НГ-кнiгарня: бiблiятэка аднаго чытача

Прыколы ад Мiколы Шабовiч М.В.
Мая    на-дзея: вершы / Мiкола Шабовiч. — Мiнск: Маст. лiт., 2006 — 174 с.
Мiкола Шабовiч, якi даўно рупiцца на нiве беларускай паэзii — творца шматпланавы. Пацвярджае гэтае меркаванне i яго новая паэтычная кнiга — “Мая надзея”. Поруч з вершамi, традыцыйнымi на яе старонках, вер-лiбры, санеты i нават вянок санетаў. Але асаблiвую асалоду чытач атрымае, пазнаёмiўшыся з раздзелам “Чорны трохкутнiк, або Прыколы ад Мiколы”, дзе сабраны пародыi Мiколы Шабовiча, напiсаныя за апошнiя некалькi гадоў. Пад прыцэл паэта трапiлi многiя калегi па лiтаратурнаму цэху — Алесь Бадак i Раiса Баравiкова, Леанiд Дранько-Майсюк i Леанiд Галубовiч, Юрка Голуб i Мiкола Маляўка, Змiтрок Марозаў i Уладзiмiр Мазго, Яўген Хвалей i Алесь Усеня... Вострыя стрэлы Мiкола Шабовiч не баiцца пускаць i ў бок крытыкаў. Праўда, у тым выпадку, калi яны бяруцца ўзорваць паэтычны дзiрван. Завяршае зборнiк раздзел эпiграм i прысвячэнняў, дзе мiж iншым ёсць і  “Аўтаэпiграма”: “Пiсаў пра Ненаглядку — быў ты лiрык, / Пасля задумаў парадыстам стаць, /Змог нават эпiграмы напiсаць.../ Скажы, Мiкола, можа, ты й сатырык?”.
Таямнiцы родных мясцiн Пракаповiч I.М.
Мястэчка над возерам: Задзеўе i ваколiцы / I.М.Пракаповiч, I.М.Заяц. — Мiнск: Ковчег, 2006 — 56 с.: iл.
Напiсаць асобную кнiгу пра адно паселiшча, — задача, пагадзiцеся, не з лёгкiх. Тым болей калi паселiшча гэта не мегаполiс i нават не раённы цэнтр, а малапрыкметная вёсачка на карце Беларусi. Настаўнiк геаграфii з Пастаў Iгар Пракаповiч думае, пэўна ж, iначай. Бо ў адваротным выпадку ён не ствараў бы кнiг, якiя расказваюць пра малавядомыя паселiшчы роднай Пастаўшчыны. Вось i гэтым разам настаўнiк (а ў сааўтарах з iм i вучанiца,  якая   цiкавiцца    края-знаўствам, Iрына Заяц) падараваў чытачу летапiс пра адну з багатых на гiсторыю вёсак. “Задзеўе — адзiн з найпрыгажэйшых куточкаў Пастаўшчыны. Вялiкае i глыбокае возера Задзеўскае з маляўнiчым астраўком пасярэдзiне; стромкiя, парослыя густымi травамi i дрэвамi прыбярэжныя схiлы; узгорысты рэльеф з чаргаваннем градаў, лагчын i балотаў. Усё гэта надае радасць сэрцу i спакой душы.
Але складаная, часам трагiчная гiсторыя гэтай мясцовасцi наклала сваю пячатку на прыродную прыгажосць. У пачатку XX стагоддзя Задзеўе мела ўсе шанцы вырасцi ў сiмпатычнае шумнае мястэчка, а ператварылася, як суседнiя Дукi, Лiцвiнкi, Новы Двор, у неперспектыўную вымiраючую вёсачку. Якiя гiстарычныя варункi прывялi гэту мясцовасць да такога стану? Якiя сляды пакiдае на тутэйшых сцежках гiсторыя?” — чытаем у “Прадмове”, якая адкрывае краязнаўчы нарыс пра Задзеўе i ваколiцы. Адметнасць кнiжачак, падобных працы Iгара Пракаповiча i Iрыны Заяц, перш-наперш заключаецца ў тым, што яны дапаўняюць гiстарычны партрэт Айчыны, вядомы чытачу са школьных падручнiкаў, дапамагаюць за кошт выкарыстання мясцовага матэрыялу развiць у школьнiкаў, юнага чытача любоў, павагу да роднай старонкi. На прыкладах даказваюць, што наш народ багаты на гiстарычную памяць.
Павучальныя гiсторыi для ўнукаў Юркин И.З.
Маша и ее друзья: забавные истории. — Мн., Дом прессы, 2006 — 120 с., ил.
Не кожны дзядуля можа напiсаць кнiгу. Iван Захаравiч Юркiн, маючы за плячыма дзесяткi гадоў адказнай службы ў пагонах, прайшоўшы праз многiя няпростыя выпрабаваннi, замест мемуараў падараваў чытачу цёплую, лагодную дзiцячую кнiгу — “Маша i яе сябры”. А на самай справе зборнiк сваiх шчыраванняў са словам i ў слове падараваў унучцы. Праўда, выдадзеная накладам у 1000 асобнiкаў кнiга ўжо атрымлiваецца падарункам для многiх унучак i ўнукаў. I нават — для дзядуль i бабуль, якiя, як мне асабiста падаецца, з задавальненнем прачытаюць павучальныя гiсторыi Iвана Юркiна сваiм непаслухмяным гарэзам. Напiсаная ў адной iнтанацыi, кнiга прыцягвае дабрынёй, спакоем, стварае настрой для шчырай размовы з самымi маленькiмi пра многiя простыя рэчы, з’яўляецца сапраўдным дапаможнiкам дарослым па развiццю ў дзетак дабрынi, чуласцi, сардэчнай цеплынi, разумення, што за многае ў навакольным свеце адказнасць нясе якраз чалавек. У кантэкст расповеду лагiчна ўпiсваюцца малюнкi, на якiя выданне досыць багатае. Мастакi — Яўген Ларчанка i Маша Марозава.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter