«Нiколi не даваў пустых абяцанняў»

Каб   «схавацца»,   Анатоль   Бутэвiч   узяў   псеўданiм

Каб   «схавацца»,   Анатоль   Бутэвiч   узяў   псеўданiм 

З такiмi людзьмi як Анатоль Бутэвiч (на здымку) размаўляць адно задавальненне. Анатоль Iванавiч столькi перажыў i столькi пабачыў, што слухаеш яго з адкрытым ротам. Кiм ён толькi нi быў: журналiстам, партыйным работнiкам, мiнiстрам, консулам i паслом… А колькi яшчэ наперадзе?! Такiя людзi як  Бутэвiч нiколi не сыходзяць у цень. Нават у 60 гадоў. 

— Анатоль Iванавiч, калi б вас папрасiлi прыгадаць самыя цiкавыя моманты са сваёй бiяграфii, на чым бы спынiлiся падрабязней? 

— Перш за ўсё, з вялiкай удзячнасцю ўзгадаў бы добрых людей, якiя сустракалiся ў жыццi. Дзякуючы iм я стаў тым, хто ёсць. Некалькi прыкладаў. У Сноўскай сярэдняй школе, куды  перайшоў пасля Вялiкалiпаўскай васьмiгодкi, былi дзве адметныя асобы: настаўнiк беларускай лiтаратуры Iван Iосiфавiч Калоша i настаўнiк чарчэння Пётр Iванавiч Пазняк. Яны, апантаныя краязнаўствам, далучалi да гэтага i нас. Былi зорныя паходы, турыстычныя злёты. Летам на веласiпедах ездзiлi па вёсках, збiралi легенды i паданнi, гiстарычныя звесткi. У рэшце рэшт у Сноўскай сярэдняй школе з’явiўся музей, якi iснуе да гэтага часу. Любоў да краязнаўства, я  сказаў бы, да радзiма-знаўства прывiлi мне менавiта гэтыя настаўнiкi. З Iванам Iосiфавiчам мы пiсалi краязнаўчыя матэрыялы ў раённую газету. Цяпер краязнаўства назаўсёды са мной. 

Журналiстам хацеў быць з дзяцiнства. У 1966 годзе прыехаў у Мiнск паступаць на аддзяленне журналiстыкi. Дакументы не прынялi, бо не было двухгадовага стажу. Разгублены, сабраўся вяртацца дадому. Але добрыя людзi з прыёмнай камiсii настаялi, каб iшоў на фiлфак. Так i зрабiў. I не шкадую. Атрымаў добрую адукацыю. Нам пашчасцiла на выкладчыкаў — Мiхась Ларчанка, Алег Лойка, Нiл Гiлевiч, Алесь Адамовiч i iншыя. Напрыклад, Ларчанка заўсёды адводзiў некалькi лекцыйных хвiлiн на чытанне вершаў беларускiх i замежных аўтараў. Гэта было сапраўднае i арыгiнальнае далучэнне да паэзii. 

У нас быў незвычайны курс. Жэня Янiшчыц, Алесь Разанаў, Генадзь Пашкоў, Яўген Хвалей, Вiктар Ярац, Таццяна Шамякiна – гэта толькi некаторыя з тых, хто стаў членам Саюза пiсьменнiкаў. Дарэчы, Таццяна Шамякiна адзiная з курса стала аспiранткай. Я ж пасля заканчэння меўся, не кiдаючы навукi, пайсцi ў настаўнiкi. Але на размеркаваннi дэкан Аляксей Арсеньевiч Воўк нечакана запытаў: «А ў БЕЛТА хочаш?» Я аб гэтым мог толькi марыць. Пасля зразумеў, што гэта быў не проста добры жэст дэкана. Яго падтрымаў дырэктар агенцтва Мiкалай Марушкевiч. Такiм чынам я апынуўся ў журналiстыцы. Потым працаваў у ЦК камсамола. Вельмi плённы перыяд  аказаўся ў рэдакцыi «Чырвонай змены», школа намеснiка рэдактара была выдатнай. Дарэчы, як пасля i дырэктара выдавецтва «Мастацкая лiтаратура». 

 — Якiм вы былi начальнiкам? 

— Пра гэта лепш спытаць у iншых. Але раскажу такi выпадак. Калi з «Чырвонай змены» вяртаўся ў ЦК камсамола, атрымаў добры ўрок. Калегi выказвалi шчырае шкадаванне. А я ж i вымовы аб’яўляў, i спагнаннi, вядома, i заахвочваннi. Але яны разумелi, што ўсё гэта, як кажуць, было за справу. Тады я на ўсё жыццё запомнiў: да людзей на любой пасадзе трэба адносiцца роўна, справядлiва. Прытрымлiваў-ся гэтага i пазней, калi працаваў у «высокiх кабiнетах». 

— Вы падрабязна расказалi пра некаторыя моманты свайго жыцця. Але чамусьцi не прыгадалi, як былi мiнiстрам, паслом… Гэта ж самае цiкавае! 

— Так, i пасада мiнiстра цiкавая, i пасла – я быў iм у Румынii, i праца генеральным консулам у Гданьску пакiнула шмат уражанняў. Але, вiдаць, самае памятнае для мяне – школьныя гады. Тады акрамя ўсяго я быў селькорам. Аднавяскоўцы i аднакласнiкi з павагай адносiлiся менавiта да гэткай маёй дзейнасцi. А гэта дарагога варта, гэта вельмi моцныя пачуццi. Не забываюцца i дагэтуль... 

А праца спачатку ў мiнiстэрстве iнфармацыi, пасля ў мiнiстэрстве культуры i друку дала працяг тым добрым i карысным стасункам з лiтаратарамi, творчай iнтэлiгенцыяй, якiя пачалiся ў аддзеле культуры ЦК КПБ.  Колькi вядомых дзеячаў лiтаратуры i мастацтва пашчасцiла сустрэць на сваiм шляху! А з многiмi i пасябраваць. Дагэтуль ганаруся, што ў Саюз пiсьменнiкаў мяне рэкамендавалi Янка Брыль, Алег Лойка, Адам Мальдзiс. 

Хоць i пазнавата, але прызнаюся ў адным сваiм «мiнiстэрскiм» граху. Я надта позна зразумеў (а таму не паспеў ёю пакарыстацца) адну чыноўную хiтрасць: калi чалавек прыходзiць да цябе з нейкай просьбай, ён спадзяецца на абавязковае яе вырашэнне, таму абяцай, што ўсё дзеля гэтага зробiш. А там – бог бацька. Я ж гэта рабiў толькi ў тым выпадку, калi быў перакананы, што сапраўды змагу дапамагчы, каб пасля не спасылацца на пабочныя цяжкасцi i не торкаць пальцам угару. Нiколi не падманваў, не даваў пустых абяцанняў. Таму некаторыя наведвальнiкi мелi пэўныя расчараваннi: мiнiстр не дапамог. Але што мяне цешыць: сёння, калi шмат мiнула дзён з таго часу, нiхто з творчых людзей, сустрэўшыся, на другi бок вулiцы не перабягае. Гэтая праца дала мне добры вопыт, шмат сяброў. Я нiколi не злоўжываў сваёй пасадай i ў лiтаратурных цi журналiсцкiх мэтах. Лiчыў i лiчу, што якасць творчасцi ад чыноўнай пасады не залежыць. Тады i ўзяў сабе псеўданiм Максiм Валошка. 

— Дарэчы, чаму менавiта Максiм Валошка? 

— Гэта ад маёй пашаны да Максiма Багдановiча. Лiчу яго непераўзыдзенай i унiкальнай асобай у беларускай лiтаратуры. Але не буду пра гэта, бо не хопiць i цэлага газетнага нумара. Зазначу толькi, што пра Максiма надрукаваў у мiнулым годзе ў «Маладосцi» п’есу «Маладыя гады – маладыя жаданнi». Некалi Багдановiч казаў, што не патрэбна жыта, калi няма ў iм васiлькоў. Так, не можа быць матэрыяльнага без духоўнага. Высокая духоўнасць, як нiшто, спрыяе вырашаць i вытворчыя, i жыццёвыя пытаннi. А наша заходнебеларуская валошка i ёсць апеты Багдановiчам васiлёк. 

Быў такi выпадак. Адну сваю казку пад псеўданiмам даслаў у часопiс «Работнiца i сялянка».  Надрукавалi, я атрымаў ганарар. Пры сустрэчы з рэдактарам Марыяй Iосiфаўнай Карпенка дзякую ёй. Яна здзiўляецца: «Якi ганарар? Ты ж у нас не друкаваўся!» Нагадаў ёй казку Максiма Валошкi. Яна: «Дурань, сказаў бы, дык яшчэ больш атрымаў бы!» Я ў адказ: «Таму i не сказаў!» Дарэчы, i першая мая кнiжачка «Прыгоды лiсцiка-карунчыка» пад гэтым псеўданiмам выйшла, калi я ўжо сышоў з мiнiстэрскай пасады. 

— А сёння вы  пiсьменнiк, перакладчык, крытык, чыноўнiк?.. 

— Перш за ўсё я – пiсьменнiк. Разам з тым перакладчык, публiцыст i крытык. Таму што да гэтага часу займаюся перакладамi, у тым лiку з польскай мовы. Асобнымi кнiжкамi выйшлi «Салярыс» i «Прыгоды Пiркса» Станiслава Лема, раман «Над Нёманам» Элiзы Ажэшкi. Не так даўно з’явiлася аповесць Рышарда Курыльчыка «Славянскi свiтанак». Зараз  перакладаю яго ж аповесць «Нязломны з Назарэта», заканчваю «Аўтабiяграфiю» Багуслава Радзiвiла. Працую i над творамi Ажэшкi пра паўстанне 1863 года. У свой час перакладаў з украiнскай мовы, з беларускай на рускую. Асобнымi кнiжкамi выйшлi творы Уладзiмiра Лiпскага, Аляксандра Капусцiна, Васiля Гiгевiча i iншыя. А крытыкай займаюся i дагэтуль. Нядаўна ў «Беларускай навуцы» з’явiлася асаблiва дарагая для мяне кнiжка «Пад небам беларускага слова». Сярод iншых там ёсць матэрыялы пра мае стасункi з Пiменам Панчанкам, Максiмам Танкам, Янкам Брылём, Iванам Шамякiным, Уладзiмiрам Караткевiчам, Янам Скрыганам, Аляксандрам Капусцiным, iншымi пiсьменнiкамi. Працягваю займацца краязнаўствам. З iм звязаны мае кнiгi з серыi «Сем цудаў Беларусi». Выйшла пяць цудоўна аформленых Паўлам Татарнiкавым кнiг. Спадзяюся, будзе i працяг. 

Гiсторыя прычаравала мяне, i, напэўна, незваротна. На гэтую тэму мой надрукаваны ў «Маладосцi» раман «Каралева не здра-джвала каралю» – пра каханне 17-гадовай Соф’i Гальшанскай i 70-гадовага караля польскага Ягайлы. I не толькi пра каханне. Асаблiва цiкаўлюся перыядам ад Крэўскай да Люблiнскай унii, асобамi Ягайлы i Вiтаўта Вялiкага, якога яшчэ пры жыццi назвалi такiм. Тут шмат займальнага, проста неверагоднага. Добра б было пiсьменнiцкай i нават кiнамовай раскрыць усе перыпетыi нашай багатай i непаўторнай гiсторыi, ачалавечыць яе, легендызаваць. Тады i школьнiкам было б цiкавей вывучаць. Чаму мы чытаем Караткевiча? Бо ён акрамя ўсяго ўмела i таленавiта легендызаваў гiсторыю. 

— Атрымлiваецца, што ўспамiны дзяцiнства  ў значнай ступенi ўплываюць на вашу творчасць? 

— Я нарадзiўся на хутары Язавец Нясвiжскага раёна, пазней бацькi перасялiлiся ў вёску Баяры. Сёння з вышынi гадоў разумею, якi гэта быў непаўторны час! I сёння згадваю той хлебны пах, даражэй за якi нiдзе i нiколi не сустракаў, ён усё часцей снiцца мне. Усё гэта пачатак пачаткаў: маё хутарское жыццё. Дарэчы, у мiнулым годзе ў «Полымi» была надрукавана аповесць «Апошняе iгрышча», дзе ёсць сёе-тое з нашага тадышняга побыту.  Рыхтую працяг – называцца будзе «Распасажаны дом». 

Разам з тым аддаю належнае сваiм бацькам – Iвану Iванавiчу з роду Бутэвiчаў i Марыi Канстанцi-наўне з роду Мазаноў. На шчасце, яны пражылi доўгае жыццё, хоць i не вельмi салодкае. У былой Заходняй Беларусi без зямлi было цяжка... А цяпер вось я старэйшы ў родзе. 

Прызнаюся шчыра: не адмаўляюся нi ад адной сваёй ранейшай пасады i ад былога жыцця, у тым лiку партыйнага. Усё было карысна i патрэбна. Удзячны ўсiм добрым людзям, якiя сустракалiся на маiм шляху, бацькам i маёй сям’i — за цярплiвасць. Як гавораць, дзякуй добрым людзям, што вывелi мяне ў людзi. 

— Дзякуй за размову. I прымiце нашы вiншаваннi з  60-годдзем. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter