
Аляксандр Шыфрын, начальнік цэнтра «Карты госця», падзяліўся з карэспандэнтам «Р» цікавымі падрабязнасцямі:
— Супрацоўнічаць з рэгіёнамі мы пачалі нездарма, прычым доўга да гэтага ішлі. У мінулым годзе Савет Міністраў ацаніў высокую іміджавую значнасць «карты госця» як для турыстычнай галіны, так і для сферы культуры. Таму была прынята пастанова, згодна з якой праект уключылі ў Рэспубліканскую праграму мерапрыемстваў, прысвечаных Году малой радзімы. З гэтага часу мы лічым галоўнымі карыстальнікамі прадукту не толькі замежных турыстаў, але і актыўных беларусаў, якія вандруюць па роднай краіне. Таму мы падумалі, што лагічна адкрыць пункты продажу карт у кожным рэгіёне. Так і гасцям будзе зручна іх набываць, і непасрэдна мясцовым жыхарам не спатрэбіцца ехаць у Мінск, каб стаць уладальнікамі карты, ці купляць яе ў інтэрнэце. У Магілёве пакуль будзем прадаваць карту аднаго фармату «Эканом», разлічаную на год. Набыць яе можна ў гасцініцы «Турыст» (пр-т Пушкінскі, 6). Гэтая карта гарантуе зніжкі да 50 працэнтаў у музеях, аквапарках і іншых месцах адпачынку, а таксама да 20 працэнтаў у гатэлях, кафэ, крамах, на пракат аўтамабіляў і веласіпедаў. Зразумела, у пераклік уключаны не толькі славутасці Магілёва, але і ўсёй краіны.
Аляксандр Шыфрын прызнаецца, што прадстаўнікі рэгіёнаў ахвотна падтрымалі такую задумку, таму да канца чэрвеня з’явяцца яшчэ чатыры пункты продажу карт:
— А наступным на чарзе будзе Віцебск: мы ўжо заключылі дагавор, прадстаўніцтва адкрыецца ў адной з антыкварных крам у цэнтры горада ў бліжэйшыя дні. У Гомелі, Брэсце і Гродне зараз вядзем перамовы, упэўнены, яны завершацца ўрачыстым адкрыццём новых пунктаў продажу.
Начальнік цэнтра адзначыў, што, па выніках маркетынгавага даследавання, спецыялісты вырашаць, якія яшчэ фарматы карт з’явяцца ў продажы ў рэгіёнах. Нагадаем, усяго іх 5: VIP, «Прэміум», «Люкс», «Бізнес» і «Эканом».
glushko@sb.by