Нездаровы элемент

Асноўная крыніца забруджвання паветра — аўтатранспартЗ 8 да 9 раніцы і з 17 да 19 гадзін вечара выходзіць на вуліцу небяспечна для здароўя. Канцэнтрацыя дыяксіду азоту і аксіду вугляроду ў гэты час самая высокая ў суткі. Супрацоўнікі Рэспубліканскага цэнтра радыяцыйнага кантролю і маніторынгу навакольнага асяроддзя (РЦРКМ) правялі спецыяльныя даследаванні і высветлілі, што найбольшыя канцэнтрацыі шкодных рэчываў назіраюцца ўранку і ўвечары невыпадкова. Усё залежыць ад інтэнсіўнасці руху аўтатранспарту, якога асабліва многа ў вялікім горадзе ў пачатку і ў канцы працоўнага дня. Дык што, не хадзіць на работу, сядзець дома?

— Падстаў для панікі няма, але варта мець на ўвазе, у які час якія рэчывы найбольш сканцэнтраваны ў паветры. Гэта дапаможа людзям з пэўнымі сур’ёзнымі хваробамі пазбегнуць ускладненняў, — раіць Багдана Казярук, начальнік аддзела па аналізе інфармацыі і прагназаванні ўзроўню забруджвання паветра РЦРКМ. — У Мінску на працягу 2008 года ў двух пунктах назірання: у прамысловым раёне (трактарны завод) і ў ваколіцах абсерваторыі на праспекце Незалежнасці, 110 (жылы раён) кругласутачна вёўся маніторынг. Такім чынам высветлілася, што ў жылым раёне канцэнтрацыя дыяксіду азоту ў гадзіны пік — а 8-й і 18-й — склала менш за 25 мікраграмаў на кубаметр, аднак у прамысловым раёне ў той жа час дасягала 35 мікраграмаў пры норме 100 мкг/м3.
Такія даследаванні праведзены ў нашай краіне ўпершыню дзякуючы набыццю спецыяльнага абсталявання — комплексных станцый бесперапыннага вымярэння ўтрымання прыярытэтных забруджвальных рэчываў. Адна такая станцыя каштуе 520 мільёнаў рублёў у цэнах канца 2008 года. Сёлета ў Мінску іх ужо тры, аналагічныя працуюць у Віцебску і Магілёве, усе — кругласутачна. Яны даюць магчымасць выяўляць утрыманне 10 забруджвальных рэчываў у атмасферы ў рэжыме рэальнага часу. У іншых гарадах пакуль што пробы паветра бяруць уручную.
У некаторых гарадах канцэнтрацыя шкодных рэчываў даволі высокая (глядзіце табліцу, у якой адзначаны праблемныя раёны). Прычыны розныя. У асноўным — гэта выкіды прамысловых прадпрыемстваў і транспарту.
У Мінску і Жлобіне ў канцы сакавіка — пачатку красавіка назіраецца самая вялікая канцэнтрацыя пылу (г.зв. цвёрдых часціц РМ-10). Асноўная прычына — дэфіцыт ападкаў, якія не змываюць бруд з асфальту. У Брэсце ў выніку даследаванняў устанавілі, што ўтрыманне ў паветры фармальдэгіду павялічваецца разам з павышэннем тэмпературы паветра.
На шчасце, як сведчыць Багдана Казярук, сярэднія за год канцэнтрацыі забруджвальных рэчываў у большасці гарадоў у 2008 годзе не перавысілі гігіенічную норму. А ў параўнанні з 2007 годам колькасць праблемных раёнаў у прамысловых цэнтрах краіны нават зменшылася на 30 працэнтаў. Процівагазы пакуль што не спатрэбяцца.

Асцярожна: небяспечныя выкіды!

Аксід вугляроду. Вядомы таксама як вуглякіслы, або чадны, газ.  Палова чаднага газу ўтвараецца ў выніку работы рухавікоў унутранага згарання аўтамабіляў. Выклікае галавакружэнне, можа стаць прычынай удушша.
Дыяксід азоту. Асноўная крыніца дыяксіду азоту ў горадзе — выхлапныя газы аўтамабіляў і выкіды цеплаэлектрастанцый. Гэтае рэчыва — асноўны кампанент смогу ў мегаполісах. Дыяксід азоту павышае схільнасць да вострых рэспіраторных захворванняў: пагаршаецца стан людзей, хворых на астму, хранічны бранхіт.
Фармальдэгід. Пабочны прадукт згарання. Утрымліваецца ў тым ліку ў тытунёвым дыме, выдзяляецца газавымі плітамі. Выклікае слёзацячэнне, пякоту ў вачах. Высокія канцэнтрацыі могуць прывесці да прыступу астмы.

 Не прадыхнуць

Дзе больш за ўсё шкодных рэчываў                   

Брэст
вуліцы 17 Верасня, Паўночная
фармальдэгід

ВіІцебск
праспект Люднікава,
вуліца Касманаўтаў
фармальдэгід

Гомель
вуліца Барыкіна
сумарныя цвёрдыя часціцы
(пыл)

Жлобін
мікрараён № 3,
вуліца Прыгарадная
сумарныя цвёрдыя часціцы

Магілёў
завулак Крупскай
дыяксід азоту, аксід вугляроду
вуліца Астроўскага
дыяксід азоту

Мазыр
вуліца Пралетарская
сумарныя цвёрдыя часціцы

Мінск
праспект Незалежнасці, 110
дыяксід азоту, фармальдэгід,
цвёрдыя часціцы РМ-10 (пыл)
вуліца Ціміразева
фармальдэгід, аксід вугляроду
вуліца Радыяльная
цвёрдыя часціцы РМ-10

Орша
вуліцы Маладзёжная,
К.Маркса,
Прывакзальная плошча
фармальдэгід

Пінск
вуліцы Завальная, Цэнтральная
фармальдэгід, сумарныя цвёрдыя часціцы

Рэчыца
вуліца Маладзёжная
сумарныя цвёрдыя часціцы

Светлагорск
мікрараён Першамайскі
дыяксід азоту, сумарныя цвёрдыя часціцы

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter