НГ-кнiгарня: бiблiятэка аднаго чытача

Фiласофiя становiцца лiтаратурай Андреев А. Маргинал: романы и повесть. — Мн.: “Макбел”, 2006 — 320с. Доктар фiлалагiчных навук i прафесар Белдзярж-унiверсiтэта Анатоль Андрэеў — з тых навукоўцаў, якiя, займаючыся вывучэннем лiтаратуры, i самi арганiчна знайшлi сваё месца ў мастацкiх пошуках. У гэтым, дарэчы, i пэўная традыцыя. Раманы сталi працягам навуковага светабачання акадэмiкаў Вiктара Каваленкi, Уладзiмiра Гнiламёдава. Паэзiя забрала ў свой палон такiх лiтаратуразнаўцаў, як Васiль Iвашын, Iван Чыгрын. Анатоль Андрэеў кнiгай “Маргiнал”, вiдавочна, працягвае той пошук, што распачаты iм на навуковым кiрунку. I ў рамане, якi даў назву ўсёй кнiзе, i ў iншых творах няма строгiх памежных рамак памiж свядомасцю i палётамi чалавека ў iншыя вымярэннi. Але ж фiзiка нашага iснавання ў сусвеце хiба гэта толькi рамачныя, законамi выпiсаныя канструкцыi жыцця? У прозе А.Андрэева суседнiчаюць каханне i нянавiсць, прыгажосць i бруд, сяброўства i варажнеча...А ў жыццi хiба iначай?..

Запрашэнне на экскурсiю
Чыгрын С. У пошуках слонiмскiх скарбаў: гiсторыка-краязнаўчыя i лiтаратурныя нататкi / Сяргей Чыгрын. — Мiнск: Кнiгазбор, 2007. — 164 с.
Калi хто цiкавiцца гiсторыяй не толькi Слонiмшчыны, але i ўвогуле Гарадзеншчыны, то яму ў такiм разе проста не абысцiся без кнiг Сяргея Чыгрына. Яны выдадзены ў розныя гады: “Янка Купала i Слонiмшчына”, “Родам са Слонiмшчыны”, “Паклiканыя на родны парог”, “Чамяры i чамяроўцы”. У кожнай — зварот да гiстарычнай i мастацкай бiяграфii Слонiмскага краю. Так i ў новай кнiзе “У пошуках слонiмскiх скарбаў”. Журналiсту, якi працуе ў правiнцыi, здавалася б, не заўсёды даступныя архiўныя i нават бiблiятэчныя скарбы. Не скажаш гэтага пра Сяргея Чыгрына. Ён так змог арганiзаваць сваю работу, што iншыя яго пошукi цi адолеюць i сталiчныя руплiўцы. Ды i сваю ролю адыгрывае тое, што жыве журналiст непасрэдна ў правiнцыi — у родным Слонiме. Падарожны характар кнiг “У пошуках слонiмскiх скарбаў” навiдавоку. I зборнiк нарысаў, як мне асабiста падаецца, з цiкавасцю будуць чытаць не толькi слонiмцы i нават не толькi тыя чытачы, што збiраюцца ў гэтую мясцовасць на экскурсiю, але i ўсе, хто хацеў бы адкрыць для сябе невядомую старонку, паразважаць разам з лiтаратарам на тэму скарбаў беларускай гiсторыi ўвогуле.
Два аўтары — адна тэма
Бензярук Р.М. Жыў на свеце дзед Васiль: кнiга абразкоў пра В.Вiтку, ягоны час i сяброў/ Р.М.Бензярук, В.Ц.Крысько. — Брэст: Академия, 2006. — 64 с.
У Брэсце пабачыла свет “кнiга абразкоў пра Васiля Вiтку, ягоны час i сяброў”, напiсаная пiсьменнiкам з Жабiнкi Расцiславам Бензяруком i сынам класiка беларускай лiтаратуры Вiсарыёнам Крысько. Звернемся да ўступнага слова Расцiслава Бензярука “Два аўтары — адна тэма”: “... гады тры назад пры сустрэчы прапанаваў Вiсарыёну Крысько напiсаць успамiны пра яго бацьку — Васiля Вiтку.
Вiсарыён Крысько, доктар па прафесii, сумняваўся ў сваiх пiсьменнiцкiх здольнасцях, але мне ўдалося пераканаць яго напiсаць успамiны. I, як выявiлася, нездарма...
Летась, калi быў у Мiнску, зайшоў да Крыськоў. Вiсарыён Цiмафеевiч прыняў мяне надзвычай гасцiнна, ветлiва i паказаў свае ўспамiны. Напiсанае спадабалася з першых старонак... Трымаючы ў руках такое багацце, я зразумеў, што артыкул, якiм я першапачаткова хацеў адзначыць
95-годдзе Вiткi, — занадта мала: трэба было рабiць кнiгу.
Так нарадзiлася задума сумеснай кнiгi ўспамiнаў. Першая частка яе — “Ядлоўцавы посах” — напiсана Вiсарыёнам Крысько, а другая — “Магiя слова” — мною”.
Сын пiсьменнiка, нягледзячы на тое, што нарадзiўся ў 1937 годзе, узнаўляе ў памяцi i даваеннае жыццё сям’i Крысько. Для многiх стане адкрыццём той факт, што ў “37-м бацьку выключылi з камсамола i выгналi з рэдакцыi “Чырвонай змены” “за страту пiльнасцi i лiбералiзм”...
“Магiя слова” — раздзел кнiгi, напiсаны Расцiславам Бензяруком. Пiсьменнiк сабраў свае “зярняты памяцi” пра мудрага i ўважлiвага лiтаратурнага настаўнiка, з якiм яму давялося сустракацца на нiве шчыравання ў дзiцячай лiтаратуры. Расказвае Расцiслаў Бензярук i пра знойдзеную Вiткам назву яго казкi — “Зайцаў кажушок” (спярша было “Зайцава футра”). З лёгкай рукi майстра твор пачаў падарожжа па “Вясёлцы” i школьных падручнiках.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter