Один из старейших любительских коллективов Беларуси – театр “Жывое слова” – отмечает 55-летие

Ні слова назад

«Жывому слову» — 55. Свой юбілей адзіны на сённяшні момант студэнцкі тэатр, які жыве выключна беларускай мовай, адзначыць, як гэта водзіцца, прэм’ерай — ён аднаўляе спектакль «Цень» паводле знакамітай п’есы Яўгена Шварца.


Народныя і любімыя

Ужо шмат гадоў удзельнікі калектыву працуюць з літаратурнымі тэкстамі і ўдасканальваюць уменне данесці мастацкае слова гледачам у сценах Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

— Менавіта тут на філалагічным факультэце ў 1966 годзе былым акцёрам Купалаўскага тэатра, а па сумяшчальніцтве выкладчыкам педінстытута і акадэміі мастацтваў Андрэем Калядой было створана «Жывое слова». У 1977-м калектыў атрымаў званне «народны» і зараз аб’ядноўвае студэнтаў самых розных факультэтаў БДПУ, — звяртаецца да вытокаў цяперашні мастацкі кіраўнік «Жывога слова» Алесь Мойскі.

Традыцыі, закладзеныя Андрэем Калядой, зберагалі і развівалі яго прыемнікі: Юрась і Алена Чарэнкі, Наталля Кухарава, Уладзімір Трапянок — вядомы сёння радыё­вядучы і дырэктар радыёканала «Культура». З 2012 года тэатрам кіруюць Алеся Сівохіна і Алесь Мойскі, якога гледачы тэлеканала «Беларусь 3» добра ведаюць па праекце «Навіны культуры».

— Штогод «жываслоўцы», як называюць сябе члены калектыву, ствараюць тэатральныя выпускныя і капуснікi, а таксама вечарыны ўласнай творчасці «Атрасіны», калі ўдзельнікі тэатра самі становяцца рэжысёрамі і сцэнарыстамі. Такім чынам яны «атрасаюць» творчыя здабыткі за год. Акрамя таго, на працягу навучальнага года ў тэатры дзейнічае Клуб творчых дыялогаў, куды «жываслоўцы» запрашаюць вядомых дзеячаў культуры, пісьменнікаў, людзей, якія зрабілі ўнёсак у развіццё беларускага мастацтва, — дадае Алесь Мойскі.

Слова — класіку


Але ж галоўнае, вядома, тэатральныя праекты. Літаратурна-музычныя кампазіцыі, прысвечаныя слаўным юбілейным датам, — тое, чым «Жывое слова» вядома і далёка за межамі ўніверсітэта. Сёлета, напрыклад, тэатр падрыхтаваў імпрэзу да 130-годдзя з дня нара­джэння Максіма Багдановіча. І ўжо сёння вечарам мастацкі кіраўнік тэатра Алеся Сівохіна з гэтай нагоды выступіць у мінскай бібліятэцы № 14 імя Ф. Багушэвіча.

А крыху пазней, 9 снежня, у дзень нараджэння паэта, у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча разам збяруцца ўсе ўдзельнікі «Жывога слова», каб увасобіць вобраз пісьменніка ў розныя перыяды яго жыцця. Алесь Мойскі раскрывае дэталі гэтай літаратурна-мастацкай вечарыны:

— Госці музея і гледачы імпрэзы ўбачаць Багдановіча спачатку ў дзяцінстве, пасля — закаханым рамантыкам у юнацтве, а пазней змогуць адчуць перажыванні паэта перад смерцю. Таксама па сюжэце кожны з Багдановічаў сустрэне герояў сваіх твораў.

Постмадэрнiстычныя гульні


За апошняе дзесяцігоддзе артысты тэатра паставілі добры дзясятак выбітных спектакляў паводле твораў знакамітых пісьменнікаў. Гэта ў тым ліку пастаноўкі «Афарызм» паводле Уладзіміра Караткевіча, «Злавіць будучыню» і «Вецер» Рэя Брэдберы, «Цень» Яўгена Шварца. Апошні са згаданых спектакляў тэатр «Жывое слова» ставіць з абноўленым складам удзельнікаў, для многіх з якіх адбу­дзецца дэбют на малой сцэне БДПУ 28 снежня.

— Гэтым спектаклем «Жывое слова» працягвае постмадэрнiстычныя гульнi з тэкстам. I калi, напрыклад, на Андэрсана паўплывалi работы нямецкага вучонага i пiсьменнiка Шамiса, а Шварц пакiнуў толькi алюзii i рэмiнiсцэнцыi на творы дацкага казачніка, то наш спектакль — беларуская перапрацоўка п’есы Яўгена Львовiча. Дарэчы, у 2021-м святкуецца 125-годдзе з дня яго нараджэння.

Такім чынам, у гледачоў бу­дзе магчымасць адзначыць адразу два юбілеі — і пісьменніка, і «Жывога слова». Аднак ужо зараз можна павіншаваць калектыў — на яго афіцыйных старонках у сацыяльных сетках запусцілі музычны флэшмоб. Выпускнікам тэатра прапануюць запісаць на відэа любімую «жываслоўскую» песню і выкласці яе пад хэштэгам #спяваежывоеслова. Гэта можа быць як сольны запіс, так і выкананне дуэтам. Таксама можна перадаць эстафету камусьці з выпускнікоў тэатра, пазначыўшы, якую песню хочацца пачуць.
У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй «жываслоўцы» перанеслі святкаванне юбілею на Дзень тэатра — 27 сакавіка 2022 года. Але аматарскі калектыў працягвае выступаць на іншых пляцоўках, у тым ліку ў музеях і бібліятэках.
У ТЭМУ

У 1977 ­годзе тэатр «Жывое слова» стаў лаўрэатам Першага Усесаюзнага фестывалю мастацкай творчасці і з таго часу атрымаў шмат узнагарод.

leonovich@sb.by

Фота з архіва тэатра «Жывое слова»
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter