«Нiбыта зноў знаёмлюся з Бабруйскам»

Мастак Георгiй Паплаўскi падаруе калекцыю сваiх работ Бабруйску

Мастак Георгiй Паплаўскi вырашыў перадаць калекцыю сваiх работ у дар роднаму гораду

Народнага мастака, акадэмiка выяўленчага мастацтва, лаўрэата Дзяржаўнай прэмii Беларусi Георгiя Паплаўскага прадстаўляць не трэба. Яго iмя добра вядома не толькi ў нашай рэспублiцы, але i далёка за яе межамi, ягоныя работы займаюць пачэснае месца ў буйнейшых музеях свету. А неўзабаве размесцяцца ў Цэнтры творчасцi ў горадзе Бабруйску.

— Георгiй Георгiевiч, — звярнулiся мы да мастака, — як прыйшла iдэя перадаць у дар роднаму гораду калекцыю сваiх работ?

— Ды неяк само сабой i атрымалася. Мне, як кажуць, падбягае пад восем дзесяткаў, асноўны жыццёвы i творчы шлях пройдзены. Вось я i пачаў задумвацца: а куды дзяваць спадчыну? Можна было прадаць свае работы. Пакупнiкi знаходзiлiся з той жа Белакаменнай, iншых месц. Ну i што, асядуць яны недзе ў прыватных калекцыях, iх пабачаць абмежаваная колькасць людзей. Гэта не можа задаволiць. Урэшце, ёсць нешта вышэй за грошы – чалавечая годнасць, удзячнасць той зямлi, якая ўзгадавала. Вось i звярнуўся ў Бабруйскi гарвыканкам. Там, як падалося, маю прапанову ўспрынялi з энтузiязмам. Збiраюцца адкрыць нешта накшталт Цэнтра творчасцi.

— Хацелася б, каб вы больш падрабязна расказалi пра сябе i сваю творчую бiяграфiю.

— Нарадзiўся я ў самым пачатку трыццатых гадоў мiнулага стагоддзя. Жылi мы ў раёне лесакамбiната. На гэтым прадпрыемстве працаваў мой тата. Ён быў адмысловы майстра, мог на звычайнай iголцы выгравiраваць якоесьцi iмя, назву. Канешне, хацеў, каб пайшоў па яго шляху, а я – за аловак, аркуш паперы. Такая цяга была да малявання. Потым запiсаўся ў гарадскую iзастудыю пад кiраўнiцтвам вопытнага педагога Бяляева. Яе заканчвалi многiя вядомыя майстры пэндзля, у тым лiку Абрам Рабкiн, якi да гэтага часу так прывабна адлюстроўвае родны горад на палотнах, хоць пражывае ў Санкт-Пецярбурзе. Ну а пасля я навучаўся ў Мiнску, сталеў i як чалавек, i як мастак-прафесiянал.

— А якая тэма стала для вас галоўнай, дамiнуючай?

— Канешне, Вялiкай Айчыннай вайны. Яна была свежай на памяцi, сам падлеткам хаваўся ў блiндажах ад абстрэлаў, вока варожага. I вось што цiкава, 29 чэрвеня 1941 года захопнiкi прыйшлi ў наш горад, а роўна праз тры гады iх патурылi адсюль. Аднак жа колькi выпрабаванняў давялося прайсцi нам, усяму беларускаму народу — незагойная рана... Я не мог не расказаць пра падзеi таго часу, прысвяцiў цыкл работ: «Памяць», «Блакада», «Народная вайна», «Па матывах твораў Алеся Адамовiча», «Васiль Быкаў – iлюстрацыi» i iншыя.

Апрача гэтага, важны напрамак маёй творчасцi – прырода, чалавек, тое, што мы бачым, чым захапляемся. Мне здаецца, душу ўкладваю ў сваю творчасць, iнакш i не магу: калi брацца, дык з поўнай выкладкай!

— За паспяховае вырашэнне ваенна-патрыятычнай тэмы ў мастацкiх палотнах i графiчных цыклах, iншых тэм вы адзначаны залатым медалём iмя М. Грэкава, з’яўляецеся лаўрэатам прэмii Ленiнскага камсамола Беларусi, Мiжнароднай прэмii iмя Джавахарлала Неру, кавалерам ордэна Дружбы народаў. Прыемна гэта ўсведамляць. А хто яшчэ ў вашай сям’i займаецца такiм адметным мастацтвам?

— Мая жонка Наталля Мiкалаеўна. Вось так некалi мяне з ёй звёў лёс, i амаль шэсць дзесяткаў гадоў поруч iдзём. Канешне, тое, што шчыруем на адной i той жа нiве, дапамагае ў працы: раiмся, падказваем адзiн аднаму, узбройваемся iдэямi. Словам, тут поўная суладнасць. Тым больш дачка належыць да нашага цэху, на яе рахунку нямала дасягненняў. Унучка, праўда, аддаецца занятку ў iншай сферы дзейнасцi, ёсць ужо i праўнучка, з якой мы звязваем свае надзеi.

— Ну а як вам, Георгiй Георгiевiч, горад вашага маленства, што вы ў iм знаходзiце новага, прыцягальнага?

— Нядаўна пабываў у тым раёне, дзе некалi жыў... i не пазнаў яго — увесь перайначыўся. Замест драўляных двухпавярховак, якiя раней былi, годна ўзвышаюцца пяцi- i дзевяцiпавярховыя дамы, пралёг праспектам да самага новага маста праз раку Бярэзiну, шмат зелянiны, адметных куткоў. Я нiбыта зноў знаёмлюся з горадам. I ў гэтым сэнсе паспрыяла выстава маiх работ, прысвечаная 65-годдзю Вялiкай Айчыннай вайны.

Дарэчы, я ўжо задумаў цыкл работ «Стары i новы Бабруйск». Адно, што на свае вочы пабачыў горад, другое, маю адпаведную лiтаратуру, якую мне падаравалi. Галоўнае, каб сiл ставала ажыццявiць намечанае!

На здымку: старшыня гарвыканкама Дзмiтрый БОНАХАЎ i Георгiй ПАПЛАЎСКI с жонкай.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter