«Нiколi не пакiну вёску»

Почему каждый день для директора солигорского ААТ "Краснодворцы" самый счастливый?
ВЫПУСКНІК факультэта механізацыі сельскай гаспадаркі Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта Валерый МЕЛЬНІК атрымаў размеркаванне ў Салігорскі раён, дзе пачынаў галоўным спецыялістам у гаспадарках «Вялічкавічы» і «Радавец».  Малады спецыяліст адразу праявіў арганізатарскія і прафесійныя здольнасці. Валерыю Віктаравічу  прапанавалі пасаду галоўнага інжынера ўпраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама, а ў дваццаць пяць гадоў яму даверылі ўзначаліць эканамічна моцнае салігорскае ААТ “Краснадворцы”, якім паспяхова кіруе восьмы год. 


ГУСТЫ бор блізка падступае да падворкаў выцягнутай стужкай старадарожскай вёскі Зялёная Дуброва, населенай каталіцкімі і праваслаўнымі сем’ямі. Вяселле калгаснага эканаміста Ірыны Шыкер і брыгадзіра Віктара Мельніка парадніла прадстаўнікоў двух хрысціянскіх канфесій, продкі якіх спрадвеку жылі тут і працавалі на зямлі. Маладажонам праўленне калгаса “Залужжа” выдзеліла новы катэдж, у якім зараз гаспадарыць рана аўдавелая Ірына Яўгенаўна. 

Старэйшаму сыну Валерыю толькі споўнілася дванаццаць гадоў, калі не стала бацькі, які ўзначальваў агранамічную службу калгаса. Ён часта браў з сабою ў поле першынца, вучыў сялянскім справам. І дзядуля Валодзя, які працаваў на магутным Т-150, знаёміў кемлівага ўнука са сваім “сталёвым канём”. Рана асвоіў падростак і  матацыкл. Тэхніка захапляла яго з малых гадоў. Восенню за кожны падабраны радок бульбы стараннаму памочніку дазвалялася праехаць у канец сотак на сямейным “Масквічы-412”. Ён прагна засвойваў практычныя ўрокі і потым з малодшым на сем гадоў братам Славам дзяліўся навыкамі. У гарачы жніўны час разам з вясковымі сябрукамі начамі пералапачвалі зерне на збожжатаку. Заробкі атрымлівалі ў бабулі Марыі, якая працавала калгасным касірам. 

Пасля Залужскай сярэдняй школы старэйшы Валерый паступіў у Беларускі аграрны тэхнічны ўніверсітэт. На вытворчую практыку прыязджаў у свой калгас, кіраўнік якога Мікалай Нікановіч даручаў адказныя заданні.

— На апошняй практыцы ўсё жніво за штурвалам “Дона-1500” правёў, — узгадвае Валерый Мельнік. — Выконваў і абавязкі механіка. А першым даручэннем старшыні было запускаць перасоўныя даільныя ўстаноўкі на пашы. Падхопліваўся на золку і хуценька заводзіў далёка не новы трактар МТЗ-82, на якім забіраў даярак і ў прыстасаваным вазку адвозіў у летні жывёлагадоўчы лагер. Пакуль жанчыны рыхтавалі да дойкі першую партыю кароў, трэба было паспець падключыць вал адбору магутнасці, каб запрацавала даільная помпа. Пасля ранішняй дойкі падвозіў у спецыяльнай бочцы свежую ваду для статка. Даілі калгасных кароў раніцай і ўвечары. З першымі зоркамі вяртаўся дамоў і ляцеў у клуб на танцы.

— Напэўна, там чакала непаўторная і адзіная?

— Мо хто каго і чакаў. Сваю будучую жонку сустрэў у аграрна-тэхнічным універсітэце яшчэ на другім курсе. Слуцкая дзяўчына Марына Жогла толькі паступіла на энергетычны факультэт. Усе студэнцкія гады сябравалі, а вяселле згулялі ў Слуцку, як атрымаў дыплом інжынера-механіка. У тое лета горад рыхтаваўся да рэспубліканскага свята-кірмаша “Дажынкі” і ўвесь быў у рыштаваннях. Нас урачыста распісвалі ў шыкоўным Лучнікоўскім палацы культуры, што побач з райцэнтрам. Традыцыйны мядовы месяц не атрымаўся, бо Марына паехала ў Мінск завяршаць вучобу, а я — на працу ў суседні Салігорскі раён. Кіраўнік СВК «Радавец»  Аляксандр Кароль прыняў мяне добразычліва, пазнаёміў з калектывам. Старэйшыя ў тры разы за мяне механізатары падказвалі многае і ў працы не падводзілі. Працаваць з такімі людзьмі было ў радасць. Мне, як маладому спецыялісту, выдзелілі катэдж. З дыпломам з адзнакай  інжынера-энергетыка прыехала пасля заканчэння вучобы жонка, а неўзабаве ў нас дачушка нарадзілася, Кацярына. Як на крылах лётаў на працу і ўвечары дамоў. Толькі доўга ў гэтай гаспадарцы не давялося затрымацца.

Раённае кіраўніцтва ўбачыла мае адносіны да працы і  прапанавала ўзначаліць інжынерную службу ўпраўлення сельскай гаспадаркі. Адмаўляўся, але настаялі, і вымушаны быў пагадзіцца. Не па мне было займацца ў кабінеце складаннем справаздач, перакладваннем папер. Хацелася да людзей, да машын бліжэй, да зямлі.

У САМЫ разгар жніва ў панядзелак пасля завяршэння ранішняй нарады начальнік раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі Аляксандр Лазука папрасіў застацца. Поўнай нечаканасцю была прапанова Аляксандра Васільевіча ўзначаліць краснадворскую гаспадарку, кіраўнік якой Анатоль Міхнюк нечакана цяжка захварэў.

— Вы гэты калектыў ведалі?

— Па раённых статыстычных зводках бачыў, што адкрытае акцыянернае таварыства “Краснадворцы” пастаянна трымалася ў ліку лепшых у Салігорскім раёне. Мне толькі споўнілася 25 гадоў, і ніякага вопыту кіруючай работы не паспеў набыць. Непакоіўся, што не спраўлюся. Далі тыдзень на развагі.

— Чаму менавіта вам паступіла прапанова?

— Старшыня Салігорскага райвыканкама Аляксандр Рымашэўскі доўга размаўляў са мною. Ад яго даведаўся, што да мяне ў раёне прыглядаліся, і прапанова ўзначаліць эканамічна моцную гаспадарку не выпадковая. Аляксандр Браніслававіч паабяцаў пры неабходнасці падтрымку.

Сабралі ў Краснадворцах спецыялістаў, акцыянераў і прадставілі мяне. А назаўтра раніцай праводзіў першую нараду. Усё так хутка адбылося, што нават родныя яшчэ не чулі пра прызначэнне.

— І маці не ведала?

— Яна даведалася, калі ўжо мяне прызначылі. Стаў ездзіць не ў Салігорск, а ў Краснадворцы, і жонка пераканалася, што не жартую. Маці парадавалася і параіла толькі не прымаць скараспелых рашэнняў. Больш да людзей хіліцца, цікавіцца іх клопатамі, падтрымліваць, і падкрэсліла, што я за іх лёсы ў адказе. 

Першыя два гады складана было. Столькі ўсяго на мяне адразу нарынулася. Ледзьве паспяваў з усім спраўляцца. Дамоў прыязджаў ператомлены ад думак і клопатаў.

— З чаго пачалі кіраўніцтва такім вялікім калектывам?

— Прызначылі мяне ў канцы ліпеня. На палях пераспявалі збожжавыя. Тэхнікі для ўборкі не хапала, а хлебная ніва амаль на двух тысячах гектараў. Многія машыны і агрэгаты стаялі на прыколе. Аператыўна заняліся рамонтам, і праз тыдзень усе камбайны ўключыліся ў работу. Грузавікі ледзьве паспявалі перавозіць збажыну ад іх. А калі закончылі жніво, мяне павіншавалі з першай перамогай. Адсвяткавалі ў калектыве “Дажынкі”, на якіх шчодра прэміравалі перадавікоў.

Пачаў паступова разбірацца з кадрамі. Некаторыя галоўныя спецыялісты не вытрымалі маіх патрабаванняў і звольніліся. Галоўны аграном пайшоў на пенсію. На яго месца прызначылі вопытнага кіраўніка з вытворчага  аддзялення Чапялі Уладзіміра Радзецкага, які закончыў агранамічны факультэт Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі і добра ведаў сваю справу. На жывёлагадоўчых фермах давялося памяняць загадчыкаў. 

— Як вы, малады кіраўнік, адчувалі, каму што даверыць?

— Людзі да мяне прыглядаліся, а я — да іх. Калі да чалавека з павагай, ён табе гэтым адкажа. Аналізаваў, раіўся з іншымі і толькі потым рабіў перастаноўкі. Нікога не звальняў, але і жадаючых развітацца не трымаў. Мой стыль адчулі і сталі звяртацца з заявамі на працу спецыялісты з іншых гаспадарак.

Папярэдні кіраўнік Анатоль Міхнюк — вопытны заатэхнік і арганізатар вытворчасці. Гаспадарка лідзіравала ў раёне па надоях малака. У сярэднім ад каровы за год атрымлівалі пяць тысяч кілаграмаў малака. Цяпер ужо звыш шасці тысяч. Ураджайнасць збожжавых трымалася на ўзроўні 40 цэнтнераў з гектара. За мінулыя восем гадоў давялі да 50.

Перад маім прыходам да акцыянернага таварыства далучылі суседнюю гаспадарку, дзе ўрадлівасць зямлі звыш сарака балаў. Агульная плошча сельгасугоддзяў стала амаль шэсць тысяч гектараў. Спатрэбіўся нейкі час для прыцірання людзей. Узначальваць чапялёўскі вытворчы ўчастак даручылі былому іх галоўнаму бухгалтару Ніне Аладка. Яна спраўляецца, кожнага працаўніка радаслоўную ведае і ўмее строга патрабаваць. Участак па-ранейшаму лідзіруе па ўраджайнасці сельгаскультур. Па 55 цэнтнераў з гектара намалацілі сёлета ячменю і пшаніцы беларускай селекцыі першай рэпрадукцыі, што значна паўплывае на рэнтабельнасць раслінаводста.

— Валерый Віктаравіч, вы па адукацыі інжынер-механік, а як прымаеце тэхналагічныя рашэнні ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі? Неабходны ж глыбокія веды, каб вызначыцца правільна.

— Абапіраюся на галоўных спецыялістаў, якім давяраю. Але і сам пастаянна ўнікаю ў вытворчасць. Ды і эканамічныя паказчыкі ўказваюць, на што больш звяртаць увагу. У апошнія гады значна павысілася —  да 28 працэнтаў — рэнтабельнасць рапсу, якая ўжо амаль еўрапейскага ўзроўню. Плошчы пад культуру пашырылі да 550 гектараў. Выгадная справа на нашых глебах — вырошчванне цукровых буракоў. Летась рэнтабельнасць дасягнула 36 працэнтаў. Сёлетняя ж засуха жорстка паўплывала на ўраджайнасць караняплодаў. Трымаем стабільна высокія ўраджаі збожжавых, асабліва на ўрадлівых чапялёўскіх нівах. Вывучыў асаблівасці кожнага поля. Разам з галоўным аграномам Уладзімірам Радзецкім пешшу абыходзім усе закуточкі і добра ведаем, дзе якую культуру лепш размясціць.

— Вырошчваннем лёну займаецеся?

— Сёлета пасля доўгага перапынку ім было занята сто гектараў. Разумеем, што для рэканструяванага Слуцкага льнозавода патрэбна сыравіна. Мы пакуль не набылі тэхніку па абмалоце льнонасення і пасля цераблення толькі падсцілалі саломку пад жнівеньскія росы. Паднялі яе са сцелішча і здалі на перапрацоўку. У маім рабочым блакноце адзначана, што гэтай культурай трэба больш дэталёва заняцца.

— Як гэта разумець?

— За тэхналогію ў адказе галоўны аграном, а мне, як кіраўніку, трэба вызначыцца са стратэгіяй. Дзяржаўны заказ павінны выконваць. Буду аналізаваць эканамічны бок, думаць пра аб’ёмы вытворчасці лёну і тэхнічнае забеспячэнне. Ацэнім затраты і вызначым магчымы прыбытак, каб была карысць ад гэтай справы. У нас акцыянернае таварыства, і кожны акцыянер зацікаўлены ў выніках. Уся адказнасць замыкаецца на кіраўніку. Вось як у жывёлагадоўлі: загадчыкаў ферм змяніў, а жывёлаводы засталіся тыя ж. Вельмі хваляваўся, каб не пралічыцца. Вытворчасць малака рэнтабельная, чаго нельга пакуль сказаць пра мяса. Агульная рэнтабельнасць  па гаспадарцы за мінулы год склала сем працэнтаў. Сёлетні год больш складаны, але папярэднія падлікі сведчаць, што ўтрымаем былыя рубяжы.

На нашых фермах звыш пяці тысяч галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх 1300 дойных кароў. Маем і свінаферму. Усе жывёлагадоўчыя памяшканні рэканструявалі самі.

НА ПАЛЯХ заціхае праца, і часцей завітваю да маці. Дзялюся з ёю сваімі думкамі, раюся. Яна шмат гадоў узначальвала эканамічную службу старадарожскага калгаса “Залужжа”, а цяпер — дыспетчар. Цікавіцца справамі, хвалюецца за мяне. Прыязджаю неспадзявана ў Зялёную Дубраву, а маці быццам ведае, што прыеду. Брат Вячаслаў са Старых Дарог наведваецца. Ён таксама інжынер-механік. Спачатку закончыў Мінскі дзяржаўны аграрна-камерцыйны каледж, а потым і Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт і працуе галоўным інжынерам ААТ “Залужжа” Старадарожскага раёна. Нам заўжды ёсць пра што з ім паразмаўляць.

— Сучасны кіраўнік павінен быць стратэгам. Вы сябе такім адчуваеце?

— Жыццё без бацькі прымусіла вучыцца выжываць у розных сітуацыях. Дзядуля Уладзімір вучыў гаспадарыць, жыць не адным днём і разлічваць больш на свае магчымасці. Калі не стала бацькі, усе клопаты па гаспадарцы ляглі на маці, і мы як маглі падтрымлівалі яе. І з касою я рана парадніўся. Яшчэ бацька вучыў мяне стаяць у пакосе, толькі мянціць лязо я вельмі баяўся — дзядуля дапамагаў, і рыхтавалі сена для кароўкі, палолі агарод, бульбу агортвалі на полі. У студэнцкія гады імкнуўся забяспечваць сябе самастойна. 

З пачатку дырэктарства пастаянна кантралюю эканамічныя паказчыкі гаспадаркі, прыкідваю перспектыву развіцця і настройваю калектыў адпаведна працаваць. Калі адчуў, што людзі пайшлі за мной, стала лягчэй. Хаця ў любы час кіраваць — не мёд піць. 

Важна арганізаваць сістэму кіравання гаспадаркай, і тады ўжо твае ідэі паэтапна ўвасабляюцца, і застаецца толькі каардынаваць. 

Значная колькасць працаўнікоў таварыства задзейнічана ў жывёлагадоўлі, дзе найбольшы прыбытак дае вытворчасць малака. Мы прынялі рашэнне мадэрнізаваць фермы, каб павысіць эфектыўнасць галіны. Будуем сіласна-сянажныя траншэі для закладкі высокаякасных кармоў. У Чапялях мы рэканструявалі памяшканні для ўтрымання цялушак. Завяршаем рэканструкцыю цэха раздою першацёлак. На малочна-таварнай ферме ў Краснадворцах плануем паставіць італьянскае абсталяванне, якое закупім за свае сродкі. Вось такая стратэгія па ўсіх накірунках гаспадарчай дзейнасці. Жыццё прымусіла перспектыўна разважаць, але не спяшацца з рашэннямі. 

— Калі вам прапаноўвалі пасаду дырэктара, абяцалі падтрымку. Ці даводзілася карыстацца гэтым абяцаннем?

— Эканамічна гаспадарка моцная. Я разумеў, што павінен у першую чаргу ўтрымаць высокую планку, а потым паступова яе падымаць. Для гэтага патрэбен пэўны час. Часта акцыянернае таварыства наведваюць старшыня райвыканкама Аляксандр Рымашэўскі і выконваючы абавязкі начальніка райсельгасхарчу Сцяпан Бода. Падтрымліваюць слушнымі парадамі.

У нашым раёне моцны старшынёўскі корпус. Слушныя парады вопытнага дырэктара суседняй гаспадаркі “Гарняк” Генадзя Дзялендзіка, дырэктара ААТ “Бальшавік-Агра” Валерыя Шамрука цяжка пераацаніць. Сябрую з маладым кіраўніком ААТ “Новапалескі” Сяргеем Акулічам, і ён ужо са мною раіцца. І самае галоўнае, што за гады кіраўніцтва гаспадаркай адчуў людзей. Ведаю, каму што можна даручыць.

— Якімі бачыце перспектывы развіцця таварыства?

— Павінна быць вузкая спецыялізацыя, якую трэба развіваць так, каб мець найбольшы прыбытак. Разам з галоўнымі спецыялістамі думаем-гадаем, дзе вышукаць дадаткова 1200 гектараў пад бабовыя і травы. Вырошчванне іх дазволіць забяспечыць грамадскі статак высокаякасным фуражом. Будзем пераглядаць свой севазварот, удакладняць структуру пасяўных плошчаў.

На сусветным рынку харчавання пастаянна расце попыт на прадукцыю жывёлагадоўлі і раслінаводства. Вышукваем магчымасці павелічэння аб’ёмаў вытворчасці, выкарыстання рэзерваў. Дбаем пра сацыяльна-бытавыя ўмовы працаўнікоў. Непадалёку ад нас малады горад беларускіх шахцёраў, які высокімі заробкамі заманьвае моладзь. Паўстае праблема жывёлаводаў, механізатараў, будаўнікоў. І не толькі ад нас залежыць вырашэнне яе. На дзяржаўным узроўні неабходна клапаціцца пра гэта. Зямля патрабуе чалавечага клопату. Хлеб сам на стол не ляжа. 

— Валерый Віктаравіч, ці не ў цяжар вам такая пасада?

— Працаваць кіраўніком на вёсцы цікава і ёсць сэнс. Тут штодня нешта новае, сумаваць не даводзіцца. Многія аднакурснікі пакінулі вёску і кінуліся ў прадпрымальніцтва. Займаюцца рамонтам аўтамашын, іншым бізнесам. Бацькоўскае выхаванне дапамагае мне пераадоліць жыццёвыя цяжкасці і крочыць далей па абраным шляху. Іншага занятку не ўяўляю. У нас склаўся працавіты дружны калектыў.

Ведаю, што дома заўжды чакаюць. Падрастае паслядоўнік нашага сялянскага роду — сынок Міколка, якому хутка споўніцца два гады, а дачушка Кацярына паспяхова вучыцца ў трэцім класе. Не заўсёды ўдаецца іх увечары ўбачыць. Позна вяртаюся, а дзеткі ўжо спяць. Калі атрымліваецца, усёй сям’ёю збіраемся і едзем у сталічны цырк ці заапарк. Любім наведваць сваякоў і самі гасцей прымаць.

— Ці можаце вызначыць свой самы шчаслівы дзень?

— Калі ў гаспадарцы складваецца ўсё добра і дома цябе сустракаюць радасныя вачаняткі дзяцей, ласкавая ўсмешка шчаслівай жонкі, якая дзеліць са мною ўсё, што дорыць нам жыццё. Не толькі асобныя дні, а жыццё павінна і можа быць пастаяннай радасцю.

Уладзiмiр СУБАТ

Салігорскі раён

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter