История одного автографа — к юбилею классика Кондрата Крапивы

Невядомы аўтограф байкапiсца

Да 125-годдзя з дня нараджэння Кандрата Крапівы

Першай байкай на беларускай мове, якую я яшчэ да школы вывучыў на памяць, была знакамітая «Дзед і Баба». Даслоўна магу працытаваць яе і сёння. Памятаю, як смяяліся, больш, напэўна, з мяне, чым з герояў, бацька і маці — я адначасова паказваў, як адбываецца дзеянне. Як старыя ўдваіх едуць на кірмаш на зусім слабым коніку, якая на возе (разводзіў шырока рукамі) на сем пудоў Баба, што імкнецца дапамагчы гэтаму коніку-бедалазе, не пакідаючы воза. Тут адразу разумееш, чаму двухгадовая жывёліна не можа цягнуць воз. І калі Баба паслухалася Дзеда ды злезла з воза, то «каня як чорт панёс, — дзе ўзяліся й ногі!»


Ні пра які бюракратызм я тады і не ведаў, і не думаў. Гэта ўжо ў класе сёмым ці восьмым, як пачалі праходзіць Крапіву, Кацярына Якаўлеўна Магерава давяла нам, што твор накіраваны супраць бюракратызму, з якім змагаўся ў сваёй шматграннай творчасці Кандрат Кандратавіч.

Дарэчы, байка гэта ўпершыню надрукавана ў 1925 годзе ў газеце «Беларуская вёска», якая пачала выходзіць з 15 студзеня 1921-га і першапачаткова называлася «Белорусская деревня». Пазней яна насіла назву «Беларуская вёска», «Калгасьнік Беларусі», «Совецкі селянін», «Колхозная правда», пакуль не стала многім (асабліва вяскоўцам) вядомай «Сельской газетой», у якой я адпрацаваў на розных пасадах амаль чвэрць стагоддзя. І сёння ганаруся тым, што ў ёй друкаваўся сам Крапіва! 

Нагадаю, што сапраўднае прозвішча Крапівы — Атраховіч. Сэнс жа свайго псеўданіма майстар тлумачыў напісаным яшчэ ў 1922-м вершы «Крапіва»:

Я ў мастацкім агародзе
Толькі марная трава. 
А якая? Смех, дый годзе:
Я — пякучка-крапіва.
Хто сустрэўся быў са мною,
Дакрануўся раз ці два,
Дык той ведае ўжо, хто я:
Я — пякучка-крапіва.

Як адзначаюць даследчыкі і біёграфы, пад трапны абстрэл яго сатыры адразу ж патрапілі пустазвоны і гультаі, хабарнікі і бескультурнікі, знахары і забабоншчыкі, пратэкцыяністы і сквапнікі, п’яніцы і злодзеі. Сатырычныя вершы майстра цытуюць радкоўямі, добра памятаючы і ягоныя крылатыя выразы: «Другі баран ні «бэ», ні «мя», а любіць гучнае імя», «Каб сонца засланіць, вушэй асліных мала», «Пад кола жаба не падлазь»… 

Адначасова з паэзіяй Крапіва ствараў і прозу. Вельмі шкадую, што занадта позна «знайшоў» ягоны няскончаны аўтабіяграфічны раман «Мядзведзічы», у якім ён, не маючы літаратурнай адукацыі, распавёў пра жыхароў сваёй роднай вёскі Нізок на Уздзеншчыне напярэдадні калектывізацыі. Асабліва мяне ўразілі мясцовыя дыялекты. Як цяпер разумею, менавіта ўзгаданы твор падштурхнуў Івана Мележа (8 лютага 2021-га адзначалася ягонае 100-годдзе) да напісання аднаго з лепшых для мяне твораў у нашай літаратуры — славутай «Палескай хронікі». Першую яе частку «Людзі на балоце» памятаю падрабязна. А вось другую («Подых навальніцы») і трэцюю («Завеі, снежань») перачытаў у 2019-м. Калі шчыра, далёка не ўсе кніжкі я дачытваю даастатку. Не падабаецца — сябе не сільнічаю, бяру і знаёмлюся з іншай. Цікаўнасць да той, што спадабалася, можа праз нейкі час знізіцца, але толькі не да фантастычнай камедыі Крапівы «Брама неўміручасці», якую ён дапісаў, калі я вучыўся на другім курсе журфака. Ні з чым не магу параўнаць уражанне аб сур’ёзным роздуме мэтра пра неўміручасць чалавечнасці, сапраўдных і фальшывых духоўных каштоўнасцях. Вельмі ўразіла і напісаная Крапівой праз дзесяць гадоў псіхалагічная драма «На вастрыі».

Тыя ж даследчыкі зазначаюць, што Крапіва з поўным правам лічыцца прызнаным тэарэтыкам роднай літаратуры. Ён аналізаваў і ацэньваў многія творы сваіх сучаснікаў. Закранаў важныя тэарэтыка-літаратурныя пытанні. Асабліва, як можа здагадацца недасведчаны, яго турбаваў стан сатыры. Даследаваць разнастайныя літаратурныя працэсы літаратар працягваў і пасля таго, як перастаў узначальваць небезвядомы «Вожык» і перайшоў на сталую працу ў Акадэмію навук. У ёй 24 кастрычніка 1979 года нарадзілася свая газета «За передовую науку». 

Праз 36 дзён пасля з’яўлення спецыфічнага выдання, у якім надрукаваны артыкул залічваўся як навуковая праца, мяне прызначылі ў «Сельской газете» загадчыкам аддзела навін. І я вырашыў напісаць пра незвычайную газету — цікавая ж і пазнавальная навіна! 

У рэдактарскім кабінеце я ўпершыню ўбачыў Кандрата Кандратавіча, як кажуць, «ужывую». Ён трымаў у руках звярстаную старонку і нешта тлумачыў рэдактару Уладзіміру Уладзіміравічу Прылуцкаму. Ад нечаканасці падалося, што абазнаўся, але зблытаць Крапіву з кімсьці было б ганьбай. Крапіва, як пазней даведаўся, вельмі цёпла, з прыязнасцю адносіўся да Прылуцкага, які стаў брыгадзірам першай цаліннай брыгады, сфарміраванай у сакавіку 1954-га на 18-м з’ездзе камсамола Беларусі, і доўгі час працаваў у Казахстане... у галіне журналістыкі. Доўга яшчэ знаходзіўся я пад уражаннем ад таго, што стаяў нейкі час побач з вядомым пісьменнікам і паэтам, сатырыкам і драматургам.

Ні ў якім сне не мог я тады прысніць, што праз даволі працяглы час буду дапамагаць Асацыяцыі працаўнікоў праваахоўных органаў «Шчыт Чарнобылю» разам з сынам Уладзіміра Уладзіміравіча Прылуцкага Алегам, будучым генералам, ураджэнцам Сяміазёрнага раёна Кустанайскай вобласці. Мы пасябравалі з Прылуцкім-малодшым у 1999-м, адразу пасля знаёмства ў інтэрнаце Трактарнага завода на вуліцы Кашавога.

Кандрат Крапіва і Алег Прылуцкі.

У час адной з чарговых размоў у інтэрнаце я ўдакладніў у Алега пра бацьку і намаляваў яму абставіны першай з ім сустрэчы. Алег Уладзіміравіч схамянуўся, добрыя вочы яго заззялі. «А цяпер слухай уважліва ўсё, што я табе зараз паведамлю, гэта будзе табе дужа цікава!» І я пачуў…

Аднойчы бацька, між іншым, прамовіў, што збіраецца «ў госці» да свайго сябра Кандрата Крапівы: «Трэба аднесці яму на вычытку ягоны новы артыкул». «Слухай, — загарэўся Алег, — вазьмі ты і мяне разам з тым артыкулам!» Малодшы працаваў тады (сустрэча адбылася 17 кастрычніка 1985-га) старшым інспектарам арганізацыйна-метадычнага аддзела ўпраўлення выканання пакаранняў МУС. 

На пасадзе віцэ-прэзідэнта акадэміі Крапіва знаходзіўся да 1982 года, калі папрасіў, каб яго перавялі старшым навуковым супрацоўнікам-кансультантам. Стан грамадскіх навук, адмінстрацыйныя пытанні, партыйныя задачы, нарады, канферэнцыі, паседжанні, дэпутатства. Спраў хапала, як кажуць, з галавой. Але ж як дзеючы літаратуразнавец асадку далёка і надоўга ад сябе не адкладваў. Працаваў апошнім часам больш дома, куды і накіраваліся Прылуцкія. Разам з радкамі ў галаве па-расейску малодшы нёс з сабой у моднай скураной карычневай сумцы новую асадку, зборнік выбранай паэзіі пісьменніка, выпушчаны ў 1971-м выдавецтвам «Беларусь» у серыі «Бібліятэка беларускай паэзіі» накладам у 11 тысяч асобнікаў і самы круты па тым часе люстраны фотаапарат «Зеніт-Е».

Дзверы ў кватэру дома нумар 76 на праспекце імя Леніна адчыніла ўнучка Алена, якая пасля Тэатральна-мастацкага інстытута толькі скончыла аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук. Госці знялі абутак, распрануліся і прайшлі ў працоўны кабінет. Старэйшы застаўся вычытваць набраны тэкст з гаспадаром. Малодшы пачаў размаўляць з унучкай. 

Тым часам Прылуцкі-старэйшы скончыў справу і паклікаў малодшага. Кандрат Кандратавіч павольна ўзняўся са старыннага стула (усяго іх было тры). Выйшаў з-за вялікага двухтумбовага сасновага стала, што месціўся між двух вокнаў. Мінуў шырокую, з квяцістай коўдрай, канапу і, зноў-такі, няспешна сеў у вялікае, з «прыбудовай» крэсла з шарсцяным бэжавым ворсам. Ад розных выданняў, якія знаходзіліся ў памяшканні паўсюдна, у Алега разбегліся вочы. Ён глянуў на паліцу справа і ўбачыў знаёмую кніжачку. Але зноў дастаў з сумкі тую, што прынёс з сабою, і папрасіў Кандрата Кандратавіча зрабіць дарчы надпіс. Гаспадар беражліва, з бачнай прыязнасцю, узяў выданне ў рукі: «А дзе ж вы яе, дарагі мой, знайшлі, ужо шмат новых павыходзіла, малайчына, малайчына, дзякуй, дзякуй», — яму было прыемна і радасна, што яго ведаюць, што ягонай творчасцю цікавяцца маладыя, што, у рэшце рэшт, чытаюць кніжкі па-беларуску! 

Алег адказаў, як і было: «Вывучаць мову ў школе, як разумееце, я не меў аніякай магчымасці, але вельмі люблю яе і намагаюся ведаць больш дасканала. Набываю розныя кніжкі і па ім вучуся. Вашу знайшоў у свой час у... кніжнай краме вёскі Жоўты Брод. Гэта Салігорскі раён, радзіма бацькі. Мы туды калі-нікалі ездзім»… 

Гаспадар прыціснуў руку да сзрца і глянуў на старэйшага: «Вось я, Валодзя, і даведаўся, што ты гэтаксама не гарадскі, а з вёскі, як жа гэта добра, што не забываеце пра малую радзіму, як жа гэта добра».

Ён разгарнуў зборнік якраз пасярэдзіне, потым некалькі разоў перагартаў яго, нібы ўспамінаючы, як ён нараджаўся, і павольна азірнуўся. Алег здагадаўся: справа за ручкай, і працягнуў сваю, з белым, пад колер кашулі, каўпачком. Гэтак нарадзіўся невядомы аўтограф класіка.


Пасля пахавання Уладзіміра Уладзіміравіча на Ўсходніх могілках у Мінску (ён пайшоў ад нас 17 лютага 2014 года), мы зайшлі з Алегам да Кандрата Кандратавіча, якога не стала ў 94 гады 7 студзеня 1991-га. На пліце, што побач з надмагільным пастаментам, выбіта: «Мною валодала… жаданне ўмяшацца ў жыццё і сёе-тое ў ім паправіць». 

Уладзімір БАРЫСЕНКА.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter