НГ-КНІГАРНЯ: БІБЛІЯТЭКА АДНАГО ЧЫТАЧА

Букет багатых красак Белой Вежи свет: поэзия Брестчины в переводах Валерия Гришковца. — Брест: Академия, 2005. — 188 с. Дзіўную і досыць шматгранную кнігу паэзіі фактычна абышлі ўвагай па розных прычынах. Па-першае, выдадзена ў Брэсце. Па-другое, зразумелым па сённяшніх часах, калі справа робіцца саматужна, тыражом — усяго 250 экземпляраў.

А кніга між іншым сапраўды багатая і на доўгае чытанне разлічаная, калі толькі ў кніжніка-аднаасобніка прыхавалася. Вядомы паэт Валерый Грышкавец, які жыве і працуе ў Пінску, стварыў у перакладах на рускую мову своеасаблівую анталогію паэзіі берасцейскіх аўтараў. Адкрыўшы зборнік  вершам паэта з XIX стагоддзя Франца Савіча, перакладчык  прадставіў чытачу творы Піліпа Пестрака, Міколы Засіма, Валянціна Таўлая, Аляксандра Альфяровіча, Алеся Бібіцкага, Івана Кірэйчыка, Вінацыя Бутрыма, Міхася Рудкоўскага, Міколы Купрэева, Кастуся Турко, Антона Цвыдко, Міколы Федзюковіча, Васіля Гадулькі, Яўгеніі Янішчыц, Васіля Сахарчука. Гэта пералік аўтараў першага раздзела, тых, хто даўно ці нядаўна пайшоў з жыцця. Праўда, пакуль кніга патрапіла мне на вочы, не стала і Зіновія Вагера — пінскага паэта, які памёр пасля выдання паэтычнай анталогіі.
Адметнасць кнігі ў выбары Валерыя Грышкаўца, які некаму падасца, магчыма, суб`ектыўным. Але суб`ектывізм гэты падмацаваны  сур`ёзнымі эстэтычнымі, мастацкімі перакананнямі перакладчыка і ўзроўнем праведзенай асабіста ім работы па дарозе ад арыгінала да перакладу.
Светабачанне — праз прызму розных эпох
Марціновіч, І.А.
Птушкі з пакінутых гнёздаў: гісторыя ў асобах: эсэ, нарысы/ Алесь Марціновіч. — Мінск: Маст. літ., 2007. — 318 с. (8) л. іл.
Новая кніга Алеся Марціновіча  ў серыі "Гісторыя ў асобах"  (трэцяя па ліку) знаёміць з прачытаннем дасведчаным аўтарам жыццёвых і творчых лёсаў далёкіх прашчураў Арыя і Кія ( імя апошняга звязваюць з заснаваннем Кіева ў пятым стагоддзі), Прадславы, Малушы (маці наўгародскага князя Уладзіміра), Андрэя Полацкага, Боны Сфорца, Філона Кміты-Чарнобыльскага, Гальшкі Астрожскай, Багуслава Радзівіла, Людвіка Сяніцкага, Піліпа Орліка, Мацея Радзівіла, Ксаверыя Карніцкага, Ігната Манькоўскага, Казіміра Ельскага, Генрыха Вейсенгофа, Германа Мінкоўскага, Пятра Конюха. З розных часоў прыйшлі да нас героі кнігі "Птушкі з пакінутых гнёздаў". Але біяграфія кожнага з іх паасобку дапамагае выпрацаваць ці не галоўны для развіцця самастойнай асобы жыццёвы і мастацкі складальнік — здольнасць мець трывалы ўласны светапогляд. Падрабязна распавядаючы пра сваіх персанажаў, Алесь Марціновіч так рэльефна вымалёўвае іх характары, што складваецца ўражанне пра прысутнасць самога аўтара ў розных часінах. І ў кожным нарысе кнігі першая ўвага адрасавана ўчынкам, энергічным паводзінам. Мо, таму і ўсе персанажы гісторы "па Алесю Марціновічу" такія сімпатычныя і прывабныя?
Дракон, Вялес і Мікіта-Кажамяка
Шамякіна, Т.І.
Кітайскі каляндар і славянскі міфалагічны бестыярыум. Паралелі. — Мінск: РІВШ, 2007. — 104 с.
Выданне  кнігі доктара філалагічных навук прафесара Таццяны Шамякінай  "Кітайскі каляндар і славянскі міфалагічны бестыярыум. Паралелі" зусім не выпадковасць. Аўтар многія гады працуе над засваеннем міфалагічнай спадчыны еўрапейскіх  і азіяцкіх  народаў. Прычым  многія высновы ў выніку сваіх даследаванняў робіць, праводзячы паралелі паміж культурамі. Зараз пад пільную ўвагу культуролага патрапіў кітайскі каляндар (згодна з якім, вядома, 2007  лічыцца Годам свінні). І што цікава, у культурах  розных, далёкіх адзін ад аднаго па геаграфіі народаў досыць часта адны і тыя ж сімвалы займаюць істотнае месца, становяцца прадметам  пільнай увагі і пакланення.
Багатая на навуковую тэрміналогію кніга Таццяны Шамякінай усё ж чытаецца лёгка, узбагачае на многія нечаканыя адкрыцці.  І яшчэ — пераканаўча даводзіць, што міфалогія з`яўляецца асновай нашага руху наперад, засваеннем — лёсавызначальнай энергетыкі, крынічным сілкаванем на цяжкай дарозе  няпростага жыцця.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter