«Дорога же освещенная»: как мы вместе с ГАИ проверили наличие фликеров у жителей глубинки

Ноччу ўсе пешаходы шэрыя

Змена сезона дыктуе свае ўмовы: дзень становіцца кароткі, ападкі і недахоп сонечнага святла пагаршаюць бачнасць на дарогах. У сувязі з гэтым ДАІ правяла па ўсёй краіне адзіны дзень бяспекі дарожнага руху. Правілы, што абавязваюць пешаходаў, якія рухаюцца ў цёмны час сутак па краі праезнай часткі, абазначаць сябе святлоадбі­вальнымі элементамі, дзей­нічаюць у краіне ўжо дванаццаць гадоў. На жаль, пакуль далёка не ўсе разумеюць, што флікер патрэбны менавіта для ўласнай бяспекі, а не для таго, каб пазбегнуць штрафу. Карэспандэнт «Р» з інспектарамі спецыяльнага падраздзялення ДПС «Страла» МУС адправілася на начное дзяжурства і праверыла, як жыхары рэгіёнаў выконваюць правілы дарожнага руху ў цёмны час сутак.

На пытанне інспектараў, чаму без флікера, парушальнікі ўсе як адзін наракалі на непамятлівасць. 

Ёсць праблема

На гадзінніку 19.00. Змяркаецца. Надвор’е на вуліцы нялётнае: дождж і туман робяць бачнасць практычна нулявой. Перш чым адправіцца на дзяжурства па начных дарогах Мінскага раёна, старшы інспектар службы эскарціравання спецыяльнага падраздзялення дарожна-патрульнай службы «Страла» МУС Міхаіл Грыцук агучвае сітуацыю:

— За 8 месяцаў гэтага года ў краіне адбылося 240 аварый па віне пешаходаў. У іх 67 чалавек загінулі і 179 атрымалі траўмы. У 88 з гэтых выпадкаў пешаходы былі п’яныя.

У патрульнай машыне яшчэ адзін удзельнік рэйду — старшы інспектар Дзяніс Нораў. Імчымся па вызначаным маршруце — у пасёлак Атоліна. Па дарозе спрабуем разглядзець людзей, якія стаяць на прыпынках. Іх цёмныя сілуэты ледзь бачныя.

— Шмат хто з жыхароў Мін­скага раёна працуе ў Мінску. Так, у сталіцы дарогі выдатна асветлены, флікер тут неабавязковы. Але з навакольнымі вёскамі і пасёлкамі сітуацыя іншая. Ледзь сышоў з тратуара — і цябе ўжо не відаць. Плюс святло фар сустрэчных аўтамабіляў і адсутнасць асвятлення. Заўважыць нічым не пазначанага пешахода ў такіх умовах складана. Але многія, калі выязджаюць за горад, забываюцца пра флікер, — Дзяніс Нораў апісаў галоўную праблему жыхароў Мінскага раёна.

Заязджаем на тэрыторыю пасёлка Атоліна і адразу сутыкаемся з яркім прыкладам таго, як варта пазначаць сябе ў цемры. Наводдаль свеціцца веласіпедыст. Яго двухколавы сябар бачны здалёк: наперадзе катафоты і фары белага колеру, ззаду — чырвонага. Пытанняў няма. У пасёлку Атоліна, нягледзячы на пахмурны вечар, на тратуарах поўна людзей — хтосьці вяртаецца дадому з працы, хтосьці ідзе ў краму. Увагу інспектараў прыцягвае першы парушальнік — падлетак ідзе без флікера па краі праезнай часткі.

— Дык тут дарога асветленая... — хлопец ківае ў бок ліхтароў.

— Пры руху па краі праезнай часткі пешаход павінен абазначыць сябе флікерамі, незалежна ад таго, асветленая дарога ці не, — растлумачыў юнаму парушальніку Міхаіл Грыцук.

Праз хвіліну зоркае вока інспектараў заўважае ў цемры яшчэ аднаго парушальніка.

— Ну што, бачыце пешахода? — інспектары звяртаюцца да мяне.

Я ўзіраюся ў цемру і нарэшце заўважаю пенсіянерку, якая ідзе па краі прасёлкавай дарогі.

— Ды мне сто метраў да хаты прайсці. Вунь да таго ліхтара.

Падчас праверкі высветлілася, што флікер пенсіянерка мае, але ён прымацаваны на сумцы ззаду, таму яго відаць толькі спадарожным аўтамабілям. Аднак флікер — гэта не абярэг, яго наяўнасць не гарантуе бяспекі сама па сабе. Вадзіцель павінен заўважыць святлоадбівальны элемент здалёк. Інспектары падарылі парушальніцы яшчэ адзін флікер, каб сустрэчныя аўтамабілісты таксама маглі разглядзець яе ў цемры.

Веласіпед Юрыя бачны здалёк: наперадзе катафоты і фары белага колеру, ззаду — чырвонага. Пытанняў няма.

Святлоадбівальны эфект

Святлоадбівальныя характа­рыстыкі таксама маюць значэнне. Па нормах бяспекі флікеры павінны вяртаць святло з адлегласці не менш за 160 метраў. Самы высокі каэфіцыент маюць флікеры белага і салатавага колераў.

Сустракаем на абочыне пару з каляскай, усе з флікерамі, а бацька яшчэ і з сігнальным ліхтарыкам у руцэ: усё ж такі дзіця ў калясцы, на дарозе даволі цёмна. Праязджаем міма кампаніі падлеткаў. Хлопцы ў прамым сэнсе свецяцца ў цемры. У іх вопратку ўшыты спецыяльныя элементы. Выдатнае дызайнерскае рашэнне, бо флікер можна забыць дома, а так ён заўсёды з табой. Заўважаем у цемры яшчэ аднаго маладога чалавека. Віталь кажа, што ідзе да свайго аўтамабіля, таму і без флікера. Аднак, як толькі вадзіцель пакідае свой транспарт, ён становіцца пешаходам, таму і флікер у яго павінен быць.

Падчас рэйду мы запыталіся ў вадзіцеляў, што яны думаюць пра флікеры. Вікторыя на белым BMW пацвердзіла, што заклік купляць і насіць флікер, які ўжо набіў усім аскому, працуе: 

— Людзей з флікерам заўважаю на значна большай адлегласці, чым без яго. Дзесьці метраў за 200. Лягчэй зарыентавацца і паспець прыняць правільнае рашэнне.

Тым часам усяго паўгадзіны пасля захаду сонца, а адчуванне, што ўжо глыбокая ноч. Мы едзем па аграгарадку Самахвалавічы. Заўважаем удалечыні жанчыну, якая ідзе па краі дарогі. Убачыўшы патрульны аўтамабіль, яна рэзка звярнула ў бліжэйшы двор. Неўзабаве высветлілася прычына такіх манеўраў — флікера ў яе не аказалася. Дама спрачаецца на павышаных тонах і даказвае, што ішла па абочыне. Дзяніс Нораў прапануе паглядзець відэа з рэгістратара. Спрэчка заканчваецца.

Падчас рэйду мы выявілі чатырох парушальнікаў. На пытанне інспектараў, чаму без флікера, усе як адзін наракалі на няпамятлівасць. Дарэчы, штодня ў краіне да адміністрацыйнай адказнасці прыцягваецца каля 70 пешаходаў без флікераў. Што тычыцца адказнасці, то мінімальны памер штрафу за ігнараванне гэтага пункта ПДР — 25,5 рубля. Гэта больш за тую суму, за якую можна купіць дзясятак флікераў. А карысць і выратаванае жыццё не вымераеш ніякімі грашыма.

Святлоадбівальныя элементы бываюць розныя — у выглядзе бранзалетаў, падвесак, палосак, камізэлек... Вырашаем правесці невялікі эксперымент і высветліць, які з іх найбольш эфектыўны. Красоўкі са святлоадбівальнымі палоскамі збоку вадзіцель наогул не заўважыў, бо святло фар на іх проста не трапляла. З флікерам — падвескай на сумцы трэба быць асцярожным: адзін недакладны рух, і рукаў курткі можа яго закрыць. Бачнасць падвескі на сумцы склала 90 метраў — адлегласць пры хуткасным руху крытычная. Самай эфектыўнай аказалася святлоадбівальная камізэлька. У ёй мяне ўбачылі за 400 метраў! Аднолькавыя вынікі паказалі куртка са святлоадбівальнымі палоскамі на спіне і флікер-бранзалет на рукаве. Іх вадзіцель убачыў з адлегласці каля 300 метраў.

gorbatenko@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter