Непрыручаная птушка Палесся

У Акадэміі навук прайшла вечарына да 65-годдзя Яўгеніі Янішчыц

Радок з верша Яўгеніі Янішчыц «А ўсё таму, што родам з лістападу...» даў назву вечарыне, прысвечанай 65-годдзю вядомай беларускай паэтэсы. Арганізатарамі мерапрыемства, якое адбылося ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў рамках праекта «Апякункі паэтычных нябёсаў», выступілі Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры і Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі.

Як адзначалася ў выступленнях сяброў, аднакурснікаў, калег, родных і добрых знаёмых Яўгеніі Янішчыц, яна назаўсёды засталася ў свядомасці аматараў паэзіі «непрыручанай птушкай Палесся». Яе талент сягаў высока ў неба, у той жа час як душа была злучана з зямлёю, сваім краем, з роднымі мясцінамі. Радзіма, Беларусь, дзяцінства — вось тыя крыніцы, якія поўнілі духоўнай энергіяй яе лірыку. Як адзначыў паэт Васіль Жуковіч, «...Жэня здолела перадаць складаны і зменлівы стан чалавечай душы, дзе сутыкаюцца святло і морак, захапленне і расчараванне, радасць і туга, надзея і адчай. Усё ў яе творах глыбока ўражвае».

У экспазіцыі выстаўкі, якую падрыхтавалі да вечарыны, былі прадстаўлены першыя публікацыі паэтэсы ў літаратурных зборніках, першыя паэтычныя зборнікі «Снежныя грамніцы», «Дзень вечаровы». Сярод экспанатаў дэманстраваліся таксама апошнія кнігі Я. Янішчыц — «Каліна зімы» і «У шуме жытняга святла», сучасныя публікацыі, перавыданні яе твораў. Яе вершы перакладзены на англійскую, балгарскую, грузінскую, літоўскую, рускую, нямецкую, французскую і іншыя мовы свету, але Янішчыц і сама была цікавым перакладчыкам. На выстаўцы былі прадстаўлены яе пераклады на беларускую мову твораў рускіх, украінскіх аўтараў, а таксама літаратурна-крытычныя артыкулы. Асобны раздзел выстаўкі быў прысвечаны жыццёваму і творчаму шляху паэтэсы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter