«Невядомы незнаёмец» з Сулы

Той шлях з Рубяжэвічаў да колішняй панскай сядзібы быў зусім не прыстасаваны для машын. Нядзіўна, калі ўлічыць, што тады, на пачатку ХХ стагоддзя, ды і шмат пазней, нават паны да касцёла ездзілі пераважна на конях. Лясная грунтоўка пятляла па даволі глухіх і да таго ж вельмі маляўнічых мясцінах. У вечаровым сонцы ўсё новыя і новыя краявіды, што змянялі адзін аднаго, здаваліся пазалочанымі. Але ў паветры ўжо адчувалася: гэта апошнія летнія дні…

На радзіме аднаго з лепшых партрэтыстаў Беларусі Зянона Лэнскага ў Стаўбцоўскім раёне адкрыецца аграсядзіба… з музеем.

Той шлях з Рубяжэвічаў да колішняй панскай сядзібы быў зусім не прыстасаваны для машын. Нядзіўна, калі ўлічыць, што тады, на пачатку ХХ стагоддзя, ды і шмат пазней, нават паны да касцёла ездзілі пераважна на конях. Лясная грунтоўка пятляла па даволі глухіх і да таго ж вельмі маляўнічых мясцінах. У вечаровым сонцы ўсё новыя і новыя краявіды, што змянялі адзін аднаго, здаваліся пазалочанымі. Але ў паветры ўжо адчувалася: гэта апошнія летнія дні…

Імя з Леты

Гэты партрэт у хаце Сабалеўскіх займае пачэснае месца: у рамцы, пад шкельцам, ён — здаецца, просты малюнак на паперы — стаіць у гасцёўні на палічцы. Прыгожы профіль, у рысах твару, у кожнай лініі цела праглядваецца годнасць. Спакой і раўнавага ва ўсім. Менавіта такой апошнюю гаспадыню Сулы Эльжбэту Лэнскую памятаюць мясцовыя старажылы. А вось другі партрэт: лёгкая, трохі сумная ўсмешка кранула вусны жанчыны, але ў постаці яе — усё тое ж пачуццё высакароднасці. Не — не па нараджэнні дадзенае (хаця старажытны рыцарскі род Лэнскіх належаў да знакамітага герба “Астоя” — таго самага, што і род кампазітара Мечыслава Карловіча. — Аўт.), а дараванае хутчэй самой прыродай. Гэтае палатно, напісанае ўжо алеем у 1903 годзе, захоўваецца цяпер у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. А яднае гэтыя два партрэты не толькі іх гераіня, але і асоба мастака — роднага брата Эльжбэты.

Імя Зянона Лэнскага, па сутнасці, аказалася страчаным і для польскага, і для беларускага мастацтва.

— Для Польшчы Лэнскі — другарадны мастак. Для Беларусі — невядомы чужынец. Ці то беларускі мастак польскага паходжання, ці то польскі — ва “ўсходніх крэсах”. Толькі некалькі знаходак у мінскіх зборах ды тры вядомыя палотны з Нацыянальнага музея ў Варшаве дазваляюць меркаваць пра яго творчы шлях, — расказвае намеснік дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Надзея Вусава. Гэта дзякуючы ёй імя Зянона Лэнскага на Беларусі было вернута з небыцця, стала вядома сёе-тое і з біяграфіі мастака.

Дзед Зянона Антоні Лэнскі валодаў некалькімі вялікімі фальваркамі на Міншчыне і быў старшынёй мінскага межавага суда. Старэйшы сын Антонія, Аляксандр, узяў шлюб з дачкою прадвадзіцеля дваранства Барысаўскага павета Сабінай Карказовіч і атрымаў у спадчыну родавы маёнтак Сула, што недалёка ад Койданава, на мяжы сучасных Стаўбцоўскага і Дзяржынскага раёнаў. Зянон быў другім сынам Аляксандра. Ён нарадзіўся ў Суле пасля разгрому паўстання 1863 года. І паводле старой шляхецкай традыцыі хлопчыка назвалі ў гонар малодшага брата бацькі, маладога паўстанца — таго самага, што пазней заснаваў шклозавод “Нёман”. У паўстанні Каліноўскага, дарэчы, браў удзел і другі дзядзька Зянона — Канстанцін Лэнскі.

Першапачатковую адукацыю сын заможнага шляхціца атрымаў у Віленскай гімназіі, дзе захапляўся папулярнай тады сярод інтэлігенцыі археалогіяй. А вось цікавасць да жывапісу прыйшла да Зянона ўжо ў Пецярбургу, падчас вучобы ў Горным інстытуце. Спачатку Лэнскі сумяшчаў заняткі з рысавальнымі класамі пры Акадэміі мастацтваў, а пасля ўсё ж абраў жывапіс. Тры гады, якія творца правёў у Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, далі яму асновы прафесіяналізму. Але моладзь усё больш прыцягвалі прыватныя школы Мюнхена і Парыжа. У 1889 годзе атрымалі стыпендыі і з’ехалі за мяжу ўсе прыяцелі Лэнскага. У гэтым жа годзе, відавочна, у Мюнхен выехаў і сам Зянон. Тут ужо даўно існавала польская калонія на чале з вядомым баталістам, ганаровым прафесарам Баварскай акадэміі жывапісу Ёзафам Брандтам, які заснаваў уласную школу жывапісу. Напэўна, гасціннаму мэтру прыйшоўся да душы малады жывапісец, бо напрыканцы 1880-х гадоў ён напісаў рамантычны партрэт Лэнскага. А вось таго, як мяркуе Надзея Міхайлаўна, больш вабілі творы іншага «мюнхенца» — таямнічыя сімвалісцкія жанры польскага жывапісца Уладзіслава Чахурскага. Напэўна ж, нездарма пазней, ужо на радзіме, у спадчыннай вёсачцы Татары каля Ракава, ён пабудуе невялічкі палац у стылі Людовіка ХV паводле праекта гэтага вядомага мастака-эстэта.

У Мюнхене Зянон Лэнскі не аддаваў перавагі ніводнаму жанру, пісаў краявіды, партрэты, якія выстаўляў у гарадскім Kunstveriene. Але Парыж, куды мастак наведваўся неаднойчы, зрабіў сваю справу: жывапіс Лэнскага стаў разняволеным, артыстычным, набыў элегантнасць і французскую зграбнасць... Малады мастак быў літаральна зачараваны французскім жывапісам і зрабіўся апантаным калекцыянерам. Бацькоўскі дом у Суле, як сведчылі сучаснікі, быў запоўнены творамі французскага мастацтва.

Знаёмы незнаёмец

—- Калі меркаваць па ягоных творах, — расказвае Надзея Вусава, — у 1890 годзе Лэнскі быў ужо ў Расіі. Тады ў Пецярбургу ён напісаў партрэт княгіні Катажыны Радзівілл, жонкі афіцэра-дыпламата Вільгельма Адама Радзівілла. Менавіта лаканічнасць і жывапісная тонкасць — уласцівыя манеры Лэнскага ў партрэтах. У краявідах, пра якія можна меркаваць толькі па водгуках тагачаснага крытыка і адзінай рэпрадукцыі «З венецыянскіх матываў», што дайшла да нас, мастак быў больш разняволены і артыстычны. З-за нейкай дзіўнай сціпласці ён не любіў выстаўляць свае творы, а лічыў за лепшае дарыць іх знаёмым. Часам сябры без дазволу адпраўлялі яго карціны на выставы ў Варшаву. Яны мелі там поспех, набываліся. Але гэта не падштурхнула мастака выстаўляцца часцей. Такім чынам, і для Польшчы, і для Расіі, і для Беларусі Зянон Лэнскі застаўся… “невядомым незнаёмцам”. Але, мяркую, — па сваім уласным жаданні. У нейкім сэнсе ён быў рэдкім прыкладам мастака-прафесіянала, што ўспрымаў жывапіс як эстэтычную гульню. Так званае “мастацтва дзеля мастацтва». На той час у Беларусі гэта быў хіба адзіны такі творца…

Талент Лэнскага як мастака найбольш ярка праявіўся на мяжы стагоддзяў. Менавіта да таго часу і належыць партрэт Эльжбэты Лэнскай (па мужу Васілеўскай), што захоўваецца сёння ў сховішчах Нацыянальнага мастацкага музея.

Былая пані

Пасля шлюбу з Казімірам Васілеўскім Эльжбэта стала гаспадыняй багатага маёнтка Гародня, што пад Оршай. Але пасля заўчаснай смерці мужа яна саступіла дом сваёй залвіцы: дзяцей у Эльжбэты і Казіміра не было. Маладая ўдава вярнулася ў бацькоўскі дом, у Сулу. Мабыць, якраз тады Зянон і напісаў партрэт сястры.

— Гэты драматычны жаночы вобраз — лепшы з вядомых партрэтаў Лэнскага, — лічыць Надзея Вусава. — Шкада толькі, што палатно — апошні па часе вядомы партрэт мастака. Ён сведчыць, што Лэнскі мог бы лічыцца адным з найлепшых партрэтыстаў тагачаснай Беларусі.

Драматычным быў не толькі вобраз Эльжбэты, але і яе лёс. Пасля Рыжскай дамовы 1921 года Эльжбэта засталася жыць на польскім баку, хаця мяжа з краінай Саветаў прайшла зусім побач: па галоўнай алеі старога парку ў Суле. А потым быў 1939 год… Выцягнуты аднапавярховы бацькоўскі дом з чатырма дарычнымі калонамі разбурылі, а пані давялося перабрацца ў хату аканома. Гэта было не адзінае выпрабаванне лёсу, якое выпала на долю жанчыны пасля ўз’яднання Беларусі. Пагроза навісла і над самой Эльжбэтай. Вядома ж, пані…

 — Старыя расказвалі, — кажа Рамуальда Сабалеўская, — што Лэнскую хацелі адправіць у лагер, аднак вяскоўцы абаранілі пані. Эльжбэта спазнала і вайну. У аканомавай хаце былая пані пражыла да смерці — да 1951 года. І ўвесь гэты час побач з ёй заставалася таксама былая пакаёўка Стэфка Шылюк.

Гэта праз яе сваякоў нямногія рэчы, што захаваліся ад багатай сядзібы Лэнскіх, трапілі да краязнаўцаў Сабалеўскіх. Штосьці аддалі і іншыя вяскоўцы. Кажуць, перад смерцю старая пані аддзячыла людзям, адарыўшы сваіх збавіцеляў і памочнікаў, чым магла. А ўжо дзякуючы ім і іх нашчадкам да Сабалеўскіх перайшлі некаторыя гаспадарчыя дакументы: напрыклад, ашчадная кніжка Лэнскай-Васілеўскай, апошнія запісы ў якой зроблены ў верасні 1939 года. Партрэт Эльжбэты і нават габелен з дзіўнымі птушкамі, які тая выткала сама. Сабалеўскія спадзяюцца, што ўсё гэта ў хуткім часе зойме належнае месца ў сядзібным музеі ў Суле.

Маёнтак, якому пашанцавала

Такіх, як гэты, колішніх панскіх маёнткаў на Беларусі нямала. Напаўразбураныя або цалкам знішчаныя палацы, здзічэлыя паркі — спадчына рэвалюцыі, вайны ці проста часу. Не было дбайнага гаспадара. Вось і ў Суле да новага стагоддзя дажыло мала што. Занядбаныя, напалову разбураныя, захаваліся толькі стайня, кузня, лядоўня ды дом для панскай чэлядзі — з каменю. Калісь тут быў цэнтр калгаса, будынкі выкарыстоўваліся для ягоных патрэб... Пакуль патрэба ў іх не адпала. Толькі Суле, у параўнанні з іншымі шляхецкімі сядзібамі, пашанцавала больш.

...Дзесяць гадоў таму прадпрымальнікі Наталля і Андрэй Запольскія прыехалі ў Стаўбцоўскі раён у пошуках месца для размяшчэння вытворчасці. Праязджалі праз Сулу і здзівіліся прыгажосці тутэйшых краявідаў. Аднак пакрысе зачараванне прыродай саступіла месца цікаўнасці. За пяць наступных гадоў Запольскія наведваліся сюды неаднаразова. Бачылі, як усё болей разбураецца старая сядзіба. І вырашылі ўсё аднавіць!

Пры падтрымцы мясцовых уладаў і Міністэрства культуры Беларусі ў 2006 годзе рэшткі былой сядзібы канца XVIII — XIX стагоддзяў пачалі ператварацца ў агратурыстычны комплекс гісторыка-культурнага напрамку “Панскі маёнтак Сула”. Тут зроблена ўжо стайня, хутка адкрыюцца гасцініца, рэстаран беларускай нацыянальнай кухні. Будзе ў турыстаў магчымасць і адпачыць, і  да слаўнай гісторыі нашых продкаў далучыцца.

— Прыемна ўразіла падтрымка з боку мясцовых жыхароў. Шчыра кажучы, на гэта мы зусім не разлічвалі, — расказвае Андрэй Запольскі. — Мужчыны звярталіся да будаўнікоў — прапаноўвалі дапамогу. Бабулькі прыносілі рэстаўратарам малако. Відаць, што людзі вельмі станоўча аднесліся да таго, што гэтае месца нарэшце пачало адраджацца.

Але адраджэнню папярэднічала шмат папяровай — па афармленні неабходных дакументаў — і нават архіўнай работы. Гістарычныя звесткі, што датычыліся Сулы, Запольскія самі шукалі ў архівах розных краін. Для будучага музея, дзе размесцяцца і захаваныя Сабалеўскімі рэчы, у Польшчы і Літве набылі тры карціны Зянона Лэнскага. Але музей — найменш затратная частка гэтага праекта, праекта без прыстаўкі “бізнэс“.

— Гэты занятак больш для душы, — працягвае новы гаспадар панскага маёнтка. — Бо, як падлічылі мы з жонкай, грошы, укладзеныя ў рэстаўрацыю гэтага компексу, пры нашым жыцці наўрад ці да нас вернуцца…

Але непакоіць Запольскага не гэта. Наадварот. Прадпрымальнікі гатовыя ўкласці грошы і ў рэстаўрацыю старога парку з трымастамі відамі дрэў, які таксама прыйшоў у заняпад. А яшчэ — у аднаўленне напаўразбуранай ратонды, якая пасля Рыжскай дамовы перайшла да савецкага боку. Тым не менш у 1927 годзе менавіта яна прыняла цела і старога мастака. У 60-я гады мінулага стагоддзя сямейны склеп Лэнскіх, пабудаваны ў стылі антычных храмаў, быў разрабаваны.

— Гэта, бадай, самая сумная старонка з гісторыі маёнтка, — зазначае Андрэй Запольскі. — Мы неаднаразова звярталіся да ўладаў, каб набыць і гэтую частку Сулы. Аднак безвынікова. Атрымаць ратонду, напрыклад, мы не можам, бо ў яе проста няма… гаспадара. Па паперах, вынікае, радавога склепа Лэнскіх увогуле не існуе…

Наталля ШЧАСНАЯ, “БН”

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter