іх прачытаць можна. Самы маленькі экзэмпляр вось...

Святлана з усмешкай сочыць, як я імкнуся знайсці на паліцы кніжку, а потым дастае яе — памерам з капеечную манету.

Зоны для сэлфі тут на кожным кроку

Экскурсіі і майстар-класы тут бываюць штодня. Марына Рафеева прапануе ацаніць рабочыя будні бібліятэкі. Вось дзеткі з клуба «Экслібрыс» заняты каліграфіяй ці стварэннем рун. Загадчыца замежнай літаратуры Алена Адарчанка прымацоўвае цукеркі да дроту. Сёння заняткі па асновах фізікі — фольга добра праводзіць электрычнасць, націскаючы на салодкае, можна сыграць мелодыю ў спецыяльнай камп’ютарнай праграме. Праз гадзіну пачнуцца курсы англійскай і нямецкай моў. Выкладчыкі вопытныя, кошт даволі бюджэтны.

У бібліятэцы навучаць каліграфіі, клінапісу, стварэнню рун і старажытных кніг.

Марына Рафеева вядзе мяне ў актавую залу. Гэта месца для канцэртаў, сустрэч з мясцовымі знакамітасцямі і спектакляў адзінага ў краіне бібілятэчнага народнага тэатра «Гракі». У рэпертуары калектыву — п’есы класічных і сучаных аўтараў.

Багатыя інтэр’еры бібліятэкі нагадваюць калі не маёнтак шляхціца, дык, па меншай меры, сядзібу пісьменніка канца ХІХ стагоддзя.

Гэта кніга была «параненая» падчас вайны

З некаторымі выданнямі можна працаваць толькі ў пальчатках

— Так і прывабліваем моладзь, — дырэктар бібліятэкі паказвае на сэлфі-зону. —  Бясплатны Wi-Fi, магчымасць свабодна працаваць за камп’ютарам. Усё, што трэба, — чытацкі білет.

Пра сацыяльны кірунак бібіліятэка не забывае ніколі. Камп’ютарныя курсы для пенсіянераў, заняткі па прававой пісьменнасці, калі ўдаецца — бясплатныя кансультацыі юрыстаў. А на першым паверсе — тыфлавугалок. Ігар Еўдачэнка вучыць працаваць на камп’ютары і чытаць кнігі са шрыфтам Брайля такіх жа, як сам, — людзей з парушэннямі зроку.

Новы дзіцячы аддзел — утульная казка

У 2004 годзе тут колькасць чытачоў пераваліла за 50 тысяч. Потым пайшоў вялікі спад, згадвае Марына Рафеева:

— Зніжэнне ўдалося спыніць у    2014-м. Потым наша актыўная дзейнасць дапамагла павялічваць колькасць чытачоў. Зараз іх 37 040. Спадзяюся, будзе больш.

valchencko@mail.ru

Фота Івана КУЗМЯНКОВА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter