“НГ”-кнігарня: бібліятэка аднаго чытача

Апавяданні пра прыродуЯговдик В. Горсть ягод. Рассказы о природе. Для млад. и сред. шк. возраста / Перевод с белорусского Машкова В. Художник Алисевич Ю. Фото Бышнева И. — Издатель Яговдик М., 2007. — 64 с., 8 л. цвет. вкл.: ил.

У апошнія дзесяць—пятнаццаць гадоў прыродазнаўчыя кнігі Уладзіміра Ягоўдзіка, пісьменніка, які напачатку творчай дарогі пісаў для дарослага чытача, набылі асаблівую папулярнасць сярод дзяцей. Новы томік лірычнай прозы таленавітага майстра — на рускай мове. А перакладчык “Горсти ягод” — Уладзімір Машкоў. Дарэчы, і сам пісьменнік вядомы. У бібліятэках кнігі яго зачытаны настолькі, што на змену кардонным выдавецкім вокладкам прыйшлі папяровыя абгорткі “ўласнай паліграфіі”.
Пра што ж прачытае юны аматар прыроды на старонках прыгожа аформленага зборніка “Горсть ягод”? Сапраўды — пра лясныя ягады. А яшчэ — пра грыбы. Пра звяроў і птушак. Пра насельнікаў рэк і азёр. Кнігу Уладзіміра Ягоўдзіка можна лічыць невялікай энцыклапедыяй навакольнага свету. Таго свету, таго асяродка, які літаральна побач з вамі. Варта толькі выйсці з пад’езда гарадскога дома, зазірнуць у парк, альбо пакінуць вясковую сядзібу і збегаць у лес, ці вясковай, а следам палявой дарожкай-сцежкай абследаваць ваколіцы роднага паселішча. А пуцяводным атласам у чаканні новых знаёмстваў могуць служыць апавяданні Уладзіміра Ягоўдзіка.
Прадстаўнічая гарадская тапаніміка
Улицы Бреста рассказывают... /Л.Илларионова, Ю.Рубашевский, Н.Свинтилова, Т.Стасюк; Под общ. ред. П.Н.Тишука. — Брест: ООО “РИА “Вечерний Брест”, 2007 — 140 с., фотографии.
Ведаць свой горад — гэта, пагадзіцеся, нават прэстыжна. Час ад часу на паліцы кнігарань альбо бібліятэк паступаюць новыя даведачныя, энцыклапедычнага характару гарадскія гісторыка-краязнаўчыя кнігі. Але не ўсе з іх аднолькава папулярныя сярод розных сацыяльных груп чытачоў. Зборнік “Улицы Бреста рассказывают...”, які пабачыў свет у Брэсце, падаецца ў гэтым плане унікальным. Кожныя дзве, а часам тры і болей кніжных старонак — пра асобную вуліцу Брэста. Расказваецца гісторыя сучаснай назвы, згадваецца ранейшая — дарэвалюцыйная альбо “за польскім часэм”. У лаканічных артыкулах — падрабязнасці з жыцця вуліц розных часоў. Чытаючы гарадскі тапанімічны падарожнік, можна без асаблівых складанасцей правесці самастойную экскурсію па Брэсту.
Пасланец беларушчыны
Пасланец Праметэя: Кніга пра Уладзіміра Калесніка (успаміны, эсэ, артыкулы, нататкі, мініяцюры, вершы /Рэдкал. Г.М.Праневіч (гал. рэд.) і інш. Уклад. З.М.Калеснік, М.І.Новік, Г.М.Праневіч), — Брэсц. дзярж. ун-т імя А.С.Пушкіна, “Навук.-асветны цэнтр імя У.Калесніка. — Брэст: Выд-ва БрДУ, 2007. — 388 с., фотаздымкі.
Велічыня Уладзіміра Калесніка добра вядомая ўсім, хто цікавіцца беларускай літаратурай, беларускай культурай. Вучоны, дзякуючы руплівасці якога гісторыя заходнебеларускага прыгожага пісьменства набыла асабліва прыкметнае гучанне, на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў быў на Берасцейшчыне апірышчам многіх талентаў, дапамагаў стварэнню сапраўднага культурна-асветніцкага асяродка. Невыпадкова з расповедам пра “свайго Калесніка” выступаюць вучоныя, літаратары, якіх ведае ўся краіна, — Уладзімір Караткевіч, Іван Чыгрынаў, Алег Лойка, Вера Ляшук, Уладзімір Гніламёдаў, Міхась Тычына, Арсень Ліс, Міхась Мушынскі, Васіль Жуковіч, Алесь Разанаў, Янка Брыль, Дзмітрый Бугаёў, Ніна Мацяш, Анатоль Вярцінскі, Уладзімір Ліпскі... Адна цытата — з самога Калесніка: “Спакусліва ўявіць сусветную літаратуру як сістэму мензурак, у якіх па шклянках і гумовых трубачках пераліваецца эстэтычная субстанцыя, займаючы сярэднесусветны ўзровень. Бяда толькі ў тым, што эстэтычная субстанцыя не хоча аддзяляцца ад чалавека, а кожны чалавек нясе ў сабе асобны свет, свой уласны лёс. Тым больш — народы. Універсальна пашыраюцца ў свеце толькі тэхнічныя адкрыцці”. Дбаючы пра нацыянальнае, роднае, прафесар Уладзімір Калеснік вызначаўся шырынёю светабачання, здольнасцю да агледзінаў шырокай прасторы іншых літаратур, іншых культур.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter