В регионах страны начали отменять запрет на посещение лесов

Нi дыму, нi агню

Наведванне лясоў дазволена ва ўсіх раёнах Гродзенскай вобласці. Нядрэннае становішча склалася на Віцебшчыне і Магілёўшчыне. Там закрыты для наведвання толькі тры і два раёны адпаведна. У Брэсцкай, Гомельскай і Мінскай абласцях сітуацыя па-ранейшаму застаецца напружанай.

Поўную карту раёнаў з дзеючай забаронай на наведванне лясоў можна ўбачыць на сайце Мінлясгаса.

— З-за спякоты і працяглай адсутнасці ападкаў у большасці рэгіёнаў на мінулым тыдні дзейнічалі абмежаванні і забароны на наведванне лясоў. Паступова, па меры стабілізацыі пажаранебяспечнай сітуацыі, іх здымаем, — растлумачыла прэс-сакратар Мінлясгаса Анастасія Дакучаева. — Дажджы, што прайшлі ў шэрагу рэгіёнаў, палепшылі становішча. Паводле даных, на сённяшні дзень забароны і абмежаванні дзейнічаюць у 46 раёнах краіны. Для параўнання: у пачатку мінулага тыдня пад забаронай знаходзіліся 82 рэгіёны.

Гэтыя забароны мелі на ўвазе поўную адмову ад наведвання лясоў, у тым ліку для прагулак, адпачынку на прыродзе. Быў забаронены ўезд транспарту, за выключэннем службовага. Аднак не ўсе пачулі папярэджанні, таму за мінулы тыдзень дзяржаўнай лясной ахове давялося ліквідаваць 19 лясных пажараў. Агульная плошча ўзгаранняў перавысіла 5 гектараў. Найбольшая колькасць пажараў зафіксавана ў лясным фондзе Гомельскай і Віцебскай абласцей. Там адбылося сем і шэсць выпадкаў узгарання адпаведна. У Магілёўскай вобласці сітуацыя заставалася стабільнай, лясных пажараў зафіксавана не было.

У ведамстве дадалі, што ў пажаранебяспечны сезон дзяржаўная лясная ахова, а гэта больш за 13 тысяч чалавек, пераведзена на ўзмоцнены варыянт нясення службы. Для ліквідацыі лясных пажараў у сістэме Мінлясгаса задзейнічана 257 пажарна-хімічных станцый, 660 пунктаў супрацьпажарнага інвентару, якія ўкамплектаваны неабходнай колькасцю сродкаў пажаратушэння. Для ранняга выяўлення лясных пажараў створана сетка з больш чым 620 пажарна-назіральнымі вышкамі і мачтамі, большасць з іх абсталяваны сродкамі відэаназірання.

Заўтра Белгідрамет абяцае раніцай і днём па большай частцы тэрыторыі краіны кароткачасовыя дажджы. Месцамі навальніцы, у асобных раёнах магчымы град. Таму колькасць рэгіёнаў, дзе дзейнічае забарона на наведванне лясоў, можа скараціцца. Рашэнне аб увядзенні забароны застаецца за мясцовымі органамі ўлады пры хадайніцтве лясгасаў. Поўную карту раёнаў з дзеючай забаронай на наведванне лясоў можна ўбачыць на сайце Мінлясгаса mlh.by.

gorbatenko@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter