Засталося каля 100 вакансiй: як праводзіцца свабоднае працаўладкаванне на найбуйнейшым тэкстыльным прадпрыемстве краіны

Нітка ўслед за іголкай

Дні наймальнікаў, міні-ярмаркі вакансій, «гарачыя лініі» па садзейнічанні занятасці… Усе гэтыя формы наладжвання ўзаемаадносін з патэнцыяльнымі работадаўцамі добра знаёмыя кожнаму, хто жадае знайсці рабочае месца на свой густ. Але так званыя дні прадпрыемстваў — не менш эфектыўныя. Падчас іх беспрацоўны мае магчымасць на свае вочы ацаніць усе перавагі і недахопы той ці іншай вакансіі. Ды і сябе варта паказаць работадаўцу ва ўсёй красе… Карэспандэнт «Рэспублікі» адправілася на такое мерапрыемства ў ААТ «Камволь» і там даведалася, каго навучае і працаўладкоўвае найбуйнейшае ў краіне тэкстыльнае прадпрыемства.

Сёння «Камволь» зацікаўлены ў пашырэнні аб’ёмаў вытворчасці, а адпаведна і ў наборы новых кадраў.

Уладкавацца за адзін прысест

Кадравая служба «Камволя» расчыніла дзверы для беспрацоўных а 10-й гадзіне. Знайсці аддзел кадраў прадпрыемства даволі проста — лiтаральна некалькі крокаў налева ад прахадной. Ахоўнік дапамагае на словах зарыентавацца. Праз нейкую хвіліну апынулася ва ўтульным кабінеце.

— Я скончыў геаграфічны факультэт БДУ. Па спецыяльнасці — інжынер. Можа, знойдзецца для мяне месца? — у голасе мужчыны ва ўзросце, які задае пытанне кадравiкам, адчуваецца надзея.

— На жаль, нічым не можам вам дапамагчы. Інжынерных вакансій па вашым профілі ў нас няма. Патрабуюцца ў асноўным рабочыя, — неспадзявана расчароўвае кадравік.

Мікалай Алегавіч не страчвае надзеі знайсці працу па спецыяльнасці — сёння ж паедзе ў БНТУ і Белгідраметэацэнтр. Калі нічога не атрымаецца, абяцае вярнуцца — можа, i сапраўды настае час перапрафiлявання?

«Камволь» — найбуйнейшы вытворца тэкстыльнай прадукцыі ў краіне. Прадпрыемства займаецца поўным цыклам вытворчасці, пачынаючы з перапрацоўкі шэрсці ды вырабу пражы і заканчваючы выпускам тканіны і пастаўкай прадукцыі ў краіны СНД і Заходняй Еўропы. А значыць, майстры тут патрэбныя па ўсiх спецыяльнасцях…

— Знаёмства з пэўным прадпрыемствам мы пачынаем з міні-ярмарак вакансій, якія рэгулярна праходзяць у аддзяленнях абслугоўвання грамадзян. У сярэднім на такія мерапрыемствы завітвае да нас каля 10—15 чалавек. А на прадпрыемства даязджаюць непасрэдна тыя людзі, хто сапраўды зацікавіўся нашай вытворчасцю і хоча пазнаёміцца з рабочым месцам знутры, — тлумачыць прынцып дзеяння кіраўнік аддзела па рабоце з наймальнікамі ўпраўлення занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Алена Мядзведзь. — Тады чалавек прыязджае адразу з пашпартам і працоўнай кніжкай, і калі ён падыходзіць пад патрабаванні кадравай службы і кіраўніка пэўнага падраздзялення, накіроўваецца на медагляд.

Упершыню шырокая iнфармацыя пра мадэрнізацыю i абсталяванне прадпрыемства новай сучаснай тэхнікай прайшла ў лістападзе мінулага года. Хутка каля дзвярэй аддзела кадраў «Камволя» выстраілася чарга з чатырох дзясяткаў чалавек. Па праўдзе кажучы, насельніцтва вельмі зацікавілася шчырай прапановай «Камволя»: ёсць магчымасць набыць разрад ці кваліфікацыю на месцы.

Пасля мадэрнізацыі на прадпрыемстве з’явіліся новыя рабочыя месцы.

Каля сотні вольных месцаў

У Зінаіды Падалякінай сёння першы дзень, калі яна пачала працаваць самастойна, без памочніка. Дагэтуль яна два месяцы вучылася на прадпрыемстве ў больш вопытных калег прадзільнай справе.

— Вакансію мне прапанавалі ў цэнтры занятасці, вырашыла паспрабаваць, — дзеліцца сваёй гісторыяй 43-гадовая жанчына. — Калі шчыра, мне тут падабаецца, працаваць вельмі цікава. А галоўнае, ты ўсведамляеш сваю значнасць, бо вось з гэтых нітак зроблена маё і ваша адзенне. Канешне, праца сама па сабе амаль ювелірная, патрабуе пільнай увагі і цярплівасці.

Абноўленае прадпрыемства стала больш кампактным. Зараз усе цэхі знаходзяцца ў адным будынку, раней жа былі раскіданы па ўсёй тэрыторыі. Сёння «Камволь» зацікаўлены ў пашырэнні аб’ёмаў вытворчасці, а адпаведна і ў наборы новых кадраў. Тым больш прадпрыемства пераходзіць з дзвюх на тры працоўныя змены.

З верасня сюды ўладкаваліся на працу каля 160 чалавек. Сёння адкрытымі застаюцца яшчэ каля сотні вакансій. Сярод іх найбольш актуальныя — гэта ткачы, прадзільшчыкі, аператары грэбенечасальнага абсталявання, слесар па рамонце і абслугоўванні кампрэсарных установак, запраўшчыкі, здымшчыкі пражы і шмат іншых.

— Больш за ўсё мы маем патрэбу ў спецыялістах рабочых спецыяльнасцей, таму што асноўная мэта прадпрыемства сёння — павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці, — расстаўляе акцэнты намеснік генеральнага дырэктара па кіраванні персаналам і ідэалогіі ААТ «Камволь» Алена Пляскова. — Сярод спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй нам патрэбны інжынерна-тэхнічныя кадры, праўда, з пэўным стажам і з вузкай кваліфікацыяй. Гэта інжынеры-тэхнолагі (тэкстыльшчыкі). Сорак нашых спецыялістаў зараз вучацца на завочным аддзяленні і атрымліваюць вышэйшую адукацыю. Таксама мы маем патрэбу ў перакладчыках, якія валодаюць турэцкай мовай. Справа ў тым, што ў нас заключаны дагавор з буйной турэцкай кампаніяй на ўкараненне сістэмы аўтаматызаванага кіравання вытворчасцю. Перакладчыкаў мы ўладкоўваем не на пастаяннай аснове, а толькі на час перагавораў.

У работадаўца не надта катэгарычныя патрабаванні да жадаючых уладкавацца на «Камволь». Галоўнае, мець жаданне і добрае здароўе. Справа ў тым, што працаваць даводзіцца з пылам, які нябачны і сам па сабе не адчуваецца.

— У прынцыпе, умовы працы мяне задавальняюць. Па-рознаму бывае: часам складана, калі шмат нітачак рвецца, а калі і лёгка, — дзеліцца ўражаннямі 19-гадовая Лілія Чыпусова. — Жыццё склалася так, што ў мяне не было ніякай адукацыі, а тут я хутка атрымала кваліфікацыю на месцы і магчымасць працаваць.

Большасць спецыялістаў прадпрыемства ААТ «Камволь» у сувязі з умовамі працы маюць ільготы па выхадзе на пенсію. Таксама грунтоўнай сацыяльнай гарантыяй для іншагародніх становіцца атрыманне месца ў інтэрнаце. А такіх на прадпрыемстве — палова. Дарэчы, сярэдні заробак тут — больш за 650 рублёў.

Падобныя дні прадпрыемстваў сталічнае ўпраўленне занятасці праводзіць рэгулярна і з самымі рознымі арганізацыямі. Сярод іх — ААТ «Белкамунмаш», «Мінскі завод аўтаматычных ліній імя П.М. Машэрава», «Мінскрамбуд», «Мінскпраектмэбля» і іншыя. Таму дастаткова ўважліва сачыць за графікам і актыўна ўдзельнічаць. У такім выпадку шанец знайсці працу па душы павялічваецца.

veronulas@sb.by

Фота БЕЛТА.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter