Галоўнае ў стылі casual - камфорт і зручнасць

Ніякіх стразаў і рушачак

Ці заўважылі вы, як змянілася гарадская мода за апошні час? Дзяўчаты амаль перасталі насіць абцасы, хлопцы адмовіліся ад дзелавых касцюмаў. Лідыруючыя пазіцыі ў жаночых і мужчынскіх гардэробах занялі джынсы і красоўкі з кедамі. Знікла святочнасць вобразаў, з’явілася паўсядзённасць і нават нейкая нядбайнасць. Не, мы не забілі на моду і стыль, проста ў наша жыццё моцна ўварваўся casual.

фото blogspot.com
Стыліст-іміджмейкер Анастасія Баршчэўская расказвае, што стыль кэжуал з’явіўся ў Еўропе ў ХХ стагоддзі і да сённяшняга часу застаецца адным з самых папулярных і любімых ва ўсім свеце:

— Нядбайны, неафіцыйны, паўсядзённы... Гэтыя сінонімы — пераклад англійскага слова casual — як нельга лепш адлюстроўваюць сутнасць стылю, у аснове якога ляжыць імкненне апранацца зручна, індывідуальна і элегантна кожны дзень. Стыль кэжуал вельмі шматгранны, таму падыходзіць абсалютна ўсім.

У размове пра стылі часта выкарыстоўваюць слова “база” — гэта тыя рэчы, якія складаюць аснову гардэроба. У дачыненні да casual гэта простыя топы, футболкі, майкі, вадалазкі, пажадана, аднатонныя, непрыкметныя, нейтральнай каляровай гамы, і, вядома, джынсы. У жанчыны, якая імкнецца апранацца ў гэтым стылі, павінна быць як мінімум 2—3 пары джынсаў. Дапускаюцца розныя фасоны: скіні, бойфрэнды, клёш, з высокай таліяй, укарочаныя і гэтак далей. Выбар залежыць ад асабістых пераваг і асаблівасцей фігуры. Як правіла, джынсы прымаюць удзел у 70 працэнтах вобразаў у стылі кэжуал. Альтэрнатывай ім могуць стаць таксама штаны-чынасы, якія свабодна сядзяць на фігуры і не скоўваюць рухаў.

фото wlooks.ru
Зрабіць паўсядзённыя аўтфіты больш цікавымі дапамагаюць паліто, плашчы, жакеты і камізэлькі. Модная фішка — падоўжаная камізэлька, якую дазваляецца нават апранаць пад кароткую куртку. Але ў такім варыянце верхнюю вопратку лепш пакінуць расшпіленай. Што датычыцца паліто і плашчоў, то вельмі актуальныя мадэлі аверсайз, якія выглядаюць быццам з чужога пляча.

Не абысціся модніцам і без трыкатажу. Свабодныя кардыганы, світары добра спалучаюцца з джынсамі, штанамі і ідэальна падыходзяць для стварэння шматслаёвых вобразаў. Што датычыцца спадніц і сукенак, то яны не з’яўляюцца абавязковымі для стылю, пра які ідзе гаворка. Аднак калі хочацца дабавіць вобразам крыху жаноцкасці, смела можна апранаць сукенку-світар, сукенку-кашулю, вязаную трыкатажную мадэль простага крою, спадніцу-карандаш або пышную спадніцу, якія можна спалучыць з красоўкамі.

Красоўкі — не адзіны бяспройгрышны абутак у стылі кэжуал. Падыдуць кеды, лоферы, сліпоны, макасіны, балеткі і іншыя варыянты на плоскай падэшве. Аднак для некаторых выхадаў можна абуць і мадэлі на абцасах. Як варыянт — на танкетцы, з тоўстым і ўстойлівым абцасам ці нават на шпільцы.

фото vplate.ru
Сумка павінна быць умяшчальнай, зручнай, з лаканічным дызайнам. Ідэальны варыянт — сумка-шопер, якая ўпішацца ў любы вобраз. Варта звярнуць увагу і на рукзакі — зараз многа цікавых мадэляў, у тым ліку і айчыннай вытворчасці. А вось для больш святочнага аўтфіту можна выбраць клатч, які добра будзе глядзецца з элегантнымі лодачкамі.

Што датычыцца аксесуараў, прыдзецца забыць пра стразы і рушачкі. А вось хусткі, шалікі, шапкі, рамяні, нейкія аб’ёмныя ўпрыгажэнні з натуральных матэрыялаў выдатна дапамогуць завяршыць вобраз.

Кіруючыся прынцыпамі “зручнасць і камфорт”, можна зрабіць памылковы вынік, што апрануцца ў стылі кэжуал вельмі проста: накінуў першае, што знайшоў у шафе, і гатова. Аднак усё не так проста. Умела выкарыстоўваюць яго, не выглядаючы так, быццам выйшлі на хвіліну за хлебам, толькі тыя, хто валодае прыродным густам, імкнецца папаўняць свае веды, шмат практыкуе або звяртаецца па дапамогу да кваліфікаванага стыліста.

— Калі вы пакуль не знаёмыя са стылем кэжуал, паспрабуйце выкарыстоўваць у сваіх вобразах яго класічныя бяспройгрышныя спалучэнні: джынсы — футболка/кашуля — жакет — лоферы, спадніца-карандаш — кеды/красоўкі — світар-аверсайз, лёгкая сукенка з кветкамі — касуха — грубыя мужчынскія бацінкі — рэкамендуе стыліст-іміджмейкер Анастасія Баршчэўская. — І памятайце, што незалежна ад абранага стылю альбо камбінацыі рэчаў кэжуал — гэта заўсёды свабода, камфорт і зручнасць.

З ГІСТОРЫІ

Па адной з версій родапачынальнікамі сучаснага casual з’яўляюцца прадстаўнікі моладзевага руху Tedds. Ён зарадзіўся ў Брытаніі ў 50-х гадах мінулага стагоддзя на глебе пасляваеннага росту эканомікі. Прадстаўнікі гэтай плыні не належалі да арыстакратыі, але маглі сабе дазволіць апранацца дорага. Свецкая эліта не прыняла Tedds, і ў адказ моладзь прыдумала адмысловую манеру апранацца — дорага, але без глянцу, максімальна проста і камфортна.

Крыху пазней, у 1970-х гадах, casual атрымаў распаўсюджванне дзякуючы брытанскім футбольным фанатам. Падтрымліваючы любімыя каманды, яны апраналіся ў фармаце “спартыўная элегантнасць”: футболкі-пола Lacoste і Ralph Lauren, джынсы Levi’s, красоўкі Adidas. Гэта было зусім не бюджэтна, але камфортна. Адзначым, што сёння цана не мае значэння — апранаючыся ў стылі casual, можна выкарыстоўваць як дарагія брэнды, так і больш танныя.

МАЙЦЕ НА ЎВАЗЕ

ФОТО SECONDSTREET.RU
На пікнік — бейсболка, на працу — жакет

Выдзяляюць некалькі асноўных кірункаў стылю кэжуал

Смарт кэжуал — камфортная класіка з налётам нядбайнасці. У гэтым кірунку наўрад ці сустрэнеш парваныя джынсы і красоўкі, затое актуальныя пуловеры, камізэлькі, пінжакі, спадніцы-карандаш, прамыя джынсы, укарочаныя класічныя штаны, лоферы і оксфарды.

Бізнес-кэжуал — сучасны ўніверсальны дзелавы дрэс-код. Больш сур’ёзны, чым смарт-кэжуал, але менш строгі за дзелавы.

Спорт-кэжуал — выкарыстанне спартыўных элементаў для паўсядзённых спраў. У вобразах часта запазычваюцца са спартыўнага стылю футболкі-пола, алімпійкі, бомберы, таўстоўкі, дутыя камізэлькі, бейсболкі, красоўкі, кеды. Але трэба разумець, што ў такім адзенні не займаюцца спортам, яно прызначана для прагулак, пікнікоў і гэтак далей.

Стрыт-кэжуал — вобразы з яркім характарам і індывідуальнасцю. Як правіла, іх мы бачым у падборцы вулічнай моды, на фотаздымках з тыдняў моды перад паказамі. У гэтым кірунку няма строгіх правілаў і абмежаванняў, вітаецца смелае выкарыстанне адзення, аксесуараў, колераў, прынтоў.

Шык-кэжуал — экстравагантныя вобразы, якія ўключаюць у сябе несумяшчальныя на першы погляд рэчы. Паняцце casual chic увёў італьянскі мадэльер Nino Cerruti. Ён раіў спалучаць простыя элементы са складанымі, лаканічны крой з дарагой тканінай, зручную вопратку з раскошнымі аксесуарамі.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter