Писатель Сергей Граховский в воспоминаниях земляка

Незабыўная сустрэча

Ён часцяком наведваў наш ціхі Глуск — сваю радзіму. Хадзіў па вуліцах і завулках. Ступаў нетаропка, раздумліва. Спыняўся і доўга разглядаў наваколле, нібы нешта шукаў. Ён хадзіў і нічога не пазнаваў. Усё жыло ва ўспамінах... У тым мястэчку, дзе засталося дзяцінства і юнацтва. Размова ідзе пра беларускага паэта і празаіка, ганаровага грамадзяніна Глуска Сяргея Іванавіча Грахоўскага, які апаэтызаваў гэты прыгожы гарадок на беразе Пцічы ў шматлікіх вершах, напісаў успаміны пра родныя мясціны, пра сваіх землякоў, цёплымі словамі ўзгадаў сваіх сяброў, з якімі вучыўся, пачынаў спасцігаць таямніцы і прыгажосць паэтычнага слова…

Я, як, магчыма, і іншыя глушча­не, прыйшоў да творчасці некалі малавядомага для мяне Грахоўскага праз дакументальную аповесць «Мястэчка… Мястэчка…», якая друкавалася на старонках раённай газеты ў 1999 го­дзе. Аповесць уразіла. Дагэтуль я нічога падобнага пра Глуск не чытаў. Гэтак мог напісаць толькі па-сапраўднаму нераўнадушны чалавек, які любіць сваю Бацькаўшчыну. Таму вырашыў як-небудзь пазнаёміцца з Грахоўскім.

Думкі аб сустрэчы з пісьменнікам не выходзілі з галавы. Ездзячы ў інваліднай калясцы па вуліцах, я прыглядаўся да людзей, наводзіў даведкі ў супрацоўнікаў рэдакцыі раёнкі, куды Сяргей Іванавіч, калі бываў у Глуску, заходзіў абавязкова. Я думаў, як і з якога боку мне да яго ­падысці, з чаго пачаць размову? Ці захоча ён, знакамітая асоба ў літаратурным асяроддзі краіны, уступаць са мной, інвалідам, у дыялог?

Сустрэча адбылася знянацку. Едучы па вуліцы Жыжкевіча, убачыў Грахоўскага, які ішоў нетаропкай хадой. Сутыкнуліся ля райваенкамата. Я прывітаўся, што Сяргея Іванавіча на нейкі момант спыніла. Размову я пачаў з таго, што ўзгадаў яго аповесць пра мястэчка, сказаў, што наконт яе ёсць некалькі пытанняў. На што той працягнуў мне сваю руку, у якой я адчуў не толькі моц поціску, але і цяпло. «Добры дзень, зямляк! Добры дзень! І чый жа ты будзеш?» — схіліўшыся да мяне, прагаварыў Сяргей Іванавіч чыстым, зычным голасам, углядаючыся ў твар жывымі вачыма. «З Васілеўскіх я, з вёскі Карніца, што ў дзесяці кіламетрах ад Глуска, па шашы на Любань», — адрапартаваў я.

Наша гаворка доўжылася каля га­дзіны, у ходзе якой мой субяседнік зрэдку кідаў позірк на мемарыяльную дошку на сцяне ваенкамата. Як высветлілася, ён быў сведкам у той жудасны дзень, калі ля гэтай сцяны (будынак з’явіўся ў пачатку мінулага стагоддзя) белапалякі расстрэльвалі мясцовага хлопца Міцю Жыжкевіча, які быў пісарам у раённым валасным Савеце. Расстралялі на вачах яго бацькоў, на вачах вернікаў, якія выйшлі з Богаяўленскай царквы (дзе быў рэстаран «Пціч»), сярод іх быў і Сярожа з маці.

На расставанне ізноў поціск рук, пажаданні, і мы падаліся кожны ў свой бок. Не верылася, што чалавеку ўжо за 80 гадоў: яго ясная памяць уражвала. Здзівіла і тое, як Сяргей Іванавіч вёў сябе. Я не адчуў з яго боку ніякай маніі вялікасці. Не верылася, што за яго плячыма амаль 20 гадоў сталінскіх лагераў, што ён прайшоў праз такія выпрабаванні, якіх хапіла б не на адно жыццё.

Сяргея Грахоўскага не выбілі з сядла ні турма, ні лагеры, ні хваробы. Вельмі цяжка адабраць у чалавека тое, што завецца ўнутранай свабодай. Яна літаральна разліта ў яго творчасці, асабліва паэтычнай.

Пісьменнік з сям’ёй.

Лёс зрабіў так, каб ён стаў сведкам народнай трагедыі і змог стварыць кнігі — помнікі яе ахвярам. Аповесці «Зона маўчання», «З воўчым білетам», «Такія сінія снягі», «Два лёсы — дзве трагедыі», паэма «Балючая памяць» і шмат вершаў сталі падзеяй у беларускай літаратуры, кнігамі-помнікамі, як і лагерныя творы Аляксандра Салжаніцына, Варлама Шаламава, Анатолія Жыгуліна…

Пасля поўнай рэабілітацыі ў 1955 го­дзе адбылося вяртанне Грахоўскага ў літаратуру, яго другое нараджэнне на свет. З рубцамі перажытага на сэрцы прыйшлося ўсё пачынаць спачатку, а Грахоўскаму ўжо было 42 гады. Тым не менш з 1956 года і да адыходу ў вечнасць ён выдаў больш за 50 кніг паэзіі, прозы, перакладаў. Трэба быць моцным чалавекам, каб зрабіць гэта. Ды так плённа!

Як сведчыць Сяргей Грахоўскі: «У маім пашпарце запісана: год нараджэння — мястэчка Нобель (зараз Зарэчанскі раён) Ровенскай ­вобласці. Але тых мясцін не ведаю і не памятаю. Імперыялістычная вайна забрала бацьку ў салдаты, а мяне з маці пагнала ў бежанцы. Было ўсё так, як напісана ў маёй «Паэме дарог», калі на адным і тым жа возе, дзе едуць бежанцы, уцякаючы ад вайны, побач з бабкай, якая «плыве ў смяротны холад забыцця», «курчыцца і енчыць парадзіха».

Помнік С.І. Грахоўскаму ў Глуску. 
Пасля нядоўгага прытулку на станцыі Чырвоны Бераг, расказвае Сяргей Іванавіч у «Пражытым і перажытым», маці з дзесяцімесячным немаўляткам адбыла на сваю радзіму, у мястэчка Глуск.

Грахоўскаму было чатыры ­гады (ён нарадзіўся 11 (24) ­верасня 1913 года), калі «скінулі цара», і маці не магла яму растлумачыць, адкуль таго «скінулі». Пазней Сярожа ўбачыў партрэт Леніна, і ма­ці сказала, што гэта цяпер «самы галоўны чалавек». У пачатку 1920-х гадоў вярнуўся бацька, які прайшоў імперыялістычную і Грамадзянскую войны, і жыць стала лягчэй. Але ж на долю іх сям’і выпала ўсё, што і на долю краіны. Давялося перажыць нямецкую і белапольскую акупацыі.

Сяргей Грахоўскі пісаў: «З маленства ў сваім палескім Глуску мы не ведалі, што мы — беларусы: нацыянальнасць вызначалася толькі па вераванні. Праваслаўны — значыць рускі, католік — паляк, яўрэй і гэтак далей. І раптам у школе загаварылі на простай мове, на мове нашых маці і бабуль, і мы даведаліся, што мы — беларусы, убачылі падручнікі і кніжкі на беларускай мове, адкрылі Купалу, Коласа, Багдановіча, Чарота…»

У тыя гады школьнікі займаліся пісьменніцтвам. Захапленне літаратурай прыйшло і да Сяргея Грахоўскага. Ён пачынае пісаць вершы. Першы — «На змену Ільічу» (склаў яго ў сувязі са смерцю Леніна) — быў надрукаваны ў 1926 годзе ў часопісе «Беларускі піянер», а ўнізе подпіс «піянер Сяргей Грахоўскі».

Жывучы ў Глуску, Грахоўскі марыў з’ездзіць у Бабруйск і пазнаёміцца з Міхасём Лыньковым, які ў той час, у свае 27 гадоў, працаваў рэдактарам бабруйскай газеты «Камуніст» і вёў літаратурны дадатак да яе пад назвай «Вясна». І вось летам 1929-га зарабіў на дарогу грошай, і адсюль, з дарагога сэрцу куточка, павялі будучага паэта шляхі-дарогі.

У Бабруйску Грахоўскі працаваў на дрэваапрацоўчым камбінаце, пазна­ёміўся з мясцовымі літаратарамі. Талент юнака першым заўважыў Міхась Лынькоў і надрукаваў яго верш «Восень».

Пасля бабруйскай эпапеі Сяргей Грахоўскі пераехаў у Мінск. Міхась Лынькоў ужо працаваў тут у Дзяржаўным выдавецтве Беларусі і зноў працягнуў руку дапамогі здольнаму юнаку — Грахоўскі пачаў працаваць у выдавецтве. Яго вершы друкаваліся на старонках часопіса «Чырвоная Беларусь». Потым працаваў у рэдакцыі газеты «Чырвоная змена», дзе рыхтаваў літстаронкі, пісаў нарысы і замалёўкі. Аднак адчуваў недахоп адукацыі, ведаў. Гэта і прывяло яго на літаратурны факультэт Мінскага вышэйшага педінстытута, які ён закончыў у 1935 годзе і стаў працаваць рэдактарам на Белрадыё, выкладаў літаратуру на рабфаку пры БДУ.

Апынуўшыся ў самым цэнтры літаратурнага жыцця, малады паэт пазнаёміўся і пасябраваў з многімі беларускімі пісьменнікамі. Пра гэты перыяд сваёй ранняй творчасці ў 1986 годзе напісаў кнігу «Так і было», дзе расказаў пра сустрэчы з імі, паказаў трывожныя 1930-я гады.

У кастрычніку 1936 года Грахоў­скі быў рэпрэсіраваны. Гэты факт ён успрыняў як непаразуменне. «На жаль, непаразуменне высветлілася толькі праз дваццаць гадоў, калі ХХ з’езд КПСС сказаў сваё справядлівае слова. Шкада, што марна прайшла маладосць і лепшыя творчыя гады». «Я ўдзячны лёсу, — піша Сяргей Іванавіч, — што побач былі мужныя і цудоўныя людзі, якія верылі ў справядлівасць і гэтай мужнасці і веры вучылі маладых лагернікаў».

11 снежня 2002 года Сяргея Іванавіча Грахоўскага не стала. Светлая памяць аб слаўным земляку навечна застанецца ў сэрцы ўсіх, хто яго ведаў. Яго імем у Глуску названы бульвар, дзе стаіць помнік літаратару. У СШ № 1, якая носіць яго імя, працуе музей, што расказвае аб жыцці і творчасці паэта і пісьменніка. У 2007 годзе ў выдавецтве «Кнігазбор» выйшаў у свет аднатомнік твораў Сяргея Грахоўскага, куды ўвайшлі лепшыя творы ­розных гадоў і дакументальныя аповесці, у якіх аўтар расказаў пра гады свайго зняволення, артыкулы, старонкі з дзённікаў, лісты да сяброў-пісьменнікаў і іншых асоб. Гэта кніга, як і тая даўняя, надрукаваная ў раённай газеце аповесць «Мястэчка… Мястэчка…», захоўваюцца ў маёй асабістай біблія­тэцы, і яны — настольныя кнігі.

ДАВЕДКА

С.І. Грахоўскі — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя А. Куляшова, заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь. Працаваў у часопісе «Бярозка», у апараце Саюза пісьменнікаў БССР, быў рэдактарам часопіса «Вясёлка». У 1973—1974 гадах С.І. Грахоўскі — адказ­ны сакратар Камітэта па Дзяржаўных прэміях БССР у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры.

Валерый Васілеўскі 

infong@sb.by

Фотаздымкі з архіва аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter