НГ-кнігарня: бібліятэка аднаго чытача

Рубрыку вядзе дырэктар РВУ “Літаратура і Мастацтва” пісьменнік Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Вятрыска — лепшы сябра дзетвары
Авласенко, Г.П.
Удивительные приключения маленького Ветерка из Вентилятора: сказка: для детей мл. шк. возраста/ Геннадий Авласенко; худож. Т.П. Березенская, Н. В.Коломейцева. — Минск: Литература и Искусство, 2009. — 128 с. 6 ил.
Галоўны герой казачнай аповесці настаўніка з Чэрвеньскага раёна Генадзя Аўласенкі — маленькі Вятрыска, які жыве ў Вентылятары. Сам Вентылятар знаходзіцца ў дзіцячым садку, дзе заўсёды шумна і весела. Дзеці проста ўлюбёныя ў свайго Вятрыску. А галоўны герой казкі любіць самыя неверагодныя прыгоды — захапляльныя, часам нават і небяспечныя. Куды толькі не трапляе Вятрыска! І ў глухі лясны гушчар да злоснага і сквапнага Ваўка, і ў загадкавую Афрыку, і нават... у кнігу казак!
Беларускую дзіцячую літаратуру, здараецца, папракаюць за адсутнасць добрай прозы, сімпатычных герояў. “Неверагодныя прыгоды маленькага Вятрыскі з Вентылятара” — якраз той выпадак, калі і галоўны герой прывабны, і сюжэт адмысловы, захапляльны. Сваю пячатку на твор накладвае і добрае веданне аўтарам дзіцячай псіхалогіі. Педагагічны, настаўніцкі вопыт Генадзя Аўласенкі, які выкладае ў вясковай школе біялогію, дае аб сабе ведаць.
Душа — у ручніку-вышыванцы
Локтыш, С.А.
Вышыванка: зборнік паэзіі/ Святлана Локтыш. — Брэст: Альтернатива, 2008. — 92 с.
“Для разважанняў тэм нямала: / Паперы думкі давяраю./ — Ты пра сябе радкі пісала? — / Мяне цікаўны запытае”, — так перш-наперш паэт і журналістка з Ганцавіч Святлана Локтыш піша пра ўласныя перажыванні. Чуйная да роднага слова, здольная ў васільковым акіяне моўных скарбаў знайсці асаблівыя залацінкі, аўтар кнігі “Вышыванка” выяўляе сябе стараннай руплівіцай мастацкага, эстэтычнага пошуку. Перакананні творчага асэнсавання свету, рэчаіснасці — гэта цвёрдае следаванне Святланы Локтыш лепшым традыцыям нацыянальнай паэзіі. Мажліва, таму і нязмушана, без усялякіх амбіцый, дэкларуе паэт сваю вернасць здабыткам Яўгеніі Янішчыц (пра гэта — і ў вершы, які так і называецца — “Яўгеніі Янішчыц”). У зборніку, багатым на адкрыцці лірычнага кшталту, не можа не прыцягваць увагу і такі, напоўнены грамадзянскім клопатам за лёс роднай мовы, роднай культуры, твор — “Пасля размовы з манкуртам” : “Прыйдзе час — і пустэча напоўніцца зместам, / Загамоніць народ наш не змешаным тэкстам — / Натуральнай, бы ў продкаў, то ціхмянай, то звонкай,/ Калыханкава-мяккай самабытнай гаворкай”.
Азбука геральдыкі
Левандовский А.П.
В мире геральдики / А.П. Левандовский. — М.: Вече, 2008. — 184 с. : ил.
Анатоль Левандоўскі нарадзіўся ў Мазыры, закончыў гістарычны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага універсітэта. Усё жыццё займаўся гісторыяй Еўропы даўно мінулых часоў. Напісаў для “маладагвардзейскай” серыі “Жыццё знакамітых людзей” “манаграфіі лёсаў”, прысвечаныя Марату, Жанне д’Арк, Рабесп’еру. Выдаў цэлы шэраг навукова-папулярных гістарычных нарысаў і аповесцей. У тым ліку — і з разлікам на аўдыторыю юных чытачоў.
Кніга “У свеце геральдыкі” — адмысловае падарожжа гістарычнага пісьменніка па геральдычных прасторах. Анатоль Пятровіч Левандоўскі падсумоўвае свае шматгадовыя росшукі пра гісторыю стварэння гербаў самых розных сем’яў, родаў, гарадоў. Чытаючы і разглядаючы (кніга багата ілюстравана) своеасаблівую геральдычную міні-энцыклапедыю, думаеш і пра тое, што “У свеце геральдыкі” можа стаць добрым дапаўненнем да цэлага шэрагу кніг беларускага даследчыка Анатоля Цітова. Даследаванне А.Левандоўскага дазваляе знайсці адказы на многія элементарныя пытані: што такое герб? Якая краіна з’яўляецца радзімай геральдыкі? Што ўвасабляюць на гербах выявы тых ці іншых звяроў альбо кветак? Што значаць у геральдыцы розныя колеры?..
“У свеце геральдыкі” — і апошняя кніга ў жыцці нашага земляка (памёр А.Левандоўскі напрыканцы 2008 года, маючы за плячамі 88 гадоў і цэлую бібліятэку гістарычных і гісторыка-папулярных работ).

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter