Незавершаны санет…

У Гродне адкрылася выстава да 120-годдзя Максіма Багдановіча

«Блакітны санет» — так назвалі выставу, прысвечаную 120-годдзю Максіма Багдановіча, якая адкрылася ў Гродзенскай гарадской выставачнай зале. На працягу года мастакі горада, у якім прайшлі першыя дзіцячыя гады паэта, натхняліся яго творчасцю, ствараючы мастацкія працы, сугучныя санетам паэта, у розных жанрах і тэхніках. Аляксандр Сільвановіч і Вікторыя Ільіна — жывапісныя, Валянці-на Шоба і Юрый Якавенка — графічныя, Уладзімір Панцялееў — скульптурныя.

Ганаровымі гасцямі выставы былі намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама Ірына Сенчанкава, Генеральны консул Літоўскай Рэспублікі ў Гродна Аушра Чэрнявічэне, Генеральны консул Рэспублікі Польшчы Анджэй Хадкевіч.

Выстава «Вытокі геніяльнасці», на якой прадстаўлены творы мінскіх мастакоў, працуе ў гродзенскім музеі Максіма Багдановіча. Тут, дарэчы, захавалася нямала ўнікальных экспанатаў — рэчаў з кватэры Багдановічаў. Менавіта ў Гродне сям’я правяла свае найбольш шчаслівыя часы, тут яе напаткала і вялікая трагедыя — смерць маці Максіма Марыі Апанасаўны, якая пахавана на гродзенскіх могілках. Сябры гродзенскай арганізацыі Беларускага саюза мастакоў ладзяць у музеі вечарыну, прысвечаную паэту.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter