Незаўважны Галілей, ці Вялікая і малая літары ў геаграфічных, астранамічных назвах.

Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ.

Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ.

Альпы, Каўказ, Алтай, Карпаты, Апеніны, Пірэнеі, Капернік, Кеплер, Арыстарх, Анаксагор... Пра што скажуць сучасніку гэтыя назвы? Відаць, пра тое, што гэта самыя высокія горы Заходняй Еўропы, якія распасцерліся на 1200 км, ці рэгіён на мяжы Еўропы і Азіі, ці рэгіён, размешчаны на Поўдні Сібіры і Цэнтральнай Азіі, ці горная сістэма Цэнтральнай Еўропы... Так мы называем геаграфічныя аб’екты на Зямлі. А Капернік? Гэта назва і хімічнага элемента № 112, і арбітальнай астранамічнай станцыі, і ўніверсітэта ў Таруне. Аднак імёны ўласныя маюць жыццё не толькі на нашай планеце. Аказваецца, на Месяцы таксама ёсць горныя хрыбты Альпы, Каўказ, Алтай, Карпаты, Апеніны, Пірэнеі.
Езуіт Джавані Батыста Рычолі кратары назваў імёнамі вучоных, якія даследавалі Месяц: Кеплер, Арыстарх, Анаксагор, прычым найбуйнейшы з іх стаў Капернікам. А вось Галілею, з якога бярэ пачатак тэлескапічнае вывучэнне неба і які ў той час падвяргаўся царкоўным ганенням за падтрымку сістэмы Каперніка, пашанцавала менш. Яго імя дадзена невялікаму кратару на самым краі бачнага нам паўшар’я Месяца. І тут мы выкарысталі сваё права, што і чым назваць. Калі б гэта адбывалася сёння, а не ў 1651 годзе, то карціна, відаць, была б іншай.
Вядома, што пазней вучоныя імкнуліся ўстанавіць справядлівасць і прапанавалі перанесці імя Галілея на адзін з самых буйных кратараў паўднёвага полюса Месяца. Гэтым яны хацелі адзначыць асноваўкладальны ўнёсак Галілея ў развіццё астраноміі. Аднак правілы Міжнароднага астранамічнага саюза забараняюць такія перамяшчэнні назваў. Так і засталося імя, па словах Эйнштэйна, “бацькі айчыннай навукі”, Галілеа Галілея за самым непрыкметным кратарам.
Па звестках інтэрнэт-выдання “Тэлеграф “Вакол свету”, на сёння за межамі Зямлі ёсць 7300 назваў дэталей рэльефа на 37 планетах. Цікава, што з іх больш за чвэрць (1970) найменняў прыходзіцца на Венеру, і паколькі яна, адзіная з буйных планет мае жаночае імя, то па рашэнні Міжнароднага астранамічнага саюза на яе карце з’яўляюцца толькі жаночыя імёны: раўніна Снягуркі, каньён Бабы Ягі. Сярод сотняў жаночых імён з розных моў свету на Венеры раскіданы квет жаночых імён з “гарэму” Сухава (“Белае сонца пустыні”) — невялікія кратары Зарына, Джаміля, Гюзэль, Саіда, Хафіза, Зухра, Лейла, Зульфія і... Гюльчатай. Ёсць на Венеры і кратар Каця ў гонар “любай Кацярыны Мацвееўны”.
Абагульняючы сказанае ў папярэдняй і сённяшняй размовах, падкрэслю, што асноўныя выпадкі напісання з вялікай ці малой літары геаграфічных і астранамічных назваў акрэслены “Правіламі беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” (2008).
Такім чынам, з вялікай літары пішуцца:
уласныя назвы прыродных геаграфічных аб’ектаў: кантынентаў, гор, рэк, азёраў, лясоў, балот і інш.: Еўразія, Антарктыда, Аўстралія; Альпы, Кардыльеры; Манблан, Арарат; Везувій, Фудзіяма; Дняпро (Днепр), Нёман, Прыпяць; Вікторыя, Ківач; Нарач, Свіцязь; Гібралтар, Басфор; Тайвань, Готланд, Сахалін; Таймыр; Сахара, Гобі; Акіянія, Адрыятыка; Палессе, Панямонне, За-
дняпроўе; Струціна, Бель; Вялле, Ельня, Налібокі; Кручок, Альховец;
уласныя назвы краін, іх аб’яднанняў і частак, паселішчаў і іх частак, урочышчаў: Беларусь, Кітай; Бенілюкс, Антанта; Запарожжа, Сібір; Міншчына, Лепельшчына, Случчына, Навагрудчына; Мінск, Токіа, Мазыр, Орша; Вязынка, Мікалаеўшчына, Слабада; Вал, Падол, Зарэчча, Цэнтр; Усход, Вяснянка, Зялёны Луг; Ляды, Паддуб’е; Цагельня, Царковішча, Кальварыя; Ніўкі, Камяніца;
уласныя назвы астранамічных аб’ектаў: Андрамеда; Стажары, Валапас; Сонца, Вега; Зямля, Юпітэр; Месяц, Фобас;
назвы напрамкаў свету ў пераносным значэнні назваў адпаведнай групы краін або тэрыторыі: Захад (краіны заходняй часткі Еўропы разам з ЗША), Усход (азіяцкія краіны), народы Поўначы;
пачатковая службовая частка ў іншамоўных уласных геаграфічных назвах, якая пішацца з імі праз злучок: Дан-Лэры (горад), Дэ-Кастры (горад), Ла-Пампа (правінцыя), Ла-Манш (праліў), Лос-Анджэлес (горад);
іншамоўныя родавыя агульныя назвы ў складаных уласных геаграфічных назвах: Рыа-Грандэ (рыа — рака), Лоб-Нор (нор — возера), Ісык-Куль (куль — возера), Пуэрта-Рыка (пуэрта — порт);
часткі складаных уласных геаграфічных назваў, што пішуцца праз злучок (назоўнікі, прыметнікі): Аўстра-Венгрыя, Эльзас-Латарынгія, Давыд-Гарадок, Брэст-Літоўскі, Буда-Кашалёва, Мінск-Мазавецкі, Картуз-Бяроза;
першае слова ў састаўных уласных геаграфічных і астранамічных назвах: Атлантычны акіян, Ціхі акіян, Паўночны полюс, Балтыйскае мора, Мінскае мора, Берынгаў праліў, Белае возера, Асіповіцкае вадасховішча, Лысая гара, Бярэзінскі біясферны запаведнік, Палярная зорка;
усе часткі складанага прыметніка ў састаўных уласных назвах, калі такія часткі пішуцца праз злучок: Азіяцка-Ціхаакіянскі рэ-гіён, Мінска-Маладзечанскае ўзвышша, Дняпроўска-Бугскі канал, Паўночна-Заходні край;
усе знамянальныя словы ў афіцыйных уласных назвах дзяржаў і іх аб’яднанняў: Рэспубліка Беларусь, Садружнасць Незалежных Дзяржаў, Расійская Федэрацыя, Злучаныя Штаты Амерыкі, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Арабская Рэспубліка Егіпет, Кітайская Народная Рэспубліка, Дзяржава Кувейт, Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае;
усе знамянальныя словы ў вобразных састаўных уласных геаграфічных і астранамічных назвах, калі гэтыя ўласныя назвы ўжываюцца без агульнай родавай назвы: Стары Свет (краіны Еўропы і Азіі), Блізкі Усход, Чорная Афрыка, Крайняя Поўнач, Старыя Дарогі (горад), Зямля Каралевы Мод, Дзікі Захад (у ЗША); у назоўным і родным склонах у спалучэнні з агульнай родавай назвай: туманнасць Конская Галава, бухта Залаты Рог, астравы Паўночная Зямля, праліў Матачкін Шар; мыс Добрай Надзеі, астравы Каралевы Шарлоты, заліў Святога Лаўрэнція.
З малой літары пішуцца:
агульныя родавыя назвы геаграфічных, астранамічных і іншых падобных аб’ектаў у складзе ўласных назваў: Афрыканскі кантынент, Атлантычны акіян, Уральскія горы, гара Казбек, рака Вілія, возера Свіцязь, пустыня Сахара, Белавежская пушча, зорка Венера, Лагойскі тракт, вуліца Касманаўтаў, праспект Незалежнасці, плошча Перамогі, Князь-возера, Сапун-гара;
службовыя часткі ў складзе састаўных уласных геаграфічных найменняў: Франкфурт-на-Майне, Рыа-дэ-Жанэйра, Па-дэ-Кале, Булонь-сэр-Мэр, Сьера-дэ-лас-Мінас, Дар-эс-Салам, Салам-і-Гомес.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter