НГ-кншгарня: бібліятэка аднаго чытача

Біяграфія парадоксаў Киселев В.Н. Парадоксы “электрического человека” : жизнь и деятельность белорусского ученого Якова Оттоновича Наркевича-Иодко/ В.Н. Киселев. — Минск: Белорус. наука, 2007. — 316 с.

Якуб Наркевіч-Ёдка — вучоны XIX  стагоддзя, якога прызналі ў Еўропе яшчэ пры жыцці, свае адкрыцці зрабіў у маёнтку Над-Нёман (тэрыторыя сучаснага Уздзенскага раёна). Прыродазнаўца, урач-электратэрапеўт, першаадкрывальнік электраграфіі — здавалася б, у агуле мы пра гэта ўжо ведаем. Сотні, калі не тысячы (!) артыкулаў у перыёдыцы, згадкі ў энцыклапедыях, навуковых манаграфіях, кніга ў знакамітай асветніцкай серыі “Нашы славутыя землякі”, нават асобны раман Дзмітрыя Вінаградава ...Што да гэтага ведання дадае новая праца кандыдата эканамічных навук і вядомага краязнаўца Уладзіміра Кісялёва? Даследчык задае мноства пытанняў і сам жа прапаноўвае на іх адказы. Сутнасць іх найгалоўнейшая зводзіцца да наступнага: у чым заключаецца феномен Якуба Наркевіча-Ёдкі? Якія яго навуковыя адкрыцці апярэдзілі час? У чым парадаксальнасць ідэй вучонага-земляка? Расказваючы пра прыродазнаўца, Уладзімір Кісялёў стварае карціну асветніцкага, грамадскага жыцця ў Мінскай губерні на Уздзеншчыне, паказвае норавы далёкіх ад нас часін. Кніга пра парадоксы “электрычнага чалавека” — гэта яшчэ і  біяграфія  сацыяльных з’яў яго часу, што само па сабе не меней цікава, чым расповеды пра навуковыя адкрыцці.

...Незлічоная гама паўтонаў

Казлоў А. С. Юргон: раманы, аповесці, апавяданні/ Анатоль Казлоў. —
Мінск: Маст. літ., 2006. — 255 с.
(Беларуская проза XXI  стагоддзя).

Які ён — герой нашага часу?.. Калі заходзіць размова пра сучасную літаратуру, то па інерцыі неабачлівасці і таропкага ўяўлення  пра першаснасць нашай уласнай прысутнасці ў гісторыі жыцця мы вылучаем галоўную, здавалася б, прэтэнзію: “Што новага напісалі пісьменнікі пра наш час?!” Ці не гэтага чакае  і чытач у серыі “Беларуская проза XXI стагоддзя”?.. У кнігу Анатоля Казлова “Юргон” увайшлі раманы “Юргон”  і “Мінск і воран, Парыж і здань”, аповесці “Я  і Прарок-Уродка” і “Раздарожаны саракоўнік”, апавяданні “Верасава вечнасць”, “Крывавы прысмак”, “Ейны боль”. Усё ёсць у гэтых творах — і інтрыга, і бязмежжа думак і вобразаў, і канешне ж, прысутнічае ў іх  наш час. Напісаныя дынамічна (жанр “Юргона” нават пазначаны як “раман штрыхамі”), літаральна ўсе творы патрабавальнага да мовы  і сістэмы выкладання мастацкіх вобразаў празаіка — чытанне для разваг. І ў выніку гэтага чытання пазбаўляешся пустога аптымізму, пачынаеш разумець, што шалёны рытм псеўдажыцця — гэта не адзіна магчымы варыянт існавання ў свеце. Ёсць яшчэ і іншыя шляхі-дарогі, прайсці якімі можна без спрэчак пра “героя нашага часу”. І тым не меней асэнсаваць яго: і ў мастацкай прозе, і ва ўласных думках. Галоўнае толькі — разабрацца ў самім сабе, услухацца ў прачытанае. Праўда (цытата з аповесці “Раздарожаны саракоўнік”): “лягчэй жывецца, калі падзяляеш толькі на белае і чорнае, не заўважаючы незлічоную гаму паўтаноў”. Але ж выкладае Анатоль Казлоў і наступную мастацкую і жыццёвую аксіёму: “Хоць раз за жыццё, ды трэба наступіць на свой цень”.

Подступы да вечнага

Аврутин А. Ю.
Наедине с молчанием: книга поэзии/ Анатолий Аврутин;   предисл. А. Андреева. — Минск: Маст. літ. , 2007. — 303 с. —
(Золотое перо).

Кнігай выбраных твораў вядомага паэта Анатоля Аўруціна “Наедине с молчанием”  выдавецтва “Мастацкая літаратура”  распачало новы выдавецкі праект — серыю “Залатое пяро”. У выдатным паліграфічным выкананні да чытача ў бліжэйшы час павінны прыйсці кнігі многіх сучасных пісьменнікаў — кнігі, дзе падсумоўваецца плён іх творчай работы за многія дзесяцігоддзі. З’яўленню тома выбранай паэзіі лаўрэата міжнародных літаратурных прэмій імя С.Полацкага і М.Мінскага, а таксама прэміі імя “Маладой гвардыі”  (Украіна) Анатоля Аўруціна  папярэднічалі паэтычныя зборнікі “Поворотный круг”, “...От мира сего”, “По другую сторону дыхания”, “Суд богов”, “Золоченая бездна”, “Поверуй... Вспомни... Усомнись...”, “Визитная карточка” , “Неживая вода”, “Неказистая родина”. Пагадзіцеся, пераканаўчы плён!.. Хаця ўслед за аўтарам прадмовы доктарам філалагічных навук Анатолем Андрэевым хацелася б паўтарыць  і думку пра тое, што шырокім колам чытачоў першакласнасць паэзіі таленавітага майстра ўсё ж не  заўважана. Ды адказ на гэта дае сам паэт: “Так будет впредь... так было испокон./ В свой век глагол глаголеть бесполезно./ В несмелом вдохе — детский полусон, / Но в выдохе — клокочущая бездна”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter