Ніхто, акрамя нас

Свет адмыслова знаходзіцца цяпер у роспачы. Недарэмна напружанасць і няпэўнасць у міжнародных стасунках называюць “новай халоднай вайной”, а чалавецтва падыйшло да вельмі небяспечнай рысы, пераход за якую надта трывожны для ўсіх нас. Да таго ж планету захліснулі гандлёвыя войны буйных эканамічных ігракоў, якія імкнуцца жорсткімі пратэкцыянісцкімі захадамі атрымаць найперш нацыянальныя выгоды, разбураючы агульныя правілы гандлю. Прыкладаў нямала — вайна пошлін паміж Злучанымі Штатамі і Кітаем, санкцыяніраваны ціск на нашу ўсходнюю суседку Расію, адпаведна яе контрсанкцыі ў адрас апанентаў, няпростыя адносіны ў гандлі Амерыкі і Еўрасаюза.

Занепакоенасць гэтым выказаў і наш Прэзідэнт падчас выступлення з Пасланнем беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу: “Так і ў нас далёка за прыкладамі хадзіць не трэба. Вазьміце хаця б “малочныя” і “мясныя” баталіі, што ўчыняе наш бліжэйшы партнёр, блакіруючы доступ натуральных беларускіх прадуктаў харчавання на свой рынак. Выснова несуцяшальная. Фактычна ламаецца сусветная сістэма гандлю”. Разам з тым, падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы, не поўнасцю выкарыстоўваецца інтэграцыйны патэнцыял узаемадзеяння: два дзесяцігоддзі мы гаворым аб фарміраванні агульнага рынку, а праблемы — то ў адной, то ў другой галіне — харчаванне ці энергарэсурсы — узнікаюць як па графіку. Цяпер дадаліся міграцыйныя і памежныя пытанні.

Падобны трэнд вызначыўся ў Еўразійскім эканамічным саюзе, які існуе ўжо чацвёрты год. Яго праца прамаруджваецца непаслядоўнай пазіцыяй нашых партнёраў па ЕАЭС: альбо мы рушым наперад, альбо імітуем рух. Апошняе недапушчальна, канстатуе Прэзідэнт.

Безумоўна, Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі за больш чым дваццаць гадоў існавання спраўдзіла надзеі на глыбокую інтэграцыю дзвюх нашых краін: саюзны праект жыве, развіваецца і мае гістарычную перспектыву для брацкіх народаў. Аднак за гэты час назапасіліся пэўныя праблемы і спрэчныя пытанні, рашэнне якіх патрабуе пільных і ўважлівых падыходаў саюзнікаў. Дагэтуль застаюцца адкрытымі “газавыя” перамовы, расіян па-ранейшаму турбуе экспартны транзіт нафтапрадуктаў з нашай краіны праз порты краін Балтыі. Даволі ёмістая тэма — пастаўкі на расійскі рынак беларускіх прадуктаў харчавання. Рассельгаснагляд перыядычна забараняе экспарт з айчынных прадпрыемстваў “няякаснай малочкі”, мяса (з-за падазрэння на АЧС), садавіны і гародніны (з-за падазрэння на санкцыйныя прадукты пад выглядам беларускіх). Зазначу, што пры гэтым з пачатку 2018-га сусветныя цэны на прадукты харчавання стала растуць: на зерне і малочную прадукцыю — ад 2,7 да 3,3 працэнта адпаведна.

У сувязі з чарговымі абмежаваннямі паставак з Беларусі, намеснік Прэм’ер-міністра Уладзімір Сямашка, падчас правядзення Краснаярскага эканамічнага форуму, вымушаны быў канстатаваць: за забаронай на ўвоз у Расію свініны насамрэч стаяць чыесьці меркантыльныя інтарэсы. Кіраўнік Мінсельгасхарчу Леанід Заяц таксама абверг неабгрунтаваныя высновы Рассельгаснагляду пра абвастрэнне ў Беларусі сітуацыі з афрыканскай чумой свіней.

У падтрымку калег выказаўся і Старшыня Палаты прад-стаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка — нехта хоча запаволіць інтэграцыю, праблема з пастаўкамі беларускага харчавання ствараецца штучна. Спікер ніжняй палаты ўпэўнены: у бліжэйшы час заканадаўцам варта разгледзець першачарговыя задачы развіцця Саюзнай дзяржавы.

Дарэчы, зараз на ўзроўні экспертаў вядуцца перамовы аб пастаўках айчыннага харчавання ў Расійскую Федэрацыю і наадварот. Прадстаўнікі профільных ведамстваў абмяркоўваюць харчовыя балансы дзяржаў, асартымент прадукцыі, пытанні зняцця часовых абмежаванняў з беларускіх прадпрыемстваў малочнай і мясной галіны, аб’ёмы і тэрміны паставак з улікам інтарэсаў бакоў. Думаю, ніхто, акрамя нас саміх, не вырашыць гэты блок няпростых міждзяржаўных пытанняў  — прымальнае рашэнне будзе знойдзена.

Наша эканоміка грунтуецца сёння на вытворчасці высокаканкурэнтнай прадукцыі. Згодна звестак Белстата, знешнегандлёвы абарот краіны толькі за два першыя месяцы 2018-га склаў 10 749,8 мільёна долараў: у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года экспарт тавараў павялічыўся ў натуральным выяўленні на 17,6 працэнта, імпарт на 17.

Мадэрнізацыя дзеючай вытворчасці, новыя тэхналогіі і інвестыцыі дазваляюць беларускім вытворцам замацоўвацца як на ранейшых, так і на новых рынках. Развіваць сапраўды інавацыйныя напрамкі экспарту, дыверсіфікуючы яго з улікам нацыянальных інтарэсаў.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter