Ноч у Пiлiпаўку

Iгнасю аднойчы даводзiлася бачыць забiтых ваўкоў, але такiх вялiкiх, як гэты, нi разу...

Iгнась iшоў шпарка, шырока расстаўляючы ногi. Яго высокая постаць у жаўтаватым кароткiм кажушку гайдалася ад гэтага ў бакi, ледзь не чапляючыся за прыдарожныя кусты. Стары след ад саней задзьмула завея, i цяпер тут была пратоптана толькi вузкая, як на ступню, сцяжынка. З бакоў — гурбы, ступi — i амаль да пояса правалiшся ў снег. Ён рыпеў пад хромавымi ботамi, якiя Iгнась выпрасiў у бацькi, каб схадзiць у суседнюю вёску на вечарынку. 

Яно сабе i танцаў там добрых не было: зiма, халадэча, ды яшчэ й музыка быў адзiн, без цымбалiста. Але Iгнася больш цiкавiла Люська, вяртлявая рыжая дзяўчына ў белым кажушку. Падабалася яна не толькi яму, а i многiм хлопцам з Мацееўкi, што была кiламетры за тры ад iх вёскi. 

Неяк раз, яшчэ мiнулай зiмой, мацееўскiя мальцы сабралiся разам ды i сустрэлi Iгнася на сцежцы, дзесьцi ў гэтым месцы, дзе ён i цяпер iшоў дадому. Ну, значыць, каб правучыць чужога кавалера. Што рабiць? Адзiн супраць семярых? I ўсе — з каламi. Iгнась быў хлопец спакойны па характары i дужы. 

— Ну што? Усе на аднаго?! Падыходзьце... — голас яго задрыжаў ад напругi. 

Iгнася брала злосць. Асаблiва калi ён убачыў, што рыжы Навум, якi таксама заляцаўся да Люськi, сабраў на расправу з iм, лiчы, усiх мацееўскiх хлопцаў. I хаця ў Iгнася ў руках нiчога не было, ён першым кiнуўся да мацееўскiх, выхапiў нечакана ў аднаго з iх кол i з усяго размаху ўдарыў яго. Малец войкнуў ад болю i асунуўся ў снег. Але Iгнася ўжо абышлi ззаду, нехта збiў з галавы вайсковую бацькаву вушанку, а другi хлопец ударам кала рассёк яму вуха. Пацякла кроў... 

Iгнась у той бойцы ўсё ж  улажыў дваiх, а астатнiя, забраўшы стогнучых, адышлi. 

— Чакай, басата! — прыгразiў рыжы Навум. — Мы яшчэ сустрэнемся! Ты нас яшчэ папомнiш. А пра Люську забудзь. Ясна?! 

На сённяшнiх танцах рыжага не было. Ды i яго хаўруснiкi па адным тулiлiся па вуглах, а Iгнась амаль увесь вечар танцаваў з Люськай. Тая iльнула да хлопца, калi яны выходзiлi з хаты на вулiцу, каб астыць, i ўсё скардзiлася: 

— Баюся я гэтага Навума, чапляецца ён да мяне, дзе толькi нi ўбачыць. У вёсцы ж ад яго нiдзе не схаваешся. 

Iгнась дужымi рукамi падымаў маленькую Люську пад пахi, як тую ляльку, прыцiскаў да сябе i ўсё шаптаў дзяўчыне на вушка: 

— Дурненькая, не бойся яго. Я з iм яшчэ паквiтаюся. Калi трапiцца на дарозе, з маiх рук жывым не вырвецца. 

— Ну што ты, Iгнашка, не трэба... 

Тады, у першыя пасляваенныя гады, калi прагналi фашыстаў, жанiхоў у вёсцы было мала, а Iгнась — хлопец што трэба, i Люська не хацела яго адпускаць. I дужы, i прыгожы, i працавiты. Што яшчэ дзеўцы трэба? А што ён негаваркi, дык гэта не загана. Галоўнае, каб рукi былi не лянiвыя. 

Пра хлопца i ў Мацееўцы гаварылi рознае, але больш хвалiлi за сiлу. Бывала, заспрачаецца ён з дарослымi мужыкамi, хто крапчэйшы, ды й падыме на плячах паўгадавалага бычка цi ўскiне з зямлi на спiну мех солi пудоў на шэсць. Мясцовая прадаўшчыца, тоўстая, непаваротлiвая баба Жэня, якая жыла па суседству, калi ў краму завозiлi соль цi яшчэ што цяжкае, заўсёды прасiла Iгнася разгружаць тавар. Прапаноўвала за гэта нават пляшку крамнай гарэлкi, але той адмаўляўся: 

— Ды не п’ю я, цётачка. Вы там ужо з бацькам разбярыцеся. 

Успомнiўшы пра бабу Жэню, а потым i пра дом, хлопец схамянуўся: заўтра ж трэба раненька ехаць у лес па дровы. Бацька ўжо i з леснiком дамоўвiўся i нават бутэльку самагонкi занёс таму як аванс. 

— Сынок, ты ж там на вечарынцы доўга не баўся, — наказваў бацька, даючы Iгнасю панасiць свае хромавыя боты i вайсковы рэмень. — Мы ж цябе з мацi чакаць будзем. I глядзi там з рыжым Навумам зноў не счапiся. А то я цябе знаю... 

Iгнась шкадаваў старога Лявона. Бацька прыйшоў з вайны паранены, быў слабы i часта хварэў. Таму ўся дамашняя сялянская работа лягла на плечы старэйшага сына. Блiзняты, брат i сястрычка, якiя нарадзiлiся пасля вайны ўжо, былi яшчэ малыя, а мацi i так хапала клопату ў хаце, каля скацiны ў хляве ды на гумне. 

Да вёскi было ўжо блiзка, i Iгнась прыбавiў хады. Студзеньскiя маразы ў Пiлiпаўку на гэты раз былi слабыя, i хлопец не надзяваў пальчаткi, што звязала мацi. Ён хацеў нават расшпiлiць рэмень, якiм падпяразваў кажух, але, заўважыўшы, як наперадзе, крокаў за сорак, прамiльгнуў нейкi агеньчык, апусцiў рукi. Ноч была месячная, але з-за кустоў, што навiсалi над сцежкай, не было бачна, хто там. 

«Няўжо зноў Навум са сваёй хеўрай?» — падумаў Iгнась. Але адступаць ён не прывык. Ды i куды? Тут ужо да дому з паўтары сотнi крокаў заставалася. Сцежка паварочвала ўправа, i Iгнась на ўсякi выпадак, выцягнуўшы рукi з кiшэняў кажушка, напружыўся: за паваротам чакаць можна было ўсяго. 

А там насустрач краўся, прыпадаючы да сцежкi, воўк-канятнiк. Iгнась зразумеў гэта па яго росту: той быў з добрае цяля. Хлопец ведаў, што такiя звяры ўдваiх цi ўтраiх лёгка могуць звалiць каня, а не тое што малога дзiкага падсвiнка цi дваровага сабаку. 

Iгнасю аднойчы даводзiлася бачыць забiтых ваўкоў, але такiх вялiкiх, як гэты, нi разу. А пасля вайны iх развялося столькi, што яны нападалi не толькi на сабак, што былi на прывязi, а праз саломенныя стрэхi залазiлi па гурбах снегу ў аўчарнi. Быў выпадак у той жа Мацееўцы, дзе ваўкi ноччу ў Пiлiпаўку, калi ў iх былi свае «вяселлi», загрызлi кульгавую Ясючыху, якая адна апоўначы iшла дамоў нацянькi праз кустоўе, што расло ўздоўж замёрзлага ручая. 

Усё гэта iмгненна пранеслася ў галаве Iгнася. Ён разумеў, што паварочвацца да ваўка спiнай нельга: гэта яўная смерць. Ды i адступаць не было куды. Хлопец хацеў намацаць у кiшэнi самаробны сцiзорык, якi змайстраваў з кавалка зламанай пiлкi-нажоўкi, але было позна. Канятнiк прысеў на заднiя лапы, падрыхтаваўся да кiдка на ахвяру. 

Звычайна ваўкi, нападаючы на хворых лася цi падсвiнка, цэляцца адразу ўхапiць iх за горла, каб спусцiць кроў. Iгнась iнстынктыўна прыгнуў галаву, i канятнiк прамахнуўся, толькi моцна ўдарыў хлопца грудзьмi. Той устаяў на нагах. Галава звера з кароткай непаваротлiвай шыяй аказалася вышэй збiтай на патылiцу вушанкi. Воўк толькi клацаў у паветры зубамi. А Iгнась, ухапiўшы звера папярок тулава, усё цiснуў i цiснуў яго да сябе, быццам жалезнымi абцугамi. Воўк усё ж паспеў моцнымi заднiмi лапамi разарваць кажух i, каб не вайсковы рэмень, пэўна, выпусцiў бы хлопцу кiшкi. Хватка Iгнася была лiтаральна мёртвай: ён не даваў зверу нi галаву павярнуць, нi дрыгаць больш лапамi. Праз некалькi хвiлiн, напружыўшыся, хлопец, вiдаць, усё ж зламаў зверу хрыбет, бо той толькi працягла ўзвыў i абмяк. 

Так i прынёс Iгнась ваўка ў свой двор. Пачуўшы чужы пах, залiўся брэхам iх сабака, разбудзiўшы гэтым бацькоў. 

Перапуджаная мацi закрычала немым голасам, убачыўшы сына пасярод двара з ваўком у абдымку. Разам з бацькам яны спрабавалi расчапiць рукi Iгнася, каб скiнуць на снег ужо нежывога звера, але гэта iм нiяк не ўдавалася. Толькi паклiканыя на дапамогу суседзi ўсё ж здолелi развесцi рукi хлопца. У яго пыталiся, як усё адбылося, але Iгнась маўчаў. Мацi спрабавала стрэсцi з яго чорнавалосай галавы снег, але, зразумеўшы, што гэта сiвая пасма валасоў, загаласiла: 

— А мой жа ты сыночак! Што гэта ён, ваўкалак, з табой зрабiў! 

Потым яшчэ больш за месяц Iгнась праляжаў у райцэнтры ў бальнiцы, пакуль змог зноў загаварыць. Дапамагала гэтаму i Люська, якая, ужо зусiм не саромеючыся, як нарачоная, амаль кожны дзень увечары дабiралася ў бальнiцу, сядзела гадзiнамi каля ложка Iгнася i ўсё перабiрала яго раптам пасiвеўшыя на скронях валасы. 

Пагалоска аб тым, што Iгнась у Пiлiпаўку задушыў рукамi ваўка-канятнiка i прынёс яго ў абдымках дадому, абляцела ўсе навакольныя вёскi. З тае пары хлопец не стаў нi больш гаваркiм, нi слабейшым. Цяпер ужо нi рыжы Навум, нi яго кодла нават i не думалi дражнiцца з Iгнасем. Толькi са злосцi ахрысцiлi яго Ваўкадавам. Чаго ў гэтай мянушцы было больш, сказаць цяжка, аднак за смеласць i сiлу Iгнася ў вёсцы сталi паважаць яшчэ больш. Дый Люська цяпер на кпiны сябровак толькi жартавала ў адказ:

— Не, мяне ён абдымае мякка, як дзiцятку матуля. А калi Iгнасёк не ў гуморы, лепш не трапляцца яму пад руку. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter