“НГ”-кнiгарня: бiблiятэка аднаго чытача

Паважаныя чытачы! З сённяшняга нумара “Народная газета” пачынае рэгулярна знаёмiць вас з навiнкамi айчыннай кнiгавыдавецкай галiны. Калi раптам вы даўно не завiтвалi ў кнiгарню, то пазнаёмцеся з кнiгамi на нашых старонках, а пасля вырашайце, цi варта спяшацца за новымi набыткамi.

Мастацкi партрэт Валожыншчыны
Люблю наш край...: Валожыншчына лiтаратурная: проза, паэзiя, публiцыстыка, драматургiя, лiставанне /Уклад., падрыхт. тэкстаў i камент. В.Рагойшы. — Мiнск: Маст. лiт., 2006. — 495 с., 8 (л.) iл. — (Беларусь лiтаратурная).
У выдавецтва “Мастацкая лiтаратура” стала добрай традыцыяй выдаваць рэгiянальныя лiтаратурныя анталогii. Дасведчаныя ўкладальнiкi пад адной вокладкай збiраюць вершы i апавяданнi, урыўкi з “шырокафарматных” празаiчных твораў, нарысы, ды i iншае з мастацкай лiтаратуры, што напiсана альбо ўраджэнцамi пэўнай мясцiны альбо тымi пiсьменнiкамi, што працавалi, жылi ў гэтым краi. “Валожынскi” том уражвае глыбiнёй падабраных тэкстаў. А iмён у iм прадстаўлена цi не сотня! Адкрываецца кнiга вершам Канстанцыi Буйло “Люблю!” (напiсаны твор у валожынскiм Вiшнева). Вiнцэнт Дунiн-Марцiнкевiч i Стары Улас, Таццяна Кабржыцкая i Хведар Чэрня, Тэрэза Голуб i Валянцiна Гiруць-Русакевiч, Язэп Янушкевiч i Вiктар Шнiп, Людмiла Рублеўская i Алег Лойка, Адам Мальдзiс i Генадзь Каханоўскi — сама гiсторыя лiтаратуры! Па кнiзе “Люблю наш край...” можна выкладаць у школах Валожынскага раёна не толькi беларускую лiтаратуру, але i гiсторыю, i нават каменцiраваць асобныя тэмы па геаграфii. Што ўжо казаць пра тое, што кнiга, укладзеная лiтаратуразнаўцам Вячаславам Рагойшам, можа быць адмысловым падручнiкам па курсу, напрыклад, з назвай “Валожынскае краязнаўства”.
У паэзii — пачатак...
Сапожков Ю.М. Точка невозврата: стихи /Юрий Сапожков. — Мн.: Логвинов, 2006. — 304 с.
Блiскучай прадмовай да кнiгi вершаў “Точка невозврата” Валянцiн Маслюкоў патлумачыў многае з таго, што вызначае як паэзiю Юрыя Сапажкова, так i паэзiю ўвогуле. Быў час, калi паэт доўга маўчаў (“...десять лет молчал по обету. Переживая некую, известную только ему самому этическую вину...”). “Точка невозврата” —  быццам вулкан, здольны перавярнуць свядомасць, вiдавочна, многiх. Асаблiва тых чытачоў, хто ўпершыню адкрые для сябе новае iмя ў рускай паэзii Беларусi. Хаця зусiм неiстотна акрэслiваць мовай яшчэ i геаграфiю. Паверце на слова: перад вамi ў кнiзе “Точка невозврата” — паэт Божай мiласцю. I кнiгу чытаць раю не ўрыўкамi, а з першай да апошняй старонкi. Яшчэ ў зборнiку Юрыя Сапажкова — пераклады з паэзii розных народаў. Ад кiтайскага паэта Лi Iна аўтар “Точки невозврата” дорыць наступнае адкрыццё: “Этот день — полуявь, полусон./ Невозможно понять:/ люди уходят из истории или входят в нее”.
Праслаўляючы творчы генiй чалавека
Орда Напалеон. З фондаў Нацыянальнай бiблiятэкi Беларусi: Альбом/ Уклад. Чаропка В.К., Герасiмовiч Дз.Э. Аўтар уступнага артыкула Чаропка В.К. — Мн.: Беларусь, 2006. — 176 с., 159 (л.) iл.
Усур’ёз займаючыся вывучэннем гiсторыi Беларусi ХIХ стагоддзя, магчыма, i папярэднiх ХVII—ХVIII стагоддзяў, нельга абысцiся без звароту да спадчыны мастака Напалеона Орды (1807—1883). “Перадаючы дэталёва i скрупулёзна выгляды помнiкаў дойлiдства, палацаў, замкаў, пабудоў”, Орда пакiнуў нашчадкам унiкальныя малюнкi-лiтаграфii, якiя i зараз знаёмяць нас з гiстарычнымi сядзiбамi Беларусi, Польшчы, Лiтвы, Украiны... Толькi выяў Гродна было зроблена больш як 20. Часам i Напалеону Ордзе заставалася маляваць ужо толькi руiны. В.Чаропка ў прадмове да альбома славутага мастака, якi толькi што пабачыў свет у выдавецтве “Беларусь”, пiша: “Сваiмi малюнкамi ён не проста прызнаваўся ў любовi да роднага краю, а ганарыўся яго багатай культурай i гiсторыяй. Мы бачым на яго малюнках таксама народнае драўлянае дойлiдства, паселiшчы ўздоўж рэк i азёр, калодзежы-жураўлi, ветракi, якiя вельмi добра перадаюць нацыянальны каларыт”. Прагляд рэпрадукцый з альбома Напалеона Орды прынясе шчаслiвыя хвiлiны асалоды, уражанне сапраўднага падарожжа па Беларусi i суседнiх краiнах.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter