Невядомы Шамякiн

У гэтым годзе народнаму пiсьменнiку Беларусi Iвану Шамякiну споўнiлася б 85 гадоў. У гонар класiка арганiзуюцца лiтаратурныя вечарыны, выставы i навуковыя канферэнцыi. “Народная газета” пiсала ўжо, што на мiнулым тыднi iмя Iвана Шамякiна было нададзена Мазырскаму дзяржаўнаму педагагiчнаму унiверсiтэту. Каб даведацца, якiм быў аўтар “Сэрца на далонi”, пенталогii “Трывожнае шчасце”, рамана “Глыбокая плынь” у звычайным жыццi, карэспандэнт “НГ” сустрэлася з дачкой Iвана Пятровiча — Таццянай Шамякiнай, загадчыкам кафедры беларускай лiтаратуры i культуры фiлалагiчнага факультэта БДУ, доктарам фiлалагiчных навук, прафесарам.

— У адным з запiсаў цыкла “Начныя ўспамiны” Iван Пятровiч расказвае, што па натуры быў “дамаседам”, але тым не менш яму давялося шмат падарожнiчаць. Ён таксама прыгадвае першае падарожжа з дзецьмi — Лiнай, Таняй, Сашам — у Белавежскую пушчу... Цi памятаеце вы гэты “ваяж”, Таццяна Iванаўна?
— Вядома, памятаю. Машын у той час было нашмат менш, чым цяпер. Але ў пiсьменнiкаў яны былi. Ехалi мы на трох машынах трыма сем’ямi: наша, Хадкевiчаў i Карпавых. Менавiта падчас гэтай паездкi мы, дзецi, упершыню пабывалi ў Заходняй Беларусi, паднялiся на Белую вежу ў Камянцы. Пiсьменнiкаў людзi тады вельмi паважалi i iмкнулiся ўсё нам паказаць i расказаць... У дзяцiнстве бацькi шмат куды нас вазiлi: у Крым, Прыбалтыку, Расiю. Амаль кожныя выхадныя ў бацькоў была завядзёнка збiрацца з сябрамi — Пятром Васiлеўскiм, Андрэем Макаёнкам i iх сем’ямi — i ехаць па Маскоўскай шашы. Потым спынялiся проста ў лесе, распальвалi вогнiшча... Бацька быў у кампанii вясёлы, смяшлiвы, добры расказчык, умеў незанудлiва, цiкава распавесцi нейкi выпадак з жыцця, напэўна, як i ў сваiх творах. А наконт нелюбовi да падарожжаў... У 50-я—60-я гады ён якраз шмат ездзiў па службовых абавязках, пабываў у многiх краiнах Еўропы i нават ў Злучаных Штатах.
— Якiя ўспамiны пра Iвана Пятровiча захавалiся ў вас з дзяцiнства?
— У нас была надзвычай гасцiнная сям’я. Будынак на Карла Маркса, 36 называлi “домам пiсьменнiкаў”. I гэта было сапраўды так: дом якраз для пiсьменнiкаў будавалi. Над намi жыў Янка Брыль, на адной пляцоўцы — Iван Мележ, зверху — Ян Скрыган, на трэцiм паверсе — Пятро Глебка, Васiль Вiтка. Жылi пiсьменнiкi i ў другiм пад’ездзе. Дзверы нiколi не зачынялiся, не тое што сёння — ставяць металiчныя i не менш пяцi замкоў... Ва ўсiх — малыя дзецi. Мы бегалi адзiн да аднаго, пастаянна кантактавалi жонкi пiсьменнiкаў, цешчы... Не кажучы ўжо пра самiх пiсьменнiкаў. Бацька тады працаваў у Саюзе пiсьменнiкаў, а яго будынак знаходзiўся праз дарогу — на вулiцы Энгельса. Таму вельмi часта ўвечары бацька вяртаўся дадому з кiм-небудзь з сяброў-лiтаратараў. Шмат гаварылi пра палiтыку, нават больш, чым пра лiтаратуру, i такiя рэчы, якiя сталi шырока вядомыя толькi праз дваццаць гадоў, у канцы
80-х. А вось пiсьменнiкi ўжо тады i ведалi шмат, i бачылi перспектыву развiцця краiны.
— Напэўна, многае тады творцы пiсалi “ў стол”?
— У бацькi гэта ў асноўным дзённiкi. Пасля яго смерцi, якая наступiла 14 кастрычнiка 2004 года, мы пачалi разбiраць рукапiсы. Алеся, мая малодшая сястра, з сям’ёй якой ён жыў у апошнiя гады, здала многае ў архiў i Музей гiсторыi беларускай лiтаратуры... Раней людзi часта пiсалi лiсты, i ў нас засталося шмат чытацкага лiставання; нават не ведаю, калi яго да канца разбяром. Засталiся водгукi чытачоў на бацькавы творы, расповеды iх пра сябе. Многiя простыя людзi дасылалi яму лiсты, каб проста выказацца, расказаць пра сваё жыццё... Людзi хацелi, каб пiсьменнiк пра iх напiсаў. I сапраўды, з некаторых лiстоў нараджалiся сюжэты, напрыклад, аповесць пра каханне “Ах, Мiхалiна, Мiхалiна”. Дзённiкi, успамiны, мемуары бацькi вельмi добра чытаюцца. Напэўна, нiхто больш за яго не напiсаў i пра калег-пiсьменнiкаў: Глебку, Броўку, Лынькова, Мележа... I заўсёды з добрым пачуццём. Частку дзённiкаў я i сястра ўжо падрыхтавалi, i яны надрукаваны. Аднак, прызнаюся шчыра, не ўсё напiсанае ў дзённiках па этычных прычынах мы друкуем. Я асабiста скарацiла тэкст, напэўна, напалову. Мы лiчым, што некаторыя запiсы пра калег, пра палiтыку зараз не павiнны быць абнарадованы, для гэтага час прыйдзе пазней. I не таму, што яго запiсы негатыўныя, а проста гэта не прынята сярод лiтаратараў.
— У адным з аўтабiяграфiчных твораў Iван Пятровiч пiша, што вымушаны быў удзень сядзець на нарадах, а пiсаць уначы. Раскажыце, калi ласка, як пiсаў лаўрэат шматлiкiх прэмiй i ўзнагарод?
— Калi мы былi малыя, вядома, бацьку прыходзiлася цяжка: у доме шум, мiтусня, да нас пастаянна прыходзiлi сябры. Па маладосцi, сапраўды, бывала, пiсаў ўначы, але пасля пагаршэння здароўя пачаў працаваць з ранiцы, калi дзецi былi на занятках. Акрамя творчасцi ў яго было вельмi шмат грамадскай працы. На працягу дваццацi шасцi гадоў ён з’яўляўся сакратаром Саюза пiсьменнiкаў. Бацька быў добры, памяркоўны, яго было лёгка расчулiць. Ён шмат каму дапамагаў: напрыклад, каля 200 кватэр “выбiў” для пiсьменнiкаў i iх родных. Дарэчы, ва ўсiх кватэрах, дзе мы жылi, бацькаў кабiнет быў самым утульным месцам. Стол — заўсёды каля акна, а па сценах — кнiжныя шафы. Бiблiятэка ў нас была вельмi багатая, ён заўзята збiраў кнiгi i перадаў гэта “хобi” мне. Дарэчы, акрамя чытання ў яго быў адзiны любiмы занятак — лавiць рыбу на спiнiнг. На рыбалку звычайна выязджалi з Макаёнкам, ды Шамякiну не вельмi шанцавала. А вось працаваў за сталом ён заўсёды натхнёна, не сядзеў гадзiнамi ў задуменнi, пакутлiва шукаючы словы — яны прыходзiлi лёгка, i было вiдаць, як цяжка яму адарвацца ад працы. Бацька заўсёды быў вельмi акуратным, на стале i ў стале ў яго быў поўны парадак. Ён не мог дня пражыць, каб нешта не прачытаць. Нават у апошнiя гады, калi зрок паслабеў, чытаў шмат — усю класiку, якую не паспеў прачытаць у маладосцi. Сам казаў: навошта, калi мне ўжо за 80?! Але ж не мог без кнiгi. Жыў, кiруючыся прынцыпам “нi дня без радка”: яго мучыла сумленне, калi за дзень нiчога не напiсаў. Пiсаў бацька толькi аўтаручкай, а мацi потым перадрукоўвала. Наогул яна выконвала ўсю сакратарскую работу, магчыма, таму бацька i стварыў так шмат.
— Цi захавалася ў сям’i гiсторыя знаёмства Iвана Пятровiча з Марыяй Фiлатаўнай, з якой народны пiсьменнiк пражыў 58 гадоў?
— Безумоўна. У дзяцiнстве я любiла слухаць расповеды бацькоў пра iх дзяцiнства i маладосць. Мой дзед быў леснiком, i яго часта пераводзiлi з месца на месца, i бацька памяняў шмат школ. У пятым класе ён трапiў у клас, дзе вучылася мацi, — у вёсцы Церуха Гомельскага раёна. Пазней iх дарогi разышлiся, i зноў выпадкова сустрэлiся мацi i бацька ўжо студэнтамi ў Гомелi, пазналi адзiн аднаго ў кiнатэатры. Ажанiлiся, i амаль адразу бацьку забралi ў войска, старэйшую дачку Лiну ён пабачыў толькi пасля вайны. Гэта гiсторыя апiсана ў пенталогii “Трывожнае шчасце”, аповесцi “Слаўся, Марыя!”... Наогул у мацi быў такi шматбаковы характар, што яе рысачкi прысутнiчаюць у многiх гераiнях Шамякiна. Мацi — сама чалавек не без здольнасцей — прынесла сябе ў ахвяру таленту мужа. Маючы чатырох дзяцей, яна скончыла фiлфак Беларускага дзяржаўнага педагагiчнага iнстытута iмя Горкага, атрымала дыплом з адзнакай. Помню, як яна рыхтавалася да экзаменаў i нешта цiкавае заўсёды мне расказвала. Магчыма, гэта паўплывала i на мой выбар прафесii.
— Цi займаецца яшчэ нехта з нашчадкаў пiсьменнiка лiтаратурай?
— Мая старэйшая сястра Лiна, якая ўжо на пенсii, — лiнгвiст, знаўца замежных моў. Другая сястра Алеся — таксама фiлолаг, надзвычай вопытны тэкстолаг. Брат Саша, якi, на жаль, памёр, быў геолагам. Унучку пiсьменнiка Марыю, маю дачку, вясной прынялi ў Саюз пiсьменнiкаў Беларусi. Спачатку яна пiсала вершы, цяпер у асноўным апавяданнi, навуковыя працы. I хоць дзед i раiў ёй прытрымлiвацца рэалiстычнага метаду, Марыя абрала фантастыку. Яна магiстр гуманiтарных навук, кандыдат фiлалагiчных навук. Другая мая дачка Славяна — аспiрантка фiлфака, выдала дзве навуковыя кнiжкi, займаецца фалькларыстыкай. Унук Алёша — сын Лiны — па спецыяльнасцi гiсторык. Яго дачка Вольга — адзiная праўнучка Шамякiна — пакуль школьнiца. Малодшаму ўнуку Ваню — сыну Алесi — дзесяць гадоў. Думаю, i ён будзе фiлолагам.
— Таццяна Iванаўна, а цi плануецца выданне поўнага збору твораў пiсьменнiка?
— Так, у Iнстытуце лiтаратуры НАН Беларусi ўжо збiраецца рабочая група для падрыхтоўкi збору твораў. Плануецца, што ён будзе выдавацца ў 2010—2014 гадах. Гэта вельмi адказная i вялiкая праца, бо напiсаў Iван Пятровiч сапраўды шмат.
— Як вы ставiцеся да фiльма “Глыбокая плынь” па раманах “Глыбокая плынь” i “Снежныя зiмы”, прэм’ера якога адбылася ў мiнулым годзе?
— Сцэнарый фiльма рыхтаваўся, калi бацька яшчэ быў жывы, i ён сам парэкамендаваў выкарыстаць не толькi “Глыбокую плынь”, але i матывы “Снежных зiм”. Атрымалася добра. Рэжысёр Маргарыта Касымава паставiла фiльм любоўна, беражлiва да лiтаратурнай асновы. Праўда, без навацый, без нейкiх модных прыёмаў. Крытыкi пiсалi, што карцiна атрымалася залiшне традыцыйнай, аднак мне гэта спадабалася, таму што адпавядае рэалiстычнай манеры самога пiсьменнiка.
— Я сустракала ў друку меркаваннi, што Iван Пятровiч моцна пакутаваў ад змен, якiя адбывалiся ў нашым грамадстве з пачатку 90-х...
— Бацька лiчыў, што кожны час па-свойму цiкавы. Але найбольш шчаслiвымi для яго, вiдаць, былi ўсё ж 60-я гады.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter