Як адзначаюць Раство ў Беларусі і за мяжой

Ноч, поўная цудаў

Гэта свята любяць нават тыя, хто не лічыць сябе моцна веруючым. Мы збіраемся разам у асяроддзі родных, дорым адзін аднаму падарункі, дзелімся пажаданнямі. У кожнай сям’і — свае калядныя звычкі. Але ёсць традыцыі і агульнахрысціянскія.

Фота аўтара

Аплатка з пажаданнямі

Католікі святкуюць Божае Нара-джэнне 25 снежня. Аднак, па сутнасці, адзначаюць яго ўжо з вечара 24-га, які называюць “вігілійным”. Слова “вігілія” перакладаецца з лацінскай мовы як “начное няспанне”. Стол, за якім збіраюцца родныя, засцілаюць белым абрусом, пад які абавязкова кладуць трошкі сена як напамін пра нараджэнне Хрыста не ў нейкім палацы, а ў просценькай стайні. У цэнтры ставяць запаленую свечку (сімвал Віфлеемскай зоркі) і кладуць на талерку аплаткі, часам таксама фігурку нованароджанага Езуса і Евангелле.

З ежы падаюць толькі посныя стравы. Многія гаспадыні стараюцца, каб іх было менавіта 12 — па ліку апосталаў. З абавязковых страў — крупяная каша куцця. У Беларусі куццёй называюць і саму вігілійную вячэру. Акрамя кашы, падаюць рыбныя стравы, булачкі з макам, павідлам і іншым, макавае малачко з баранкамі, кісель і гэтак далей. За стол садзяцца пасля таго, як на небе з’явіцца першая зорка. Прычым адно месца пакідаюць свабодным — як памяць аб памерлых і падарожных, якія неспадзявана могуць пастукаць у дзверы.

Хтосьці са старэйшых у сям’і чытае ўрывак з Евангелля паводле Лукі, у якім апісваецца нараджэнне Езуса. Затым усе моляцца разам і дзеляцца асвечанай аплаткай — тонкім прэсным хлебам, што выкарыстоўваецца ў святой Імшы і сімвалізуе Хрыста, які, прыняўшы чалавечае цела, аддаў сябе самога за жыццё свету. Адломваючы невялікі кавалак ад чужой аплаткі, католікі дзеляцца адзін з адным найлепшымі пажаданнямі, просяць прабачэння і прымаюцца за святочныя стравы. Апоўначы і дарослыя, і дзеці адпраўляюцца на галоўную калядную святую Імшу — Пастэрку.

Дзень на сочыве

Многія праваслаўныя, падобна да католікаў, накрываюць святочны стол напярэдадні Раства, на куццю, 6 студзеня. Аднак згодна з канонам Праваслаўнай царквы, гэты дзень асвячаецца асабліва строгім пастом. Царкоўным статутам благаслаўляецца ўжываць толькі коліва, або сочыва (адсюль і назва вечара), якое гатуецца з варанага зерня пшаніцы ці рысу з даданнем мёду і сухафруктаў. Сачэльнік прынята праводзіць у малітве, а не ў клопаце пра разнастайнасць меню.

Як і ў католікаў, у праваслаўных ёсць магчымасць наведаць святочнае богаслужэнне ноччу. І гэта зручна тым, што, прычасціўшыся ноччу, на наступны дзень вернікі маюць магчымасць больш часу правесці з роднымі ў свята. Але паколькі ў многіх сем’ях ёсць маленькія дзеці, некаторыя прыходзяць на малітву ў храм раніцай.

Пасля вяртання з царквы можна накрыць святочны стол. Неабавязкова, каб страў было 12. Улічваючы, што ў праваслаўных Раству папярэднічае 40-дзённы пост, тыя, хто яго прытрымліваўся, стараюцца разгаўляцца паступова і з асаблівым устрыманнем.

На свята, як правіла, гатуюць нешта з любімых у сям’і няпосных страў. На стол часта падаюцца запечаныя індычка, гусь ці качка, якіх начыняюць яблыкамі, грушамі з мёдам, грэчкай з цыбуляй, грыбамі, пячонкай, яйкамі, капустай або чарнаслівам. У многіх сем’ях смажаць карпа, пякуць галушкі і мядовыя пернікі, фаршыруюць вараныя яйкі, рыхтуюць заліўное, халадзец і многае іншае.

ЦІКАВА

• У Грэцыі, якая з’яўляецца марской дзяржавай, прынята ўпрыгожваць на свята замест ёлкі караблікі. Стол грэкі рыхтуюць па прынцыпе “чым больш страў, тым больш дастатку і багацця чакае гаспадароў”. На ім абавязкова прысутнічаюць хрыстопсамо — хлеб Хрыста, гранаты як сімвал багацця і ўрадлівасці, свініна ў самых розных выглядах.

• У Сербіі Раство таксама святкуюць без ёлкі. Замест яе з лесу прыносяць маладыя дубовыя дрэвы, якія затым урачыста спальваюцца ля храма. Галоўным атрыбутам на стале ў серба з’яўляецца хлеб чэсніца (у перакладзе — “кавалак шчасця”), якім дзеляцца родныя.

Фота Рэйтар

• Яркі момант грузінскага Раства — шэсце Аліло, якое пачынаецца адразу пасля святочнага богаслужэння. Уперадзе працэсіі ідуць дзеці з вянкамі на галовах, сімвалізуючы анёлаў. За імі крочаць прадстаўнікі духавенства з іконамі, крыжамі і харугвамі, пераапранутыя калядоўшчыкі і натоўп простых гараджан. Мясцовыя жыхары ахвяруюць працэсіі прысмакі, грошы, вопратку, якія пасля перадаюцца тым, хто жыве ў нястачы.

• У Аўстрыі, як і ў многіх каталіцкіх краінах, дзяцей з Раством віншуе святы Мікалай, адорваючы падарункамі паслухмяных дзяцей. А за тымі, хто паводзіў сябе дрэнна, прыглядае яго антыпод Крампус. Гэта жудасная істота з казлінымі рагамі, званочкам і розгамі, у якую перапранаюцца маладыя хлопцы.

• У Нарвегіі на свята прынята хаваць усе венікі, якія лічацца галоўным сродкам перамяшчэння ведзьмаў. Мясцовыя жыхары вераць, што ноччу перад Раством актывізуюцца ўсялякія злыя духі.

СМАЧНА ЕСЦІ

Сочыва класічнае

Вам спатрэбяцца: зерне пшаніцы — 1 шклянка, мак — 100 г, мёд кветкавы — 2—3 ст. л., арэхі грэцкія — 140 г.

Пшаніцу перебраць, памыць і пакінуць у халадной вадзе на некалькі гадзін. Мак заліць кіпенем, а пасля таго як ён крыху разбухне, зліць ваду. Зярняткі расцерці ў ступцы або пракруціць праз мясарубку некалькі разоў. Арэхі здрабніць і падсмажыць на сухой патэльні. Зліць ваду з пшаніцы, заліць яе мёдам (густы можна растварыць у невялікай колькасці вады). Дадаць мак, арэхі і пакінуць настойвацца.


Карп пад соусам

Вам спатрэбяцца: буйная рыбіна, грыбы — 200 г, смятана — 3 ст. л., сметанковае масла — 100 г, мука — 150 г, сухое белае віно — 1 шклянка, паў-лімона, цыбуліна, соль, перац.

Рыбу загадзя пачысціць, нацерці соллю, нарэзаць на кавалкі і пакінуць марынавацца на некалькі гадзін. Пасля абваляць у муцэ і пасмажыць на патэльні не да поўнай гатоўнасці. Выкласці ў форму для запякання. Для соуса нарэзаць цыбулю і грыбы, абсмажыць на сталовай лыжцы сметанковага масла. У асобнай патэльні растапіць масла, дадаць муку, соль, перац, абсмажыць да залацістага колеру. Сюды ж пакласці грыбы з цыбуляй, смятану, выліць віно і выдавіць сок лімона. Паліць соусам карп і паставіць у духоўку. Запякаць пры тэмпературы 200 градусаў на працягу 20 хвілін.


Кісель “Калядны”

Вам спатрэбяцца: крухмал — 3 ст. л., карыца — 0,25 ч. л., вада — 2 л, яблыкі — 3 штукі, цукар — 4 ст. л., цэдра апельсіна, лімонная кіслата.

Яблыкі пачысціць, парэзаць і пакласці разам з цэдрай апельсіна ў кіпень, патрымаць на агні 2—3 хвіліны, затым даць настаяцца яшчэ 15 хвілін. Працадзіць адвар, дадаць цукар, карыцу, лімонку, перамяшаць і зноў паставіць на агонь. Крухмал развесці ў халоднай вадзе і выліць у адвар, перамешваючы. Трымаць на пліце, пакуль кісель не загусцее. Піць цёплы.


mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter