НГ-кнігарня: бібліятэка аднаго чытача

Рубрыку вядзе дырэктар РВУ “Літаратура і Мастацтва” пісьменнік Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Спадзяванні і рэчаіснасць
Трахименок, С.А.
Диалектика игры: Роман / Сергей Трахименок. — Минск: Изд-во “Четыре четверти”, 2009. — 400 с.
Галоўны герой рамана Сяргея Трахімёнка “Диалектика игры”  генерал Васіль Вепраў — з кагорты тых дэпутатаў расійскай Думы, якія лічаць сябе “дзяржаўнікамі”, працуюць выключна на сцвярджэнне інтарэсаў народа і краіны. І разам з тым трапляюць у складаныя выпрабаванні, вымушаны быць аб’ектам інтрыг і нізкапробных домыслаў. Разабрацца ў тым, што адбываецца ў навакольным палітычным асяродку, Веправу дапамагае невядомы аналітык Віктар. Яго аналітычныя лісты кладуцца на стол дэпутату з пэўнай перыядычнасцю. Калізіі, якія адбываюцца следам, амаль цалкам супадаюць з папярэднімі меркаваннямі. Нешта ўсё ж насцярожвае Веправа ў гэтай эпісталярнай дапамозе. Генералу падаецца знаёмым “почырк” аналітыка... Якія ж падзеі адбываюцца ў “Диалектике  игры” насамрэч, хто ўсё ж такі піша Веправу, хто стаіць за многімі палітычнымі забойствамі — пра гэта чытач  даведаецца з самой кнігі, з апошніх яе раздзелаў.
Аўтар рамана — рускі пісьменнік, які даўно жыве і працуе ў Мінску. Сяргей Трахімёнак — доктар юрыдычных навук, прафесар. Аўтар кніг прозы “Игры капризной дамы”, “Детектив на исходе века”, “Груз небесный”, “Заказ на двадцать пятого”, “Женская логика”, “Второй уровень”, “Миллениум в Авсюках”  і іншых, якія пабачылі свет у Мінску, Маскве і Санкт-Пецярбургу.

Сянно: падарожжа ў стагоддзях
Бандарэвіч, В.В.
Экскурсія да вытокаў горада Сянно: краязнаўчыя нарысы / В.В.Бандарэвіч. — Мінск: Літаратура і Мастацтва, 2008. — 168 с.: іл.
Невялікі гарадок на Віцебшчыне, а колькі падзей уклалася ў яго лёс!.. І Васіль Віктаравіч Бандарэвіч, настаўнік выяўленчага мастацтва і працоўнага навучання ў СШ № 2 г.Сянно, здолеў сабраць гэтыя падзеі, старонкі гістарычнага летапісу малой радзімы разам — у кнігу “Экскурсія да вытокаў горада Сянно”. Чытаеш яе, разглядваеш многія ілюстрацыі да выдання — і разумееш, што табе падуладна пранікненне ў розныя часы. Зрабіць, скласці такую кнігу з асобных фрагментаў гістарычнай памяці, паяднаўшы розныя дакументальныя крыніцы, мог толькі чалавек, які апантана захоплены краязнаўчым доследам. Такім і з’яўляецца Васіль Бандарэвіч. Ён мае шмат публікацый на краязнаўчыя тэмы ў газеце “Голас Сенненшчыны”. Вынікам ажыццяўлення даўняй мары — эфектыўнага спалучэння выкладчыцкай дзейнасці з краязнаўствам — з’явілася распрацоўка аўтарскага вучэбнага курса “Спадчына роднага краю”. Праграма курса ўтрымлівае ў сабе звесткі па геаграфіі, гісторыі, культуры Сенненшчыны і выкладаецца ў 6-х класах агульнаадукацыйнай школы № 2 г.Сянно.

Мастацтва дробязі і чуласці
Наталич Марина.
Фрагменты жизни развеселой: рассказы, и не только. Пёстрое/ Марина Наталич. — Минск: “Книгосбор”, 2007. — 192 с.
У кнізе паэта і празаіка Марыны Наталіч “Фрагменты жизни развеселой” многа сустрэч з людзьмі, асобамі ў нашай Айчыне вядомымі. Янка Брыль, Вера Палтаран, Алесь Адамовіч, Рыгор Барадулін, Анатоль Чаркасаў... Яно і зразумела: Марына Наталіч доўга працавала рэдактарам у выдавецтве “Мастацкая літаратура”, разглядала жыццё скрозь прызму зносін з цікавымі і яркімі мастакамі слова. Але напісанае і складзенае ў кнігу “Фрагменты жизни развеселой” — гэта далёка не ўспаміны. Пісьменніца, узбагаціўшы сваё светабачанне многімі каляровымі шкельцамі, разважае, спрачаецца, сумняваецца, вядзе чытача да пошуку самых розных ідэалаў. І робіць гэта нязмушана, без усялякіх лішніх “націскаў” і маральнага дыктату. Пра характар прозы Марыны Наталіч шмат гаворыць і вызначэнне ёю жанраў сабранага пад адной вокладкай: апавяданні-ўспаміны, запіскі-развагі, замалёўкі з натуры, казкі ці не казкі...
Дарэчы, “Фрагменты жизни развеселой” — не першая кніга Марыны Наталіч. Раней выйшлі паэтычныя зборнікі “Первая встреча”, “В лесном саду”, “Странница”, “Ледяные стихи”, “Улитка Вселенной”, книга прозы “Глухие голоса”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter