Беларускія і расійскія спецыялісты стварылі ўнікальны дырыжабль

Ноу-хау, лягчэйшае за паветра

Беларускія і расійскія спецыялісты стварылі ўнікальны дырыжабль
Навукоўцы і спецыялісты Фізіка-тэхнічнага інстытута Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і ААТ “Даўгапрудзенскае КБ аўтаматыкі” прыдумалі і стварылі беспілотны дырыжабль па заказе МНС Расіі. Хутка ў падмаскоўнай Балашысе пачнуцца яго выпрабаванні. 

Апарат будзе весці назіранне за лясамі і тарфянікамі, каб выяўляць узгаранні, за месцамі падтапленняў і перадаваць “гарачую” інфармацыю ў пункты кіравання. 



Расказвае начальнік навукова-вытворчага цэнтра “БАК і тэхналогіі” ФТІ НАН Беларусі, кандыдат тэхнічных навук, дацэнт Юрый Яцына: 

— З часу першай паловы мінулага стагоддзя, калі распачыналіся спробы шырокага практычнага прымянення дырыжабляў, сусветнай навуцы і тэхніцы ўдалося вырашыць дзве важныя праблемы. Па-першае, наладжана вытворчасць гелію, выбуховабяспечнага ў адрозненне ад вадароду, газу, лягчэйшага за паветра. Па-другое, з’явіліся лёгкія і трывалыя шматслойныя матэрыялы. Вырабленая з іх абалонка здольная без страт утрымліваць гелій, які валодае высокай цякучасцю. Да гэтага трэба дадаць і салідны пакет ноу-хау, назапашаных беларускімі навукоўцамі і спецыялістамі пры стварэнні беспілотных лятальных апаратаў. Дарэчы, іх ільвіная доля кошту прыпадае на разнастайныя сістэмы кіравання, датчыкі, комплексы назірання за зямлёй, перадачы дадзеных у цэнтр кіравання палётам. У гэтым сегменце засяроджаныя асноўныя навуковыя дасягненні беларускіх навукоўцаў. Прычым беларускія распрацоўкі, не саступаючы замежным у якасці, аказаліся менш дарагімі. 

Так што, гаворачы пра новы дырыжабль, па сутнасці трэба мець на ўвазе цэлы беспілотны лятальны комплекс. Аднак ад самалётнага ён мае прынцыповыя адрозненні. Найбольш відавочнае — хуткасць палёту невысокая. І ў гэтым, як ні парадаксальна, перавага дырыжабля. Такі апарат можа суткамі вісець над адным месцам, ажыццяўляючы назіранне і перадаючы карцінку на пульт кіравання, размешчаны часам за сотні кіламетраў. Другая перавага — затраты на палёт мінімальныя. Невялікі аб’ём гаручага для рухавікоў унутранага згарання або батарэі з зарадным устройствам, калі апарат прыводзяць у рух электраматоры. Пры гэтым дырыжабль практычна пастаянна гатовы да палёту — спатрэбіцца толькі балон са сціснутым геліем, каб перыядычна папаўняць абалонку на працягу месяца. 

Юрый Яцына дэманструе запісы назірання за Бярэзінскім біясферным запаведнікам і Белавежскай пушчай у Беларусі, ажыццёўленыя з беспілотніка-самалёта і дырыжабля. У першым выпадку карцінка пастаянна перамяшчалася і змянялася са значнай хуткасцю. У другім адчуванне было такое, быццам назіраю за статкам казуль з-за бліжэйшага дрэва. Перавага ў якасці дасягнута дзякуючы таму, што дырыжабль знаходзіўся ўдвая ніжэй за самалёт, на вышыні 57 метраў. А таксама таму, што створана ўнікальная сістэма стабілізацыі яго ў паветры незалежна ад парываў ветру і іншых акалічнасцяў. 

Пра дзве патэнцыйныя сферы прымянення навінкі мы ўжо фактычна расказалі — прадухіленне пажараў, назіранне за жывёламі. Але ёсць яшчэ магчымасць весці вельмі якасную тапаздымку, назіранне за дзяржаўнай мяжой, іншымі ахоўнымі тэрыторыямі — Юрый Яцына прывёў даволі шырокі пералік. Як ён звязаны з памерамі апарата? Лічыцца, што кубаметр гелію здольны падняць у паветра кілаграм карыснай нагрузкі, уключаючы вагу абалонкі дырыжабля і іншых яго сістэм. Зыходзячы з гэтага, беларускія і расійскія спецыялісты распрацавалі дзве мадэлі беспілотнага дырыжабля — аб’ёмам 32 і 60 кубічных метраў. Але гэта відавочна не мяжа. Юрый Яцына тлумачыць: 

— У ЗША падлічылі: пры перавозцы вялікіх грузаў на далёкія адлегласці сучасныя дырыжаблі могуць быць у 5-6 разоў больш эфектыўнымі за транспартныя самалёты. Мы таксама тэхналагічна і інтэлектуальна гатовыя прыняцца за распрацоўку мадэляў большага памеру. Быў бы заказчык. 
І ён, трэба меркаваць, з’явіцца. Паколькі ў Беларусі ўжо наладжана падрыхтоўка аператараў беспілотных лятальных комплексаў, а на дзяржаўным узроўні пастаўлена задача ператварыць краіну ў паўнацэнную авіяцыйную дзяржаву.

Уладзімір Якаўлеў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter