ародны мастак Беларусі Май Данцыг аддае за сваю майстэрню амаль усю пенсію

Несалодкі рэалізм Данцыга

Народны мастак Беларусі Май Данцыг аддае за сваю майстэрню амаль усю пенсію
«Уявіце сабе, народны мастак Беларусі Май Данцыг аддае за сваю майстэрню тры мільёны рублёў, гэта амаль уся яго пенсія. Чалавеку 85 гадоў, ён не мае дадатковага заробку!» – абураўся на нядаўняй калегіі Міністэрства культуры Уладзімір Пракапцоў, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея. У зале твары выцягнуліся нават у артыстаў тэатраў, якія таксама не шыкуюць. Я напрасілася ў госці да Мая Вольфавіча, не толькі каб з першых вуснаў даведацца пра яго праблемы, але і павін­шаваць з юбілеем, які ён будзе хутка адзначаць.


Мастак запрашае мяне ў кватэру. Гаворыць, у майстэрні не назначае сустрэчу, каб не змерзлі, ды і не вельмі гэта прыстойнае месца для гасцей.

— Няўжо ўсё так дрэнна? — пытаюся.

— Майстэрня ў мяне добрая, прасторная. За гэта вялікі дзякуй Пятру Машэраву, ён сапраўды любіў мастацтва, таму і даў загад пабудаваць дом на вуліцы Сурганава са «слупком» для мастакоў. Калі прыязджалі замежнікі, заўсёды зайздросцілі нам: умовы для работы былі сапраўды добрымі. А зараз сорамна чалавека запрасіць, за дваццаць пяць гадоў дом не меў нават касметычнага рамонту, сан­тэхніка састарэла.

Пазней у размове Май Вольфавіч узгадае, што нядаўна за свае грошы змяніў яе ў майстэрні. Ён наогул не вельмі хоча размаўляць пра бытавыя праблемы, але ж гэта проста касмічныя рахункі за памяшканне, пасля аплаты якіх пенсійных грошай ледзьве хапае на прадукты.

Мастак узгадвае шчаслівыя гады, калі майстэрні былі прыраўнаваны да кватэр і творцы плацілі толькі за камунальныя паслугі. Але гэта было даўно. У апошнія гады плацежкі «таўсцеюць» ледзь не кожны месяц. А праз некалькі дзён пасля нашай размовы ён даведаецца, што за люты трэба заплаціць чатыры з паловай мільёны — вось такі «падарунак» да дня нараджэння.

Што рабіць? Падказваю народ­наму мастаку: можа, пачаць распрадаваць калекцыю сваіх карцін? Данцыг усміхаецца: ён не супраць. Ёсць выдатны партрэт Авілава, ёсць серыя з пяці палотнаў «Віцебск – радзіма Шагала» ды і яшчэ шмат чаго, толькі няма пакупнікоў.

Гэта бяда не толькі майго сураз­моўцы, такое ж становішча, гаворыць ён, і ў іншых мастакоў, яго суседзяў на Сурганава. «Трацяковых і Шчукіных цяпер няма», — сумна адзначае ён. Людзі хочуць прыдбаць шэдэўры за капейкі, не разумеючы, што толькі адзін цюбік краскі каштуе не менш за двесце тысяч. Хаця Данцыгу не так даўно пашчасціла: калекцыянер з Масквы прыдбаў у яго некалькі карцін.

Данцыг, нягледзячы на ўзрост і стан здароўя, амаль штодзень ідзе ў майстэрню. Апранае цёплую дублёнку, абувае валёнкі і — за справу. «Сурыкаў ноччу прачынаўся і бег у майстэрню, — мастак праводзіць паралель. – Я ж працую да ночы. Жыву гэтым, атрымліваю асалоду ад мастацтва». Планаў у яго шмат, зараз заняты падрыхтоўкай да юбілейнай выставы, якая адбудзецца восенню ў Нацыянальным мастацкім музеі. Частку экспазіцыі зоймуць карціны з яго фондаў, частка на нейкі час пераедзе туды з майстэрні. Будуць і ўнікальныя работы, якія яшчэ ніхто не бачыў, у тым ліку эцюды часоў яго вучобы ў маскоўскай акадэміі. Будзе шмат работ, прысвечаных Вялікай Айчыннай.

Гэта тэма не адпускае творцу да­гэтуль. І як, скажыце, дзіця вай­ны можа яе забыць? «Беларусь — маці партызанская», «Партызанскае вяселле» — гэта шэдэўры на стагоддзі. Шмат гадоў ён выношвае ідэю напісаць Трасцянец, сосны з жоўтымі таблічкамі з імёнамі загінуўшых, выявы іх родных…

Ці не таму ў яго карцінах заўсёды ёсць чырвоны колер? Без яго, лі­чыць мастак, карціна як мёртвая, але як толькі, хоць штрыхом, з’яў­ляецца чырвоны, яна тут жа ажы­вае. Данцыг і ў восемдзесят пяць не здраджвае сваім прынцыпам. На­ват калі і эксперыментуе, то толь­кі ў межах рэалізму.

— Няма нічога лепшага за рэа­лістычнае мастацтва, — упэўнены ён. — Веласкес, Рэмбрант, Рафаэль, 

Мікеланджэла пакінулі нам у спадчыну вялікія творы. На іх і трэба вучыцца, раўняцца. Рэалізм — гэта само жыццё. Хай і не заўсёды салодкае.

Рыгор СІТНІЦА, старшыня Беларускага саюза мастакоў:

— У нашай уласнасці трыста майстэрняў, яшчэ сто пяцьдзясят мы арэндуем у горада, і ўсе мастакі знаходзяцца ў складаным становішчы. Справа ў перакрыжаваным субсідзіраванні: мы прыраўнаваныя да прамысловых прадпрыемстваў, за электрычнасць і цяпло мы плацім, як, напрыклад, трактарны завод. Вось і атрымліваецца, што за месяц у мастакоў набягае больш за чатыры мільёны. Я разумею Мая Вольфавіча: гэтая майстэрня — яго жыццё, там захоўваюцца дзясяткі яго карцін і яму няма куды з імі пайсці. Але ніякіх ільгот для мастакоў не прадугледжана. Беларускі саюз мастакоў — арганізацыя небагатая, але са сваіх сродкаў мы часткова кампенсуем аплату майстэрань ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Віктару Грамыку, Леаніду Шчамялёву і іншым.

Ад рэдакцыі

На наш погляд, сітуацыя дзіўная і незразумелая. Давайце зададзім пытанне і самі ж паспрабуем на яго адказаць: няўжо горад з немалым і прыбытковым бюджэтам не можа кампенсаваць заслужаным мастакам выдаткі на ўтрыманне майстэрняў, якія для творчых людзей болей, чым дом. Адказ на гэта пытанне мы спадзяёмся атрымаць ад кіраўніцтва Мінгарвыканкама.

Наталля СЦЯПУРА

stepuro@rambler.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter