Творчую храналогію спраў, паездак, выступаў склалі нарвскія “Сябры”

Ні дня без песні

Насычанымі для ансамбля беларускай песні нарвскай суполкі “Сябры” сталі першыя месяцы 2017-га. У студзені артысты выступалі на Фестывалі ансамбляў народнай песні Іда-Вірумаа, які праходзіў у Народным доме горада Ківіылі. А ў лютым ансамбль удзельнічаў у канцэрце да Дня Незалежнасці Эстоніі. Пасля “Сябры” павіншавалі сваімі песнямі калектыў “Колына” — з ім мы сябруем! — украінскага зямляцтва з 10-годдзем. Дарэчы, вялікі канцэрт з гэтай нагоды прайшоў у Нарвскім замку.

Нарвскія “Сябры” віншуюць тартускую суполку “Спадчына” з пачаткам яе дзейнасці

На пачатку сакавіка Беларускае таварыства “Спадчына”, створанае пры Тартускім цэнтры развіцця сацыяльнага капіталу, правяло першае мерапрыемства. Гасцямі тартускіх беларусаў сталі дэлегацыі нарвскіх “Сяброў” і беларускага таварыства “БЭЗ” з горада Йыхві. Паўдзельнічалі ў свяце і супрацоўнікі Амбасады Беларусі ў Эстоніі на чале з Амбасадарам Анатолем Сцепусем.

Беларускую песню “Добры дзень, людзі!” і кампазіцыю “Старадаўняя мелодыя” з рэпертуару вядомага эстонскага спевака Вальдэмара Куслапа выканалі “Сябры” ў Доме народаў Тамміку, дзе праходзіў Фестываль ансамбляў і салістаў Іда-Вірумаа, які прысвячаўся 80-годдзю Вальдэмара. Юбіляр з ахвотай падпяваў беларускім артыстам.

Напрыканцы сакавіка “Сябры” наведалі Нарвскі дом апекі. Састарэлым адзінокім людзям паказалі мы дакументальны фільм пра Беларусь, расказвалі пра родную краіну, чыталі вершы класікаў — Янкі Купалы і Якуба Коласа. І, канешне, спявалі. Гледачы доўга не адпускалі артыстаў. Было прыемна бачыць і адчуваць: на нейкі час людзі забылі пра хваробы, праблемы, адзіноту.

На сустрэчы з школьнікамі ў Сінімяэ “Сябры” таксама расказвалі пра Беларусь, праводзілі віктарыны, спявалі... Пасля артыстаў частавалі дранікамі. Было вельмі прыемна!

Наперадзе ў нас — шматлікія выступы, паездкі ў Беларусь, вандроўка да сяброў-беларусаў у літоўскую Клайпеду і многае іншае.

Віктар Байкачоў, намеснік старшыні беларускай суполкі “Сябры”, г. Нарва

Голас Радзімы № 15 (3519), чацвер, 13 красавіка, 2017 у PDF
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter