Кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі -- аб поспеху на эстрадзе і сакрэтах прафесійнай кухні

«Нiколi не працуем пад фанаграму, навошта дурыць людзей за iх грошы»

Дзіўна, але факт: маэстра Міхаіл Фінберг сваю першую ўзнагароду атрымаў у 43 гады


У аўторак, 21 лютага, сваё 70-годдзе адзначыў народны артыст, кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі, прафесар Міхаіл Фінберг. З юбілеем маэстра павіншаваў Аляксандр Лукашэнка. “Вы ўносіце вялікі ўклад у захаванне і развіццё лепшых музычных традыцый Беларусі, спрыяеце папулярызацыі нашай музыкі не толькі ў краіне, але і за яе межамі”, — гаворыцца ў прывітальным адрасе Прэзідэнта. Сапраўды, сэрцы шматлікіх прыхільнікаў заваяваў славуты дырыжор дзякуючы самаадданаму служэнню мастацтву. Гэта крэда маэстра. А кожны канцэрт аркестра пад яго кіраўніцтвам — прылучэнне ў першую чаргу жыхароў малых гарадоў і вёсак да нацыянальнай музычнай спадчыны. У эксклюзіўным інтэрв’ю карэспандэнту “СГ” Міхаіл ФІНБЕРГ ацаніў культурныя здабыткі калектыву.


— Міхаіл Якаўлевіч, мне здаецца, сімвалічна, што ваш асабісты юбілей супаў з круглай датай у біяграфіі калектыву, якім вы кіруеце. 17 лютага 1987-га ў Мінску з’явіўся «Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Беларускай ССР». Чаму за гэты час навучыліся менавіта вы?

— Тры дзесяцігоддзі існавання аркестра значаць для мяне вельмі многа. Фактычна праз мае рукі прайшлі два склады калектыву. Таму што музыкі, якія іграюць на духавых інструментах, больш чым 25 гадоў не працуюць, вакалісты — больш чым два дзесяцігоддзі.

Калі быў прызначаны на гэтую работу, я разумеў, як трэба рабіць аркестр. Але нават маючы выдатную прафесійную адукацыю (я скончыў кансерваторыю, аспірантуру, атрымаў званне прафесара), увесь гэты час мне прыйшлося вучыцца і прафесійна расці. Бо жыццё аркестра — не толькі творчасць. Гэта і адміністратыўна-гаспадарчае кіраванне, арганізацыя праектаў і г.д. Здаецца, шляхам сталага самаўдасканалення павінен ісці кожны чалавек, звязаны асабіста з мастацтвам: ён проста вымушаны ўвесь час развівацца, каб займець вопыт, досвед.

Нам удалося зрабіць вельмі прафесійны калектыў, вядомы па-за межамі Беларусі. У свой час мне давялося працаваць у многіх краінах свету: Расія, Германія, Польшча, Італія, Японія… Але ніколі я не імкнуўся з’ехаць за мяжу. Таму што ўпэўнены: можна працаваць на Радзіме так, каб цябе прызнавалі. І для гэтага рабіў усё, што толькі магчыма, нават у складаныя гады.

— 327 фэстаў за 30 гадоў… Бадай, толькі за такую актыўную канцэртную дзейнасць Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр варта залатымі літарамі ўпісаць у гісторыю сучаснага мастацтва. Якую мэту ставілі перад сабой, ладзячы разнастайныя праекты ў правінцыі?

— Імкнуліся распавесці слухачам усю гісторыю беларускай музыкі, пачынаючы з ХVI стагоддзя. І скажу без ілжывай сціпласці, наш калектыў тут піянер: цыклаў фэстаў такога кірунку да нас ніхто не праводзіў. Ад Нясвіжа да Хойнікаў, ад Чачэрска да Заслаўя… Геаграфія нашых праектаў з кожным годам усё шырэй: фестывальных сталіц-гарадоў ужо 21! Мы ўліліся ў жыццё людзей глыбінкі. Скажу больш: мы імкнёмся бываць часцей у тых месцах, якія з’яўляюцца хай і маленькімі, але ж культурна-гістарычнымі цэнтрамі краіны. Чаму — пытанне рытарычнае. У глыбінцы жывуць дапытлівыя, якасна адукаваныя, гаспадарлівыя людзі, якія любяць свой край і культуру, — гэта дарагога каштуе. Нягледзячы ні на якія складанасці, нашы канцэрты ў регіёнах праходзяць з аншлагам. Таму кожны раз ехаць у чарговы маленькі горад для нас з аднаго боку цікава, з другога — важна: мы нясём адказнасць за выхаванне падрастаючага пакалення.

— Калі падлічыць, то ў сярэднім аркестр дае па 10 канцэртаў у год. Гэта ж каласальная нагрузка. Як атрымліваецца з ёй спраўляцца?

— Дадайце да гэтага яшчэ выступленні на “Славянскім базары”, фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне, фестываль джаза, які мы правялі ў Мінску ўжо ў 29-ты раз да шэрагу… Усё гэтыя і іншыя праекты адбыліся дзякуючы створанай камандзе аднадумцаў, прафесійнай і амбіцыёзнай.

У нас бездакорная дысцыпліна. На працу ніколі ніхто не спазняецца, бо гэта гонар для музыканта — быць у штаце такога калектыву. Трэба трымаць марку. Нашы музыкі любяць сваю работу і ведаюць, што працуюць на карысць Айчыны. Такое пачуцце я выхаваў толькі праз любоў да сваёй Радзімы.

— Міхаіл Якаўлевіч, атрымліваецца, вы як лакаматыў калектыву заразілі ў лепшым сэнсе гэтага слова літаральна кожнага калегу сваім працагалізмам?

— Так. Сам кожны дзень устаю ў пяць гадзін раніцы, пешшу іду 4 кіламетры, а потым у аркестр — і з ім да позняга вечара. Ведаеце, на пачатку сваёй кар’еры я працаваў у цырку (кіраваў там аркестрам). Аднойчы на гэтую тэму мне выказаўся адзін з музыкаў, яго звалі Мірон Міхайлавіч, як цяпер помню: “Адпачываць, Міхаіл Якаўлевіч, будзем у труне”. Якія трапныя гэтыя словы, бо і насамрэч трэба жыць і не ленавацца працаваць.

— У вашай прафесіянальнай скарбонцы цэлы набор рэгалій. Якая творчая вяршыня для вас яшчэ не дасягнута?

— Цікава, чаму вы не ставіце пытанне так: калі вы атрымалі першую ўзнагароду? Ведаеце, калі некаторыя атрымлівалі прызнанне ў 20, 25, 28 гадоў, я пра такое нават і не марыў. Атрымаў першую ўзнагароду ў 43 гады вопытным і дасведчаным чалавекам. Але гэта, на маю думку, не так істотна. Важна для артыста, набываюць на твае канцэрты білеты ці не. Прывяду прыклад. На дадзены момант у продажы білеты на 9 канцэртаў — і вольных квіткоў амаль не засталося. Гэта паказчык. Значыць, менавіта народ рублём галасуе за тваю запатрабаванасць. Цяпер мы займаемся праграмай на наступны год. Безумоўна, не ўсё так бездакорна і лёгка, але галоўнае для нас — гэта якасць. Мы ніколі не працуем пад фанаграму. Гэта прынцыпова. Навошта за грошы дурыць людзей? Слухача не падманеш, і ў наступны раз ён не прыйдзе на твой канцэрт. Дарэчы, найбліжэйшае наша выступленне — фестываль “Шлягер на ўсе часы” 20—23 сакавіка. Гэта будзе якасная музыка мінулых гадоў, новыя мелодыі і цікавыя вакалісты.

— Калі ўжо зайшла гаворка пра вашых салістаў, шматлікія сучасныя выканаўцы ўзышлі на зорны небасхіл Сінявокай дзякуючы менавіта вашаму аркестру…

— Гэта не сакрэт. Пошук новых талентаў — таксама кірунак нашай працы. Мы збіраем у сябе ў калектыве цікавых музыкаў, выканаўцаў. Многія з іх потым становяцца знакамітымі, ганаровымі, заслужанымі… Але крытэрыі адбору ў нас жорсткія. Трэба валодаць талентам, мець адукацыю, пастаянна самаўдасканальвацца.

— Відавочна, што сёння ёсць пэўныя праблемы з прасоўваннем моладзі на прафесійную эстрадную сцэну. Да прыкладу, вакалістка аркестра Валерыя Грыбусава, якая на конкурсе маладых выканаўцаў на “Славянскім базары” ў Віцебску атрымала першую прэмію, сёння спрабуе свае сілы ва ўкраінскім тэлевізійным праекце “Голас краіны”. Міхаіл Якаўлевіч, як вы ставіцеся да таго, што моладзь імкнецца ехаць за мяжу, каб набыць папулярнасць?

— Гэта выбар Валерыі, аднак што вынікае з гэтага: моладзь едзе за перамогамі і прэміямі, таму што гэта прыносіць грошы і знакамітасць. Шлях праз тэлевізійнае шоу – кароткі шлях да папулярнасці. Нельга сказаць, сядзі тут і ўсё. Калі б нашы суайчыннікі, якія называюць сябе прадзюсарамі, заўважалі таленавітых людзей, была б іншая размова. Але ж пасля першай прэміі на “Славянскім базары” Валерыю не запрасілі ні ў адзін канцэрт.

Не хачу параўноўваць з былым часам, таму што і раней былі хібы, але памятаю часы, калі толькі ў Белдзяржфілармоніі працаваў 21 калектыў (гэта была эпоха “Песняроў” і “Верасоў”). Сёння ўмовы змяніліся: усе працуюць у рынкавых адносінах. Але, на маю думку, усё пачынаецца з асноўнага: трэба любіць сваю прафесію і аддаваць сябе цалкам мастацтву.

uskova@sb.by

Фота з архіва Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter